«Мне толькі 82!»

Жанчына з нябесна-сінімі вачыма сарамліва хавае парэпаныя за гады працоўнага жыцця рукі. І няхай у вёсцы Яніна Шорэц засталася адна-адзінюткая — жыхары паўміралі ці параз’язджаліся, пакідаць родныя Курылавічы Пастаўскага раёна жанчына не спяшаецца. Тут прайшлі яе лепшыя гады жыцця.

Яніна Шорэц на зіму паедзе да дачкі ў Паставы і будзе сумаваць без вёскі...

Жанчына з нябесна-сінімі вачыма сарамліва хавае парэпаныя за гады працоўнага жыцця рукі. І няхай у вёсцы Яніна Шорэц засталася адна-адзінюткая — жыхары паўміралі ці параз’язджаліся, пакідаць родныя Курылавічы Пастаўскага раёна жанчына не спяшаецца. Тут прайшлі яе лепшыя гады жыцця.

— Чаму я павінна тут адна сумаваць? Да мяне два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, так што і цукар, і хлеб свежы, і каўбаса даступныя. Прадуктаў прыкуплю ды з людзьмі пагаманю, — расказвае Яніна Тадэвушаўна. — Паштальёнка кожны раз прыносіць “раёнку”, так што апошнія мясцовыя навіны я ведаю. Што дзеецца ў Беларусі ці за мяжой — таксама для мяне не сакрэт: ёсць тэлевізар.

Дату прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 82-гадовая грамадзянка ведае дакладна. І на галасаванне абавязкова паедзе.

— Калі парламенцкія выбары праходзілі, дык старшыня Юнькаўскага сельсавета прыязджала за мною асабіста. У Юнькі адвезла, каб я прагаласавала, і даставіла дадому. Прыемна, што і мой голас улічылі, — расказвае курылаўчанка.

Яніна Шорэц нарадзілася ў Курылавічах, тут жа і сустрэла сваё першае і на ўсё жыццё адзінае каханне — мужа Мікалая. Па маладосці працавала і паштальёнкай, і ў лясніцтве, і ў бліжэйшым калгасе «Знамя Победы». Нарадзіла дачку і двух сыноў.

— Мая дачушка Таня жыве ў Паставах, Толік працуе на ферме ў тым жа калгасе, дзе калісьці працавала я. А другі сын — Федзя — трактарыст у лясгасе, — з гонарам расказвае жанчына.

Дзеці ніколі не забываюць пра яе — заязджаюць часта: то лекі з горада прывязуць, то гарадскіх прысмакаў. А дачка Таццяна на зіму хоча забраць матулю ў Паставы — каб спакайней за родную было. Зіма можа быць сіверная — як пакінеш маці адну?! Яніна Тадэвушаўна ўжо зараз хвалюецца: як яна без вёскі, без яе любімых курачак і казы пражыве, а гародчык — хто яго будзе засаджваць?

— Дзень пажылых — не, гэта не маё свята. Якая ж я пажылая? Мне толькі 82! Я яшчэ столькі ж пражыць хачу! — жартуючы, гаворыць жанчына. — А насамрэч добра было б, каб пра ўсіх пажылых не забывалі. Я жыву адна-адзінюткая ў вёсцы, але не забытая — ні дзяржавай, ні сваімі дзеткамі. Шчасце ў гэтым і ёсць.

Наталля СЕРГУЦ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: Яніна ШОРЭЦ не забытая ні дзяржавай, ні сваімі дзеткамі.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter