
У пошуках скарбу
Насамрэч да сэкандаўскага адзення я стаўлюся прадузята. Так, належу да сорту людзей, якія такімі рэчамі грэбуюць. Па-першае, ніколі не разумела, як можна даношваць за кімсьці, ды яшчэ зусім незнаёмым чалавекам. Па-другое, заўсёды здзіўлялася, як сярод безлічы неўпарадкаванага барахла (прабачце, але інакш цяжка назваць рэчы на барахолках) можна знайсці штосьці сапраўды якаснае і моднае. Па-трэцяе, заўсёды насцярожвала пытанне санітарыі.
Напоўненая стэрэатыпамі і прадузятасцямі, вырашыла апошні раз пераканацца ў сваёй праўдзе. Для гэтага выправілася ў тур па барахолках і сэкандах. А каб не ўдарыць у гразь тварам, узяла эксперта з шасцігадовым вопытам па такіх экскурсіях — Жэню. Нашай мэтай было падабраць некалькі прыстойных камплектаў адзення для працы і адпачынку.
Першай кропкай падарожжа стала, безумоўна, найбольш танная і папулярная барахолка ў краіне — Лябяжы рынак. Працуе ён штодзённа, за выключэннем панядзелка. Выпраўляемся ў шлях на электрычцы. На гадзiннiку 12.00. Насамрэч гэта пазнавата для таго, каб падабраць штосьці вартае.
— Калі была маленькай, лічыла, што сэкандаўскае адзенне — адстой. Мама калі-нікалі купляла там танныя рэчы, а я нават у вёску не хацела іх апранаць. З часам мая прадузятасць прайшла, — дзеліцца ўспамінамі Жэня. — У старэйшых класах школы я выпадкова натрапіла на шыкоўную сукенку ў сэкандзе. Яна аказалася настолькі якаснай, што цягаю яе і сёння. Сукенку знакамітай гандлёвай маркі набыла, як цяпер памятаю, за 3 рублі на цяперашнія грошы.
Пад’язджаем да рынку і ўжо бачым гандлёвыя кропкі з барахлом. З вышыні чыгуначных пуцей бачна толькі рознакаляровая пярэстасць.
— Добра, што ты сукенку апранула, будзе лягчэй прымяраць, — рыхтуе да непазбежных «атракцыёнаў» сяброўка.
Праз пятнаццаць хвілін падыходзім да першых радоў з барахлом. Прадаўцы ўжо паціху збіраюць адзенне — трэба было ехаць зранку. З розных бакоў гучыць музыка: у адных іграе рэп, другія папсу слухаюць, трэція наогул самі нешта пяюць пад гітару. «Адзенем алігарха ўсяго за 50 капеек», — даносіцца гучны мужчынскі голас аднекуль з глыбіні гандлёвых радоў.
Пачынаем з першых. Тут за адзінку — 3 рублі. Дарагавата пры такой канкурэнцыі і для такога месца.
— Паспрачаемся, у мяне аднаго больш адзення, чым у вас абе- дзвюх, разам узятых, — спрабуе ўзяць нас на понт дваццацігадовы прадавец. Але мы не вядзёмся: я толькі прыглядаюся, а Жэня інтэнсіўна засоўвае рукі ў кіпу з разнашэрсным адзеннем і выцягвае па адной рэчы, пільна ўзіраючыся і адкідваючы наверх усё лішняе.

На дзіва, яны добра садзяцца і нават нядрэнна выглядаюць
З горам папалам я прымяраю спадніцу з блузай. На дзіва, яны добра садзяцца і нават нядрэнна выглядаюць. Аднак пераапрананне ў палявых умовах выбівае мяне з каляіны: холадна, плюс амаль ва ўсіх навідавоку. Таму васільковую шаўковую сукенку, якую прыгле- дзелі ўжо ў іншага прадаўца таксама за 3 рублі, прымяраць адмовілася.
Насамрэч тут можна было знайсці ўсё: ад куртак і плашчоў па 5 рублёў да шкарпэтак за рубель. Цана на жаночыя шорты, «каб усё было відаць» (як заўважыў прадавец), увесь час стаяла нязменная — цэлых 8 рублёў.
У апошнія паўгадзіны гандлю прадаўцы надзвычай лаяльныя. Адны робяць зніжку ўдвая. Так, Жэня купляе зеленаваты сарафан на ажурных шлейках ад знакамітай маркі. Усяго за рубель! Праўда, з дзвюма маленькімі дзірачкамі на «пятай кропцы». Другія ладзяць выгадныя акцыі накшталт «адна адзежына — 2 рублі, тры — за 5».
Пайсці ў магазін і вярнуцца цэлым
У дрэнным настроі і цалкам абяссіленая, хачу кінуць увесь гэты эксперымент. Але тут сяброўка дае мне галоўную параду для любога шопінгу: галоўнае, быць цярплівай. Тур па танным адзенні працягваем першым сэканд-хэндам, які трапляе на вочы.
«Увага! Новае паступленне» — такой шыльдай сустракае магазін. А за яго дзвярыма крыху жудасная карцінка: жанчыны сталага ўзросту выдзіраюць адна ў адной майку, дзяўчына перахапіла чырвоныя басаножкі на абцасах у даўжэзнай чаргі да дзвярэй.
— Давай знойдзем спакайнейшае месца, — Жэня выводзіць мяне, крыху ашаломленую. — Пры новых паступленнях рэчы адносна дарагія. Людзі сапраўды б’юцца за іх, асабліва калі справа датычыцца абутку. Натуральны абутак тут каштуе як штучны ў звычайных магазінах. Мяне не здзіўляе такі ажыятаж. Я лічу, уласны стыль можна знайсці толькі на барахолках. Рэчы з мас-маркетаў купляюць многія, а рэч з сэканда — эксклюзіў. А сэнс у тым, што траціш на яе капейкі.

Незаўважна падышлі яшчэ да аднаго сэканда. Тут на сонцы пераліваецца надпіс: «Распрадажа. Усё па 50 капеек». Я ў гэта не паверыла. А ў Жэні загарэліся вочы, яна кінулася ў магазін са словамі: «Не магу дачакацца, калі дабяруся да шмотак!»
Цуд, але мы правялі тут каля дзвюх гадзін! Час прабег незаўважна. Я сапраўды захапілася працэсам. Сваю ролю сыгралі цывілізаваныя прымерачныя і акуратна развешанае адзенне. Не паспела азірнуцца, як на адной руцэ Жэні звісала куча адзежы для прымеркі, а другой яна шпарка перасоўвала скрыпучыя вешалкі і за паўсекунды ацэньвала ўбор.
Пасля некалькіх няўдалых спроб падабраць штосьці выключнае справа пайшла на лад. Выдатна падышлі некалькі штаноў і блуза з жакетам. Яшчэ я знайшла дзве майкі ад знакамітай фірмы, за якія ў мас-маркеце аддала б усе 10 рублёў.
Нам пашанцавала: патрапілі на акцыю «купі тры рэчы — чацвёртая ў падарак». На касе стаю з чатырма адзінкамі гардэроба. За ўсё аддаю 1 рубель 85 капеек. У Жэні аж дзевяць рэчаў усяго за 3 рублі 33 капейкі.
Па сутнасці, звычайны паход па магазінах скончыўся прыемнымі неспадзяванкамі. Адкінуўшы ўсе перадузятасці і спрэчныя моманты, я ўсё ж такі пагаджаюся: на барахолках можна адшукаць якасны тавар. Аднак для гэтага прыйдзецца старанна папацець. Вынік, несумненна, узрадуе не толькі таннымі цэнамі, але і эксклюзіўнасцю рэчаў. А гэта, пагадзіцеся, вельмі чапляе.
Фота Антаніны ХАТЭНКА