
Валодаў мястэчкам князь Вітаўт, які перадаў уладанні брату Жыгімонту. Гаспадарылі тут кашталян віленскі Пётр Сенька Гедыгольдавіч, заможны род Ільінічаў. У 1520 годзе магнаты Ільінічы заклалі падмурак Мірскага замка. Мястэчка набыло статус сталіцы графства і атрымала Магдэбургскае няпоўнае права. Тры з паловай стагоддзі ўладарыў у Міры еўрапейскі род Радзівілаў. Замак умацаваўся трыма бастыёнамі. Перад паўднёвай мураванай сцяной выкапалі сажалку. Паўночны бок збудавання ўпрыгожыў італьянскі парк. Перад уездам паўстала перадбрам’е. На дзядзінцы ў стылі Рэнесансу паўночныя і ўсходнія муры дапоўнілі палацавыя карпусы. Высокія сцены абсталявалі галерэямі з байніцамі.
За рэчкай Міранкай цэнтр мястэчка пяць стагоддзяў таму аздобілі мураваны касцёл Святога Мікалая і праваслаўная Траецкая царква. Пазней з’явілася некалькі арыгінальных па архітэктуры будынкаў сінагог і мячэць. Сядзібныя кварталы засялялі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і канфесій. Татары займаліся агародніцтвам, гарбарствам і рымарствам. Яўрэі гандлявалі і давалі пазыкі. Русіны правілі рамяство. Цыганы гадавалі коней. Да канца васямнаццатага стагоддзя тут жыў цыганскі кароль.

Бываў у Міры Уладзімір Сыракомля і аднойчы пачуў ад тутэйшага пра цікавага паштальёна. Расповед лёг у аснову вядомага літаратурнага твора. Мясцовы каларыт класічна адлюстраваў у паэме “Сымон-музыка” народны пясняр Беларусі Якуб Колас.
Мірская зямля дала свету беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка, палітолага Янку Запруднага, вядомага савецкага кінаакцёра народнага артыста СССР Аляксандра Ільінскага, былога прэзідэнта Ізраіля Залмана Шазора.

За польскім часам Мір стаў цэнтрам гміны, пры савецкай уладзе амаль паўтара дзесяцігоддзі быў райцэнтрам, цяпер мае статус аграгарадка. Тут праходзіла рэспубліканскае свята “Дзень беларускага пісьменства”. Традыцыйным стаў рэгіянальны фестываль мастацтваў “Мірскі замак”.
НА вачах зелянеюць шаты векавых дрэў вакол каменных сцен касцёла Святога Мікалая, праваслаўнай Траецкай царквы. Вось-вось закрасуюць квітнеючай беллю сады. Штогод старажытны Мір наведваюць сотні тысяч турыстаў. Рэкордную колькасць — чвэрць мільёна гасцей — прыняло мястэчка летась. Пераважная большасць пілігрымаў з суседняй Расіі.

Завітаць у гэты куточак, як зазірнуць у чароўны свет мінуўшчыны. Тут моцна пераплятаюцца былое і сучаснасць. Ланцужок новенькіх катэджаў уздоўж уязной дарогі ў пасёлак і побач велічныя муры пяцісотгадовага замка. Кафэ, невялікія рэстаранчыкі, сувенірныя кіёскі і крамы — усё для турыстаў. Усталявана некалькі банкаматаў. У будні кліентаў абслугоўвае аддзяленне Беларусбанка. А ў выхадныя і святы, калі найбольшы паток замежных турыстаў, абмяняць валюту няма дзе. Застаецца гасцям палюбавацца багатай сувенірнай прадукцыяй і нават кавы не паспрабаваць. Аляксандр Маркевіч, які год кіруе Мірскім сельсаветам, адзначае: праблема абмяркоўвалася з кіраўніцтвам банка і будзе хутка вырашана. Турызм поўніць мясцовы бюджэт. Больш як сто трыццаць жыхароў пасёлка заняты на абслугоўванні наведвальнікаў у Мірскім замку.
За апошнія гады адкрыта некалькі прыватных гасцініц, аграсядзіб. Ёсць і прыватны краязнаўчы музей. Але, на жаль, не ўдалося зазірнуць у яго залы, каб паглядзець на абвешчаныя ў рэкламным банеры старадаўнія кнігі, фрагменты Торы з сінагогі, татарскія Караны, тканіны, сталовае срэбра, манеты, некаторыя рэчы з Мірскага замка. Дзверы былі зачыненыя. Задаволіўся ўбачанымі на маленькім дворыку двума рарытэтнымі аўтамабілямі “Победа”.

Каля рэчкі Міранкі мясцовы жыхар Пётр Нарбутовіч завяршае будаўніцтва аграсядзібы “Мірскі падворак”. Гатовы прымаць гасцей прыгожы двухпавярховы дом. Выгараджана пляцоўка для выездкі коней. Варанога і каштанавага скакуноў з любоўю даглядае Таццяна Новікава, якая закончыла Мірскі дзяржаўны прафесійны мастацкі каледж і засталася ў мястэчку. Прыжыўся на падворку і ослік, якога прывезлі з далёкай расійскай правінцыі. Гаспадар Пётр Нікадзімавіч атрымаў у сталічным прэстыжным універсітэце дыплом інжынера-электроншчыка. Вярнуўся ў родныя мясціны, завёў сям’ю і заняўся аграбізнесам. З жонкай Святланай Леанідаўнай выхоўваюць дачку Карыну і двайнят Алесю і Барыса.
Сельвыканкам спрыяе развіццю агратурызму. Аграсядзібы прывабліваюць арыгінальнай кухняй і комплексам паслуг. У мястэчку багатая іншая інфраструктура.

З часоў, калі Мір быў райцэнтрам, захаваліся хлебапякарня, аптэка, сетка магазінаў. Славілася мястэчка арыгінальнымі мяснымі далікатэсамі, што вырабляліся адмысловымі майстрамі. Дзейнічалі каўбасны цэх і маслазавод. Багаты на сялянскія прысмакі базар, што размешчаны паміж будынкамі касцёла, сінагогі і царквы. На мірскія кірмашы, што праводзіліся двойчы ў год, з’язджаліся гандляры не толькі з Вялікага Княства Літоўскага, але і суседніх рускіх, польскіх і нават нямецкіх зямель.
Да жыхароў аддаленых вёсак некалькі разоў на тыдзень курсіруе аўталаўка. Вадзіцель Карэліцкага філіяла Гродзенскага аблспажыўсаюза Уладзімір Міхайлоўскі з прадаўцом Таццянай Гамановіч другі год абслугоўваюць вясковых пакупнікоў. Хлебабулачнымі вырабамі загружаюцца на Мірскай хлебапякарні, дзе захоўваецца даўні рэцэпт дражджавой выпечкі. Перад Светлым днём, які супаў у каталіцкіх і праваслаўных вернікаў, вельмі шмат заказаў.

Асноўнае прамысловае прадпрыемства — больш як векавы спіртзавод. Ён мадэрнізаваны ў філіял Гродзенскага лікёра-гарэлачнага. Кіруе калектывам вопытны арганізатар Іван Будзейка. Высакаякасныя спірт і сусла адзначаліся ўзнагародамі на прэстыжных міжнародных конкурсах.
НАРОДНЫЯ рамёствы аднаўляюцца ў Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійным каледжы. Тут рыхтуюць сталяроў-рэзчыкаў, станочнікаў, рэстаўратараў дэкаратыўнай тынкоўкі і ляпных вырабаў, мастакоў-керамістаў і мастакоў роспісу. З дазволу Міністэрства адукацыі сумясцілі некалькі кваліфікацый у адной спецыяльнасці. Рэстаўратары дэкаратыўнай тынкоўкі і ляпных вырабаў засвойваюць і прафесію кераміста, мастака роспісу. Амаль дзвесці пяцьдзясят выпускнікоў базавых школ спасцігаюць азы творчасці. Пасля атрымання спецыяльнасці жадаючыя працягваюць вучобу на другой ступені па спецыялізацыі “Прамыслова-грамадзянскае будаўніцтва і тэхналогія дрэваапрацоўкі”. Ініцыятарам адкрыцця гэтай творчай навучальнай установы быў Пётр Машэраў. Якраз пачыналася рэстаўрацыя Мірскага замка. Навучэнцы дапамагалі аднаўляць паўразбураныя сцены. Вучылішча рэарганізавана ў мастацкі каледж. Многія выпускнікі становяцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ствараюць прыватныя майстэрні.

— Акрамя асноў прафесіі, вучым азам бізнесу, — адзначае намеснік дырэктара каледжа Канстанцін Петрыман. — Гэта вельмі актуальна. Навучэнцы пастаянна адзначаюцца дыпломамі лаўрэатаў міжнародных выставак. Стала правілам: кожны выпускнік поўніць музей вырабленымі сваімі рукамі мастацкімі творамі.
Не толькі асновы дойлідства засвойваюць у каледжы. Пад кіраўніцтвам гісторыка па адукацыі Канстанціна Петрымана створаны народны тэатр “Батлейка”. З арыгінальнымі прадстаўленнямі, як у ХIХ стагоддзі, калектыў выступае ў розных раёнах Міншчыны. У перадсвяточныя дні батлейкаўцы запрошаны на сталічны “Вербны кірмаш”.

ДЗЕВЯНОСТА чацвёртую Вербную нядзелю сустрэне старэйшая жыхарка Міра Надзея Ацэцкая. Прыгатаваны ўжо галінкі вербалозу для асвячэння ў Траецкай царкве, якая побач з падворкам Надзеі Фёдараўны. Ні адной службы не прапускае яна. У гэтым храме на пачатку мінулага стагоддзя бацькі хрысцілі яе, перад вайной вянчалася cа Сцяпанам Ацэцкім. Памятае, як у канцы чэрвеня 1941 года грукаталі фашысцкія танкі па брукаваных вуліцах. У Мірскім замку гітлераўцы стварылі гета. У двух брацкіх магілах навекі спачываюць больш як 1200 расстраляных катамі людзей. Многіх юнакоў і дзяўчат акупанты адпраўлялі ў рабства. Схапілі і мужа Надзеі Фёдараўны. З гадавалай дачушкай на руках пешшу пайшла ў Нясвіж і цудам выратавала Сцяпана. Пасля вайны два сыны нарадзіліся ў сям’і Ацэцкіх. Рана аўдавела Надзея Фёдараўна, а потым і сына Віктара пахавала. Дачка Лілія да выхаду на пенсію працавала доктарам у Мірскай бальніцы. Дала прытулак Надзея Фёдараўна ў сваім утульным доме хворай васьмідзесяцігадовай сваячцы Глафіры, якой патрэбен догляд.
— Прыйшла вясна, і на агародзе можна паразмінаць косці, — жартуе Надзея Ацэцкая. — Пасадзім бульбачку, гародніну, кветкі каля дома. Добра было б коніка мець. Умею за плугам хадзіць, касу ў руках трымаць, поле баранаваць. На зямлі працавалі мае продкі і доўгі век мелі. Бабуля Юля Заслаўская 110 гадоў пражыла. Ёсць на каго раўняцца.

ПАМІЖ замкам і касцёлам Святога Мікалая нясе да бацькі-Нёмана чыстыя воды крынічныя рачулка Міранка. Жоўтая лотаць запалала на зелянеючым лузе. Рокатам пасяўной тэхнікі абудзіліся палі. Высокія ўраджаі збожжавых, цукровых буракоў, ільну атрымліваюць хлебаробы КСГВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, якую два гады таму ўзначаліў Міхаіл Марзан. Сельгаспрадпрыемства ўнікальнае, створанае сем гадоў таму на базе СВК “Аюцэвічы” і птушкафабрыкі “Чырвонаармейская”. Больш як дзевяць тысяч гектараў сельгасугоддзяў. Спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і мяса птушкі, вырошчванні збожжавых і тэхнічных культур. Найбольшую рэнтабельнасць дае малочная галіна. Паўтары тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца на фермах гаспадаркі. За мінулы год ад кожнай каровы надоена амаль па пяць тысяч кілаграмаў малака.
Атрад жывёлаводаў, механізатараў і спецыялістаў папаўняе моладзь. Пасада намесніка галоўнага бухгалтара даверана выпускніцы Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа Юліі Гапановіч. Бухгалтарамі сталі выпускніца Навагрудскага гандлёва-эканамічнага каледжа Наталля Кроль і Яна Мароз, якая пасля заканчэння Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа завочна працягвае вучобу ў сталічным універсітэце.
— Людзі падзяляюцца на гарадскіх і вясковых, а мы — мірскія, — жартуе старшыня сельсавета Аляксандр Маркевіч. — Традыцыі продкаў шануем. Кожны гаспадар пасёлка падтрымлівае парадак. Ганарымся багатай гістарычнай спадчынай. Для многіх турыстаў Мір — люстэрка Беларусі. Каб разгрузіць вуліцы ад транзітнага транспарту, праектуецца будаўніцтва аб’язной дарогі. Сёлета за бюджэтныя сродкі заменім агароджы на цэнтральнай вуліцы. Ініцыятывы добраўпарадкавання падтрымлівае старшыня Карэліцкага райвыканкама Віктар Шабак і дапамагае.
Імкнёмся стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для тутэйшых і гасцей, якіх мы рады прымаць. Сем’ям маладых спецыялістаў прадастаўляем жыллё. Дзяржаўную падтрымку атрымліваюць шматдзетныя сем’і, якіх у нас трыццаць восем. Летась сорак сямей справілі наваселле, тры гаспадары збудавалі новыя дамы. Нам пашчасціла на ўнікальныя помнікі гісторыі, якія зберагаем для будучых пакаленняў. У Італіі ўсе шляхі вядуць у Рым, а ў Беларусі — у гістарычны Мір.
Карэліцкі раён
Фота аўтара