Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Юбілейны XV абласны конкурс-фестываль дзіцяча-юнацкага мастацтва завяршыўся ў Самары канцэртам-рэквіемам

Мінорныя ноты ў мелодыі фестывалю

Жыццё часта ўносіць карэктывы ў нашы планы. Напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі ды Расіі ў Самары штогод праходзіць абласны Конкурс-фестываль дзіцяча-юнацкага мастацтва “Единство”. Ладзіць яго беларуская суполка пры падтрымцы гарадской адміністрацыі, абласнога Дома дружбы народаў. А сёлета фармат конкурсу-фестывалю змяніўся ў сувязі з трагічнымі падзеямі 25 сакавіка ў горадзе Кемераве. Да таго ж у ноч з 26 на 27 сакавіка раптоўна памёр віцэ-прэзідэнт Самарскай абласной грамадскай арганізацыі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Мікалай Чырко.

У складзе вакальнага гурта “Сузор’е” і яго кіраўніца Алена Кірылашава (злева)

Было тэрмінова сабрана пазачарговае пасяджэнне праўлення суполкі з запрашэннем актыву. “Мы вырашылі змяніць фармат фестывальных мерапрыемстваў, — гаворыць кіраўніца суполкі Ірына Глуская. — І замест святочнага Гала-канцэрта лаўрэатаў фестывалю на сцэне Дома культуры “Победа” вырашылі правесці канцэрт-рэквіем “У адзінстве — наша сіла!” на сцэне Дома дружбы народаў. У праграму ўнеслі адпаведныя змены, уключылі Мінуту маўчання ў памяць пра загінулых у Кемераве. І ў памяць пра нашага дарагога Мікалая Сцяпанавіча. Мы смуткуем самі, выказваем спачуванні яго родным і блізкім”.

Мінуту маўчання аб’явілі пасля песні “Верните память” — яе выконвалі Анастасія Гуркіна і Арына Камісарава, салісткі гурта “Каданс”. Новы сэнс набылі на канцэрце словы песні: “Протянем руки к тем, глаза чьи слёз полны,/ Чей дом осиротел от ужаса беды./ Помянем их, прошу, помянем миром их…”. Атмасфера суперажывання і ўпэўненасці ў тым, што перажыць гора можна толькі разам, панавала ў зале цягам усёй канцэртнай праграмы. Пра тое гаварылі кіраўнікі шэрагу нацыянальных грамадскіх аб’яднанняў вобласці, запрошаныя на канцэрт-рэквіем. На адрас яго арганізатараў, удзельнікаў і гледачоў прыйшло прывітанне і ад Пасла Беларусі ў Расіі Ігара Петрышэнкі. “Мы ўсе вельмі адказна рыхтаваліся да канцэртнай праграмы, — гаворыць Ірына Глуская. — Напрыклад, беларускі вакальны гурт “Сузор’е”, якім кіруе Алена Кірылашава, цяпер мае ў рэпертуары песню “Белорусы России” нашага сябра, спевака й кампазітара, заслужанага работніка культуры Расіі Сяргея Костачкі. Летась ён даслаў нам у падарунак фанаграму, тэкст песні. У нашых артыстаў былі на канцэрце новыя сцэнічныя касцюмы, абутак”.

Па традыцыі праграму канцэрта-рэквіема адкрываў беларускі вакальны ансамбль “Каданс”, якім кіруе Іна Сухачэўская: гучалі як рускія, так і беларускія песні. Лізавета Глубінец з цэнтра “Творчество” (дарэчы, педагогам у яе — таксама Іна Ігараўна) душэўна спявала “Рэха жураўлiнае”. Хораша выступілі Алена Арэшына, Дар’я Міцькіных, Мацвей Малінін ды іншыя лаўрэаты. А Макар Даброў з 176-й школы (педагог Алена Балвашэнкава) выдатна прачытаў у арыгінале верш Янкі Купалы “Роднае слова”. Спадабаліся гледачам і беларускія танцавальныя кампазіцыі: выступалі юныя артысты з калектыва “Мозаика” (педагог Наталля Меліхава). А гурт “Серпантин” (педагог Людміла Елісеева) да фэсту падрыхтаваў рускі народны танец “Барыня” і сцэнічную кампазіцыю “Россия, мы — дети твои”.

Звыш 20 лепшых нумароў лаўрэатаў фестывалю мастацтваў “Единство” былі выкананы ў праграме канцэрта-рэквіема.

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter