У горадзе віруе «Мінская вясна» — чарговы Міжнародны форум маладых музыкантаў

Мiнская музычная вясна

У горадзе віруе «Мінская вясна» — чарговы Міжнародны форум маладых музыкантаў. Сёлета ўжо 32-гі па ліку і прысвечаны будучаму 80-годдзю Белдзяржфілармоніі, якое шырока адзначаць у 2017-м.

Дзяржаўны камерны хор

А зараз на працягу месяца на філарманічнай сцэне разам з мэтрамі чакаюць лепшых маладых музыкантаў розных краін. Сярод удзельнікаў прадстаўнікі Латвіі, Румыніі, Францыі, Калумбіі, Расіі, Венесуэлы, Польшчы, Беларусі. «Мінская вясна» пацвярджае свой міжнародны статус і, як заўсёды, належыць будучыні, гаворыць мастацкі кіраўнік філармоніі Юрый Гільдзюк.

Зорка домры і мандаліны
Наталля КОРСАК

Адкрыўся форум мандаліннай і гітарнай музыкай. Сёлета гасцямі штогадовага праекта «Мандалінісіма» сталі вядомейшы венесуэльскі выканаўца, кампазітар і педагог, які жыве зараз у Францыі, Рыкарда Сандавал і яго калега Каці Ласо з Калумбіі. Слухачам яны прапанавалі віртуозную ігру не толькі на мандаліне, а і на бандоласе — лацінаамерыканскім музычным інструменце. Яшчэ адзін яркі ўдзельнік гэтага канцэрта — французскі гітарыст Маціяс Калет. 

— Але і мы — не горшыя, — упэўнены кіраўнік праекта, наш вядучы выканаўца на домры і мандаліне Мікалай Марэцкі. — «Канцэрт» у перакладзе з італьянскай — «спаборніцтва». Яно і атрымалася на сцэне.

Беларускі бок у гэтай своеасаблівай творчай спрэчцы разам з Мікалаем Марэцкім прадстаўлялі лаўрэат многіх прэстыжных міжнародных конкурсаў, зорка мандаліны Наталля Корсак і нядаўна створаны Неапалітанскі аркестр Саюза музычных дзеячаў пад кіраўніцтвам дырыжора Уладзіміра Чэрнікава.

«Мінская вясна» дае выдатную магчымасць паказаць свой узровень майстэрства, гучна заявіць пра сябе з вялікай сцэны і студэнтам Акадэміі музыкі. Гэтая навучальная ўстанова, дарэчы, таксама адзначыць юбілей у 2017-м — 85-годдзе. Увесь гэты час яна — галоўны пастаўшчык творчых кадраў краіны. Вось і практычна ўсе беларускія ўдзельнікі форуму — колішнія ці будучыя яе выпускнікі. 

У мінулую суботу хор студэнтаў акадэміі выконваў сучасную музыку кампазітараў нашай краіны і Прыбалтыкі. А 12 красавіка падзеяй на форуме абяцае стаць канцэрт «Вечар кансерваторыі». Яго ладзяць штогод, але на гэты раз удзельнікі адыдуць ад звыклага для іх акадэмізму. Рэктар Акадэміі музыкі Кацярына Дулава гаворыць, захацелася быццам вясновага абнаўлення, новага дыхання і фармату. На сцэне прадставяць сённяшнія творчыя студэнцкія калектывы. Для некаторых, як, напрыклад, для аркестра гітар, выхад да публікі стане дэбютным. Упершыню выступяць і студэнты кафедры харэаграфіі, будучыя балетмайстры. І гэта не ўсе сюрпрызы, якія загадзя, вядома, не раскрываюць. 

Піяніст Віталь СТАХІЕВІЧ

Праграма канцэртаў «Мінскай вясны» вельмі цікавая — ад сімфоній да фальклору і джаза. Дарэчы, беларускія гледачы змогуць першымі ацаніць новую джазавую сімфонію румынскага кампазітара і піяніста Фларына Радукану. Аўтар выканае свой прэм`ерны твор разам з Дзяржаўным сімфанічным аркестрам і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлай імя Р. Шырмы.

Свае сачыненні прадставяць у час форуму і нашы кампазітары — Алена Атрашкевіч, Сяргей Більдзюкоў, Галіна Гарэлава. 

«Мінская вясна» ў гэтым сезоне асабліва насычаная і маштабная. У афішы — 26 канцэртаў. Завершыцца Міжнародны форум маладых музыкантаў 29 красавіка канцэртам нашага вядомага піяніста Віталя Стахіевіча. Ужо некалькі гадоў ён жыве і выкладае ў Амстэрдаме, а гастралюе па ўсім свеце і практычна штогод выступае ў Мінску. Як прызнаўся ён у адным з інтэрв`ю, знаходзячыся ўдалечыні ад радзімы, духоўна і віртуальна існуе ў нашай беларускай прасторы.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter