Кожны год у пачатку верасня Мінск, як па ўзмаху чароўнай палачкі, прыгажэе яшчэ больш. І нездарма, бо імяніннік павінен здзіўляць усіх сваім чароўным хараством. 952 — лічба салідная: за сваю амаль тысячагадовую гісторыю горад зведаў мноства змен, дзясяткі разоў перабудоўваўся. Сувязь часоў стане галоўным лейтматывам свята, якое пройдзе 14—15 верасня: на вуліцах сталіцы з’явяцца дзясяткі бігбордаў з выявай знакавых месцаў старажытнага Мінска і іх абноўленых «двайнікоў». Як яшчэ горад зменіцца да свайго дня нараджэння, даведалася карэспандэнт «Р».

— Да традыцыйных сіняга, белага і блакітнага колераў, якія будуць гарманіраваць з гербам Мінска, мы дадалі яркую кампазіцыю з рознакаляровага арнаменту. У гэтай стылістыцы цяпер рыхтуем вялікае 40-метровае пано, якое ўжо хутка з’явіцца на фасадзе педуніверсітэта. Складаецца яно, дарэчы, з 8000 квадрацікаў тканіны, і збіраюць яго ўручную — гэта вельмі карпатлівая праца.
Асаблівую ўвагу нададуць і Кастрычніцкай плошчы, дзе пад адкрытым небам у гэтым годзе ўпершыню пройдзе цырымонія «Мінчанін года». Не застануцца без увагі і галоўныя праспекты Мінска — Незалежнасці і Пераможцаў, а таксама тэрыторыя каля Палаца спорту.

Атрымалася, трэба сказаць, вельмі атмасферна: разглядаючы архіўныя чорна-белыя здымкі, трапляеш у той час, калі Мінск не зіхацеў шматпавярховымі гандлёвымі цэнтрамі і зашклёнымі будынкамі. Вось па Саборнай плошчы едзе адзінокі коннік, а побач павольна шпацыруюць гараджане, а вось цячэ магутная Свіслач, уздоўж якой раскінуліся невысокія пабудовы...
— Працягам гістарычнай тэмы стане рыцарскі гарадок, які мы ўжо пачалі ўзводзіць непадалёк ад Палаца спорту — там пройдзе фестываль «Мінск старажытны», — кажа дырэктар. — Мы зрабілі не толькі эмблемы і плакаты, але і трыбуны для гледачоў, рысталішча, дзе будуць біцца рыцары, і стылізаваныя вежы па пяць метраў кожная.
На некаторыя дэталі атрымалася паглядзець і нам. На велізарных палотнах — выявы высакародных рыцараў у поўным абмундзіраванні. Здаецца, вось-вось яны сыдуць з малюнка, дастануць мячы і пачнуць біцца за даму сэрца. Эх, рамантыка...

— Гарадок патрабуе ручной зборкі, — вяртае мяне «на зямлю» Дзмітрый, — усе дэталі трэба рабіць аб’ёмнымі і практычнымі, бо рыцары будуць вельмі самааддана махаць сваімі мячамі. Вядома, праца вядзецца пад кантролем членаў гістарычнага клуба, каб усё было дакладна. А то ведаеце, як у некаторых фільмах — паказваюць людзей з XII стагоддзя, а акцёры ходзяць у красоўках і носяць залатыя гадзіннікі.
Дарэчы, разгледзець уборы мінчан, якія жылі тут у XII—XIX стагоддзях, таксама будзе магчыма: зараз дызайнеры прапрацоўваюць цікавыя фотазоны з выявамі дам і кавалераў тых часоў.
— Але, думаю, больш за ўсё лайкаў у Instagram збярэ пяціметровы торт, які мы размесцім каля гарадской Ратушы, — інтрыгуе Сяргей Хільман. — Не спяшайцеся аблізвацца: торт, на жаль, неядомы — вялікая канструкцыя з трыма святлодыёднымі свечкамі зроблена з металічнага каркаса з ашалёўкай. А ўпрыгожваць яе будуць здымкі краявідаў Мінска розных стагоддзяў. Весела будзе і ў Студэнцкай вёсцы — там гарвыканкам зробіць маладзёжнае свята, а афармленнем займаемся мы. А яшчэ павесім дэкарыраваныя банеры на кожнай уязной стэле.
Актыўна ўпрыгожваць горад да свята пачнуць у першыя дні верасня, а цалкам ацаніць новае ўбранне гараджане змогуць ужо 11 верасня.