«Мона Ліза» крыжыкам

Майстрыха з Бабруйска крыжыкам вышыла нават Джаконду

У кватэры Тамары і Вячаслава Драчовых на сценах — карціны з выявамі лікаў, асоб, нацюрморты. Адразу нават не здагадаешся, у якой тэхніцы выкананы палотны, а калі прыгледзішся да яркіх фарбаў, іх тонаў і паўтонаў, здзіўленне і захапленне майстэрствам не пакідаюць. Бо ўсе яны створаны вышывальнай нітачкай і іголачкай, якія тысячы разоў перакрыжаваліся дзякуючы ўмелым рукам.

— Першую сваю вышыўку я зрабіла гадоў у сем. Мама паказала, я і вышыла домік і пеўня на штыкетніку ля яго, — узгадвае Тамара Рыгораўна і працягвае: — Але гэта не захапіла мяне. Хатняя вясковая работа, вучоба не пакідалі часу для забавы. Потым — дарослае жыццё з неабходнасцю атрымання адукацыі, стварэння сям’і, клопатамі аб мужу і дзецях. Толькі пасля таго, як усё вызначылася і ўсе сталі на свае ногі, я вярнулася да занятку дзяцінства. Зноў жа падахвоціла мама, сказала, што нейкія сцены ў яе хаце пустыя…

Сёння і вясковы дом Валянціны Антонаўны, і бабруйскую кватэру яе дачкі і зяця ўпрыгожваюць работы на сакральныя тэмы, удалыя партрэты, раскошныя нацюрморты. А яшчэ яны трапілі ў Расію, Украіну, Ізраіль, не кажучы пра Беларусь, бо за апошнія восем гадоў майстрыха стварыла іх больш за сотню. Цікава, што прадала яна толькі адну работу — «Палявыя кветкі», астатнія падарыла людзям, якія ёй падабаюцца.

— Ёсць у мяне сяброўка Алена Анатольеўна. Да яе юбілею вырашыла зрабіць сюрпрыз. Паўгода працавала, і яе партрэт, лічу, атрымаўся. Сёння на яго звяртаюць увагу наведвальнікі яе рабочага кабінета, цікавяцца, які мастак так намаляваў. А як разбяруцца, што гэта не жывапіс, толькі зачароўваюцца, — з задавальненнем расказвае Тамара Рыгораўна. — Самай жа ўдалай работай лічу «Джаконду» паводле матываў Леанарда да Вінчы. А найбольш часу — два гады — спатрэбілася для стварэння «Сілы веры». Ёсць задума вышыць сімвалічную карту Беларусі, зрабіць партрэт нашай сям’і.

Фота: Аляксандр КАЗАК

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter