Белорусских деятелей искусства наминировали на Премию Союзного государства

Многа песень, мала прэмій

Спецыяльныя дыпломы ўручаны чатыром намінантам ад нашай краіны на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва
Спецыяльныя дыпломы ўручаны чатыром намінантам, якія вылучаны ад нашай краіны на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2015—2016 гады. Хто прэтэндуе на прэстыжную ўзнагароду?



У ліку праектаў-намінантаў — помнік Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Аўтар ідэі — настаяцель Усіхсвяцкага прыхода ў Мінску протаіерэй Фёдар Поўны. Скульптар — Уладзімір Слабодчыкаў. Архітэктар — Ігар Марозаў.

Манумент сімвалізуе вялікі ўклад Свяцейшага Патрыярха ў духоўнае адраджэнне і яднанне Беларусі і Расіі на тым агульным шляху стварэння, які яны выбралі. Як расказаў айцец Фёдар, думка ўстанавіць помнік менавіта каля храма Усіх Святых у Мінску з’явілася невыпадкова. Свяцейшы Патрыярх, як і кіраўнік нашай дзяржавы, быў апекуном будаўніцтва гэтага храма-помніка, у 1991 годзе ён заклаў першы камень у яго падмурак. І ў апошні свой візіт у нашу краіну ў 2008 го-дзе наведаў храм-помнік, асвяціў яго.

«Памяць сэрца», «Хатынь», «Калі б камяні маглі гаварыць», «Майскі вальс» — гэтыя і многія іншыя песні народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка добра ведаюць і ў нашай краіне, і ў Расіі. Цыкл больш чым з 20 патрыятычных кампазіцый, якiя апяваюць братэрства двух народаў, у год 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне адабраны экспертамі для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы.

Неяк кампазітар Алег Елісеенкаў прапанаваў паслухаць сваю новую песню на вершы Івана Юркіна кіраўніку ансамбля «Сябры» Анатолю Ярмоленку. Спеваку імя паэта тады нічога не сказала, але верш адразу спадабаўся, і ён тут жа прапанаваў аўтару напісаць яшчэ з дзясятак тэкстаў для будучых песень. Так з’явіўся альбом «Дзе каліна цвіла», трое стваральнікаў якога — у прэтэндэнтах ад нашай краіны на ўзнагароду.

На канцэртах Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Ціто-віча аншлагі заўсёды. Сёння гэты калектыў — прызнаны лідар народнага харавога мастацтва, сапраўдная творчая лабараторыя, збіральнік і захавальнік нацыянальнай музычнай спадчыны. Хору больш за 60 гадоў. І вось ужо на працягу 40 гадоў ім кіруе Міхаіл Дрынеўскі — народны артыст Беларусі, выдатны дырыжор, фалькларыст і яшчэ адзін намінант на атрыманне прэміі Саюзнай дзяржавы.

З улікам таго, што прэмій толькі тры, а прэтэндэнтаў шэсць: чатыры прапановы вылучана ад нашай краіны і дзве — ад Расіі, прычым усе — вартыя адзнакі, — экспертнай радзе будзе няпроста зрабіць выбар.

Вердыкт вынесуць восенню. Сума грашовай прэміі складае 5 мільёнаў расійскіх рублёў. Уручэнне ўзнагарод па традыцыі пройдзе ў будучым го-дзе на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва прысуджаюцца адзін раз у два гады, пачынаючы з 2002-га. За гэты час уладаль-нікамі прэстыжнай адзнакі ад нашай краіны станавіліся драматург Аляксей Дудараў, пісьменнік Іван Шамякін, мастакі Міхаіл Савіцкі, Леанід Шчамялёў, Георгій Паплаўскі, акцёры Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Гасцюхін, дырыжор Міхаіл Фінберг, скульптар Іван Міско і іншыя вядомыя майстры культуры.

У тэму

Расійскімі намінантамі на прэмію экспертнай радай адабраны мастацкі кіраўнік Вялікага сімфанічнага аркестра iмя П.І. Чайкоўскага Уладзімір Федасееў з праектам «Песні ваенных гадоў» і народны артыст Расіі Алег Іваноў, аўтар песеннага цыкла, які ўключае шэраг вядомых кампазіцый, сярод іх — знакамітыя «Алеся», «Завалинка», «Печкі-лавачкі».

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter