Знаменитое сопрано Надежда Кучер впервые споет в спектакле Большого театра

Мінскі дэбют Надзеі Кучар

У Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета — падзея. Сёння вечарам у яго пастаноўцы праспявае знакамітае сапрана Надзея Кучар — салістка Пермскай оперы і наша зямлячка. Яна ў мінулым годзе прадстаўляла нашу краіну на прэстыжным Міжнародным конкурсе оперных спевакоў BBC Cardiff Singer of the World («Кардыфскія галасы», або «Спявак свету») у Вялікабрытаніі і стала яго пераможцай. Між іншым, сярод 20 найбольш перспектыўных оперных салістаў, адабраных з 350 кандыдатаў з усяго свету.

Па статусе «Кардыфскія галасы» лічацца вяршыняй для акадэмічных вакалістаў. Нядзіўна, што пасля яе заваявання Надзею Кучар сталі называць лепшай опернай спявачкай свету. Праўда, самой ёй гэты тытул не надта падабаецца, кажа, гэта недакладны пераклад назвы конкурсу і перабольшанне, прычым абсалютна непатрэбнае, бо лепшай у свеце быць проста немагчыма.

У Мінску Надзея выканае галоўную партыю Марфы ў оперы «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава. Для яе гэта роля асаблівая —першая ў кар’еры, а таму і самая любімая. Да яе спявачка да гэтага часу адносіцца з вялікім хваляваннем. Менавіта з партыяй Марфы ў 2007 годзе яшчэ студэнткай Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Надзея пачынала выступаць на опернай сцэне. З ёй пазней дэбютавала і ў Пермскай оперы. Арыю з «Царскай нявесты» яна выконвала і ў фінале «Кардыфскіх галасоў». Прафесіяналы тады сумняваліся — вельмі вялікая рызыка. Бо гэтую музыку за мяжой не ведаюць наогул — ці здолеюць зразумець і годна ацаніць?

Надзея Кучар расказвае:

— «Царская нявеста» там — не руская класіка, а нешта зусім новае, дзіўнае. Гэта вельмі рэдкі рэпертуар. У асноўным за мяжой выконваюць Чайкоўскага. «Яўгеній Анегін» — гэта нумар адзін. «Іаланта» апошнім часам часцей пачала сустракацца, а «Пікавую даму» рэдка можна пачуць. Але конкурсная праграма была заяўлена загадзя — куды дзявацца, мяняць нічога немагчыма. І атрымалася, што з усяго майго конкурснага рэпертуару менавіта арыя з «Царскай нявесты» больш за ўсё ўразіла публіку — усе былі ў захапленні ад гэтай упершыню пачутай музыкі.

Дарэчы, пры яе выкананні адбыўся канфуз. Па партытуры ў адным месцы ў кларнета — сола, а ён уступіў крышку раней. У Надзеі была толькі секунда, каб зрабіць выбар: за кім ісці — за кларнетам ці за дырыжорам. Канкурсантка выбрала дырыжора і не памылілася. Пасля яе выступлення сам старшыня журы падышоў і выказаў сваё захапленне — і прыгажосцю музыкі, і бліскучым выкананнем.

Сёння Надзея шмат выступае ў тэатрах Еўропы. А ў Мінск прыехала з Чылі, дзе была занята ў спектаклі на працягу двух месяцаў. Яе канцэртныя планы распісаны ўжо і на будучы сезон, аж да 2018 года.

Ці будзе Надзея зараз, пасля дэбюту на мінскай сцэне, бываць на радзіме часцей? Магчыма. Дарэчы, нядаўна набыла ў Мінску жыллё. У раёне аўтазавода, дзе нарадзілася і вырасла, за два крокі ад дома, дзе жыве мама. А ў размове з журналістамі прызналася, што з задавальненнем выканала б партыю Джыльды з оперы «Рыгалета» Вердзі, ніколі яе не спявала. У нашым оперным спектакль «Рыгалета» — у рэпертуары. Чаму б не паспрабаваць?

Дасье


Надзея Кучар з адзнакай скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя. М.І. Глінкі па спецыяльнасці «музыказнаўства» (2003 г.). У 2011 годзе — Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя М.А. Рымскага-Корсакава, клас сольных спеваў прафесара Тамары Навічэнка.

Выступала ў Тэатры оперы і балета Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. У 2009 годзе дэбютавала на сцэне Міхайлаўскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. З 2012 года — салістка Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П.І. Чайкоўскага.

Двойчы лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска»: за выкананне партыі Медэі ў оперы Medeamaterial (2013 г.) і партыі Доньі Ісабэль у сямі-оперы «Каралева індзейцаў» (2015 г.). Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter