Кружиться в вальсе на новогоднем балу в Большом театре можно будет до 4 часов утра

Містыка, ды і толькі

Традыцыйна ў ноч на стары Новы год, з 13 на 14 студзеня, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета праходзіць Вялікі баль. Сёлетні — дзясяты. Юбілейная ноч патрабуе нестандартнага падыходу, палічылі арганізатары і зрабілі яе тэмай раман Гастона Леру “Прывід оперы”. Адсюль цікавыя рэжысёрскія хады і тэатральныя рашэнні, заснаваныя на містыфікацыі, ілюзіі, таямніцы, загадцы.


Пачнецца вечар традыцыйным балем, рыхтавацца да якога танцоры пачалі яшчэ восенню. Для тых, хто не меў магчымасці на працягу некалькіх месяцаў хадзіць у тэатр, правядуць курс экспрэс-заняткаў — навучаць асноўным рухам танга, вальса і ча-ча-ча. Другі баль адкрыецца пасля поўначы. Ён будзе больш чым дэмакратычным — гасцей чакае спалучэнне класічнага танца з джазам, свінгам і рок-н-ролам. Тэатральныя фае і калідоры ў гэты вечар ператворацца не толькі ў танцавальную пляцоўку. Тут можна будзе сыграць у шахматы з залатой статуяй, паспрабаваць адгадаць спектаклі падчас мім-віктарыны, зрабіць здымак на памяць у фотабудцы, праявіць вакальныя таленты і праспяваць разам з салістамі Вялікага тэатра класічную арыю, раманс ці джазавую кампазіцыю.

У адну з самых чароўных начэй наведвальнікаў тэатра чакаюць таксама салодкая зона з шакаладным фантанам, снежнае шоу ў духу Славы Палуніна, астролагі, майстры таро, хіраманты, спецыялісты па бодзіграфу, тры музычныя прадстаўленні ў Камернай зале і традыцыйны вялікі канцэрт-сюрпрыз на галоўнай тэатральнай сцэне, які пачнецца роўна ў 12 гадзін ночы. Што рыхтуе на гэты раз галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ, пакуль загадка. Але дакладна вядома, што расчараванняў не будзе.

Паколькі баль пройдзе пад знакам Прывіда оперы, гасцей заахвочваюць прыходзіць у тэатр не толькі ў вечаровых строях, але і ў масках. Уладальніка самай незвычайнай і арыгінальнай маскі пасля поўначы чакае прыз. Традыцыйна будуць узнагароджаны і дзесяць лепшых танцавальных пар, якія адкрыюць баль.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter