Журнал «Полымя» удивляет документальной прозой и литературоведческими открытиями

Мiж агменем i аблокамi

Першы нумар часопiса «Полымя» выйшаў у 1922 годзе, i пачынаўся ён вершам Цiшкi Гартнага «Па дарозе да будучынi»: «Аб ёй адной няўмоўчна мы гаворым...» 

З таго часу лiк нумароў перавалiў за тысячу. Чым сёння жыве выданне, якое наблiжаецца да векавога юбiлею? Пра гэта мы гутарым з галоўным рэдактарам «Полымя», пiсьменнiцай, тэатральным крытыкам Аленай Мальчэўскай. 


— Цi ўдалося апошнiм часам парадаваць чытача?

— Так, бо я i сама вельмi парадавалася гэтай публiкацыi… Маю на ўвазе ўспамiны нашага выбiтнага беларускага фiлатэлiста Льва Коласава. У дзяцiнстве ён перажыў фашысцкую акупацыю ў Лунiнцы. А за некалькi дзён да вызвалення горада яго сям’ю вывезлi ў працоўны лагер у Германiю. Успамiны называюцца «Прынясi малаток!» i распавядаюць пра побыт у тым працоўным лагеры, аднаўляючы яшчэ адну старонку памяцi пра вайну. Чытаць надзвычай цiкава, бо ў аўтара ўнiкальнае светабачанне. Ён фiксуе шмат дэталяў, i чытач можа ў падрабязнасцях усё ўявiць: чым украiнскiя дзяўчаты ўпрыгожвалi сваё жыллё ў нямецкiм палоне, як сам аўтар, хлопчык, быў пакараны за маркi, як працаваў афiцыянтам за недаедзеную ежу, каб выжыць. Дакументальны кiрунак, дарэчы, сёння адзiн з самых прыярытэтных у лiтаратуры, i ён прадстаўлены ў нашым часопiсе ва ўсёй разнастайнасцi. Напрыклад, гэта дзённiкавая проза пiсьменнiкаў — у кожнага аўтара зусiм па-рознаму адбываюцца стасункi з рэальнасцю, згадаць таго ж Уладзiмiра Сцяпана з мiнiяцюрамi на мяжы нон-фiкшна i мастацкай прозы. Шмат водгукаў мы атрымалi на апублiкаваную ў № 5 — 6 бiяграфiчную аповесць пiсьменнiцы Таццяны Мушынскай пра яе бацьку, вядомага лiтаратуразнаўцу Мiхася Мушынскага. 
Успамiны вядомага фiлатэлiста Льва Коласава адкрываюць новую старонку памяцi пра вайну.
— У вашым выданнi заўсёды друкавалася i шмат навуковых артыкулаў.

— Так, таму што з лiтаратурна-мастацкiх наш часопiс — адзiны вакаўскi, гэта значыць, публiкацыi ў iм улiчваюцца Вышэйшай атэстацыйнай камiсiяй пры абароне дысертацый. Але адразу скажу, i навуковыя артыкулы арыентаваныя на чытачоў — яны часам захапляльней мастацкай прозы. Напрыклад, вядомы навуковец Мiкола Трус, якi працуе намеснiкам галоўнага рэдактара нашага часопiса, надрукаваў у свежым нумары артыкул «Беларуская лiтаратура ў ЗША (пачатак ХХ ст.): архiўныя знаходкi i канцэптуальна новы культуралагiчны дыскурс». Там распавядаецца, як стагоддзе таму iмёны Купалы, Коласа, Багдановiча, Цёткi, Ластоўскага прагучалi ў ЗША, якiя стасункi мелi беларускiя i амерыканскiя перыядычныя выданнi. А нядаўна мы апублiкавалi артыкул Любовi Ляўшун «Цi можна верыць бiлбордам?», дзе выказваецца гiпотэза адносна дакладнай даты спачыну Еўфрасiннi Полацкай. 

— Вы друкуеце толькi беларускiх аўтараў?

— Не. Сочым за сусветным лiтаратурным працэсам. У рубрыцы «Галасы свету» публiкуюцца пераклады. Напрыклад, у № 10 — фрагмент п’есы маладога польскага драматурга Беньямiна М. Букоўскага пра мастака Ёну Штэрна. Штэрн — адзiн з самых яркiх прадстаўнiкоў польскага мастацкага авангарда пачатку ХХ стагоддзя, чалец знакамiтага аб’яднання «Кракаўская група». Сёння час баёпiкаў, мы гэта бачым i ў кiно, i ў тэатры. Думаю, для многiх пачытаць твор, якi аб’ядноўвае цiкавыя факты i новы падыход да бiяграфiчнай драматургii, будзе вельмi цiкава.
На старонках часопiса «Полымя» можна сачыць i за сусветным лiтаратурным працэсам, i за лiтаратуразнаўчымi адкрыццямi.
— А хто ваш патэнцыяльны чытач?

— У нас некалькi фокус-груп. Па-першае, лiтаратарскае кола, самi пiсьменнiкi. Па-другое — навукоўцы, i выкладчыкi, i студэнты. I, зразумела, простыя чытачы, ад якiх я атрымлiваю лiсты i тэлефанаваннi, тыя, што бяруць наш часопiс у бiблiятэках, выпiсваюць. 

— Як сумяшчаецца з рэдактарскай працай творчая?

— Цяжка. Але я заўсёды гэта раблю. Сярод маiх актыўнасцей застаецца выкладчыцкая дзейнасць, праца тэатральнага крытыка. Хутка паеду ў Новасiбiрск на навуковую канферэнцыю, прысвечаную драматургii ХХ стагоддзя, дзе прадстаўлю беларускую дакументальную плынь у тэатры. Па-ранейшаму захапляе мяне праца над маiмi «паветранымi калонкамi» — аўтарскай рубрыкай у часопiсе OnAir авiякампанii «Белавiа». Мне падабаецца гэты фармат. Чалавек садзiцца ў самалёт — там няма iнтэрнэту, няма асаблiвых заняткаў… I ён бярэ ў рукi бартавы часопiс i сустракаецца з маiмi кароткiмi апавяданнямi. Гэта накладае i адказнасць — сам-насам з чытачом у небе. Я хачу, каб людзi ўсмiхнулiся, прынесцi iм трохi радасцi.

— А нейкая зваротная сувязь ад «паветранай калонкi» ёсць?

— Так. Часта мае знаёмыя, з якiмi не паспяваю бачыцца на зямлi, пiшуць мне ў Фэйсбуку i паведамляюць, што ляцелi ў самалёце i прачыталi калонку. Што тычыцца творчых планаў, некаторыя баяцца iх агучваць, бо раптам не спраўдзяцца, але мне здаецца, што варта агучыць, каб з’явiлася адказнасць напiсаць. Ёсць у мяне задума, блiзкая да нон-фiкшана: аповесць «Жанчына, якая намагалася намаляваць гадзiннiк». Пра што — хай застанецца таямнiцай.

cultura@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter