Вопратка ад майстэрні “Родны кут” карыстаецца попытам

Мода сваімі рукамі

Антон Талашко мала падобны да сваіх аднагодкаў. Яму няма справы да сучасных гаджэтаў, а матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў яго не цікавяць зусім. 23-гадовы малады чалавек, скончыўшы ВНУ ў Гомелі, вырашыў вярнуцца ў родную Маларыту. “Грошы для мяне — не галоўнае. Значна важней займацца тым, што прыносіць задавальненне”, — прызнаецца Антон.



На малой радзіме ён выкладае электратэхніку ў сельскагаспадарчым ліцэі, а ўвесь вольны час праводзіць у музеях або за вышывальнай машынкай. Яго галоўны інтарэс — нацыянальныя беларускія ўзоры, якія ён пераносіць на футболкі, талстоўкі, фартухі. Антон перакананы, што аўтэнтычнае можа быць сучасным. І, гледзячы на яго работы, з ім складана не пагадзіцца.

— Месяцаў восем назад на выставе я ўбачыў папулярныя “вышымайкі”. Ідэя мне спадабалася, захацелася зрабіць нешта сваё, — расказвае малады чалавек. — Рабіць прынты на майках — вельмі проста і нецікава. Таму я вырашыў наносіць на вопратку беларускія ўзоры пры дапамозе вышывальнай машынкі. Карыстацца ёй я не ўмеў, і дапамога маці была вельмі дарэчы. Сабе я паставіў задачу рабіць не проста прыгожыя рэчы, але і прапагандаваць багацце і разнастайнасць беларускага касцюма.

Спачатку Антон звярнуў увагу на традыцыйныя кашулі, аднак ад гэтай ідэі адмовіўся — хацелася рабіць нешта аўтэнтычнае, але пры гэтым зручнае і сучаснае. Аказалася, беларускія ўзоры выдатна глядзяцца на паўсядзённым адзенні. Па ідэі для сваіх работ Антон адправіўся ў Маларыцкі раённы цэнтр народнай творчасці.

— Пражыўшы ўсё жыццё ў Маларыце, я быў там усяго два або тры разы. Нават падумаць не мог, колькі ў нашым цэнтры творчасці ўсяго цікавага! Маларыцкі строй адзення вельмі самабытны. Адкрыйце любую кнігу па гісторыі беларускага касцюма, і вы абавязкова прачытаеце пра Маларыту. Да прыкладу, на “Дажынках” наш рэгіён прадставіў каля 80 розных касцюмаў. Дзіўна, але сярод іх толькі два мужчынскія, — усміхаецца Антон.


Аўтар незвычайнай лінейкі вопраткі фатаграфуе ўзоры і арнаменты ў музеях, шукае іх у інтэрнэце, у тэматычнай літаратуры, а затым пераносіць у камп’ютар пры дапамозе спецыяльнай праграмы. Гэта ручная, карпатлівая праца. “Штораз, працуючы над тым або іншым узорам, я дзіўлюся таленту і цярпенню нашых майстроў. Мне складана нават уявіць, колькі часу ў іх ішло на стварэнне аднаго ўзору. Відаць, у асноўным тварылі ўзімку, калі ў полі работы не было шмат”, — лічыць Антон.

На вышыўку адной футболкі ў яго ідзе каля трох гадзін. Усяго ж малады чалавек “аблічбаваў” амаль 130 беларускіх узораў. Антон Талашко гаворыць, што кожная рэч яго — унікальная: “Футболкі практычна не паўтараюцца. Яны зусім розныя. Кожная вышытая рэч — адзінкавы, эксклюзіўны тавар”.

Вопратка ад майстэрні “Родны кут” карыстаецца попытам. Яе заказваюць праз інтэрнэт, купляюць на выставах і канцэртах. Рэчы ад маларыцкага энтузіяста набываюць людзі рознага ўзросту з усіх куткоў краіны і нават з-за мяжы.

Антона мода на беларускія рэчы радуе і натхняе: “Мне ўдвая прыемна, калі чалавек адзявае нейкую рэч з беларускім арнаментам усвядомлена, а не проста таму, што гэта стала модна. Калі ён разумее, што ўзоры, арнамент — гэта частка нашай гісторыі, гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў, дзе б яны ні жылі. Прыемна, калі ў людзей ёсць іншыя інтарэсы і мэты ў жыцці, акрамя як набыць апошнюю мадэль тэлефона”.

Нядаўна маларытчанін пад заказ белымі ніткамі вышываў узоры на белай вясельнай сукенцы. Гэтую ідэю ён падгледзеў, зноў жа, у маларыцкім цэнтры творчасці. Атрымалася не толькі прыгожа і самабытна, але і адносна нядорага. Ва ўсякім разе, значна танней, чым вясельныя ўборы з салонаў.

Зрэшты, сам Антон лічыць сваё захапленне не бізнесам, а хутчэй сацыяльным праектам. На майках з прынтамі зарабіць значна прасцей. Але мэты ў маладога чалавека іншыя: “Людзі адыходзяць. Губляецца іх майстэрства, перарываюцца традыцыі. Мне хочацца іх захаваць і данесці да кожнага: у нас вельмі багатая культура. На жаль, многія нават не падазраюць аб гэтым”.


Дасье

Антон Талашко, 23 гады, выпускнік Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В. Сухога. Выкладае электратэхніку ў Маларыцкім сельскагаспадарчым ліцэі. Сёлета стаў рамеснікам і заснаваў майстэрню “Родны кут”.

Выйграў грант Праграмы развіцця ААН на рэалізацыю сацыяльнага праекта — захаванне і пашырэнне беларускіх арнаментаў, вытворчасць самабытнага адзення для спартыўных клубаў, дзіцячых каманд і гэтак далей.

Меркаванне эксперта


Валянціна СТРУНЕЦ, дырэктар Маларыцкага раённага цэнтра народнай творчасці:


— Тое, што робіць Антон Талашко, у мяне выклікае адабрэнне і глыбокую павагу. У апошні час да беларускіх узораў і арнаментаў мала хто праяўляў жывую цікавасць. Традыцыйная беларуская вопратка ўспрымалася як нешта нафталінавае, з бабульчынага куфра. Антон жа сваімі работамі наглядна дэманструе, што і аўтэнтычнае можа быць сучасным. Удвая прыемна, што вопратка з традыцыйнымі беларускімі ўзорамі становіцца ўсё больш папулярнай сярод моладзі.

Павел Лосіч

Узоры для пояса


Ткачыхі з Магілёўскай вобласці працуюць над самым доўгім поясам у Беларусі “Нашы майстры маюць намер упрыгожыць пояс новымі арнаментамі, узорамі, апрабаваць новыя прыёмы ткацтва, выяўленыя падчас этнаграфічных экспедыцый у сваіх раёнах.


Фота: БелТА

Гэта будзе не проста работа над поясам, а яшчэ і майстар-класы для жадаючых наву­чыцца такому старажытнаму традыцыйнаму для Магілёўскай вобласці рамяству”, — адзначыла старшыня магілёўскага Саюза народных майстроў Наталля Дамінікава.

Летась падчас абласнога семінара па ткацтве майстрыхі заклалі асновы будучага рарытэта. Цяпер даўжыня пояса складае 35 метраў, а шырыня палатна 15 сантыметраў. Да свята “Купалле”, якое традыцыйна праходзіць у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна ў пачатку ліпеня, даўжыня пояса павінна перасягнуць ужо 50 метраў. Для таго, каб усё атрымалася, майстры з розных куткоў вобласці будуць прыязджаць кожны месяц у Магілёў і прадаўжаць работу над поясам.

Выстава-прэзентацыя гэтага ўнікальнага вырабу будзе праходзіць, як і летась, на свяце “Купалле”. Мяркуецца, што там госці змогуць не толькі палюбавацца на пояс, але і пры жаданні ўнесці ўклад у яго ткацтва. А з дапамогай майстрых — авалодаць сакрэтамі гэтага старадаўняга рамяства.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter