
На Ганцаўшчыне, у самабытным кутку Беларускага Палесся, павага мясцовых людзей да калядных традыцый продкаў адчуваецца вельмі выразна. Сярод іншага папулярызацыі існуючай у гэтым краі фальклорнай абраднасці шмат у чым спрыяе дзейнасць раённага Дома рамёстваў. Прычым даволі паспяхова. У 2010 годзе за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне да традыцыйнай культуры моладзі калектыў установы ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.
— Нашыя продкі заўсёды з нецярпеннем чакалі Каляды і таксама спадзяваліся на цуд, — расказвае дырэктар Ганцавіцкага раённага дома рамёстваў Ала Занька. — Толькі вось традыцыі святкавання раней былі трохі іншымі, чым сёння. Адно з галоўных дзеянняў, якія бралі пачатак яшчэ з паганскіх часоў, — калядаванне. Моладзь збіралася разам, пераапраналася ў жывёл і птушак і з песнямі хадзіла па вёсцы. Лічылася, што вяселле і шумлівыя гулянні могуць напалохаць злыдняў, павылазіўшых з таго свету, ды аберагчы людзей ад іх.

У залежнасці ад мясцовасці, па словах Алы Занька, на калядаванне маглі пераапранацца ў самых розных жывёл: мядзведзя, карову, казу ці каня. Менавіта на Ганцаўшчыне калядоўшчыкі часцей за ўсё хадзілі з так званай «казой», якая ўвасабляла дабрабыт, урадлівасць і багацце. Яе ролю выконваў чалавек у масцы, апрануты ў вывернуты кажух, — як правіла, найбольш вёрткі і гаваркі хлопец з кампаніі.
Калядоўшчыкі таксама насілі з сабой зорку: у памяць аб Віфлеемскай, што засвяціла на небе, калі нарадзіўся Хрыстос. Звычайна рабілі яе пяці- ці васьміканцовай, аздаблялі каляровай паперай, бліскучымі стужкамі і тканінай. У цэнтры зоркі наклейвалі абразок, малюнак, персанажаў батлейкі.

— З гэтымі сімвалічнымі атрыбутамі хлопцы і дзяўчаты хадзілі па хатах і прыгожа, з песнямі і гумарам віншавалі гаспадароў, — адзначае дырэктар Дома рамёстваў. — Тыя ж звычайна адорвалі калядоўшчыкаў салам, каўбасой, цукеркамі і іншымі прысмакамі. Ну а калі хтосьці ўпарціўся і не хацеў аддзячыць гасцей, то мог пачуць у нашых вёсках у свой адрас: «Каб у вашай хаце не было, што даці, каб толькі бегалі куры па хаце». Такое нядобрае пажаданне з'явілася невыпадкова: толькі самыя бедныя гаспадары трымалі курэй у хаце. Альбо: «Не дасі каляды — тваю карову з'ядуць авады».

Дарэчы, непасрэдна з каровамі ў Ганцавіцкім, як і ў многіх іншых раёнах Беларусі, звязана яшчэ адна калядная традыцыя. Звычайна ў Шчодрык сяляне клалі пад абрус святочнага стала сена, якое пасля вячэры скормлівалі каровам. Гэта павінна было зберагчы іх ад ваўкоў і паспрыяць павелічэнню надояў малака.
— Нягледзячы на цяжкае жыццё, нашыя продкі ўмелі святкаваць і весяліцца, — падкрэслівае Ала Занька. — Яны добра разумелі, што як год сустрэнеш, так яго і правядзеш. А каб сустрэць яго добра, яны не толькі праз абрады звярталіся да дапамогі нейкіх міфічных сіл, але і ў першую чаргу імкнуліся на Каляды не сварыцца і адносіцца адзін да аднаго са шчырасцю і шчодрасцю. Напэўна, у гэтай мірнай сутнасці і крыецца галоўная мудрасць калядных свят. І мы павінны імкнуцца зберагчы гэтыя добрыя, мірныя традыцыі, перадаць іх сваім дзецям і ўнукам.



