Ці могуць пракарміць лес і агарод?

Мільёны, як з куста

А палове шостай раніцы. У 43-гадовай Таццяны Кавалевіч з вёскі Багданаўка Лунінецкага раёна яшчэ шмат клопатаў па гаспадарцы. Але яна кажа, што праз дзве гадзіны трэба быць у лесе. У сям’і шасцёра дзяцей. Па ягады пачынаюць хадзіць з ранняга дзяцінства. Вёска знаходзіцца далёка ад райцэнтра, таму такі від заробку тут асноўны.



— Мы гэтым жывём, ды і ўсе так робяць.

Зборы ў журавіны нядоўгія. Галоўны працоўны інструмент — вёдры: адно вялікае, пятнаццацілітровае, другое меншае. Яшчэ бутэлька вады, хлеб і кавалак сала. Усё гэта звязваецца ў пакрывала, на мясцовым дыялекце ў “ношку”, і рушым!

У гумовых ботах ледзь не па калена Таццяна з трыма старэйшымі дзецьмі Ромам, Маргарытай, Аляксандрай на роварах адпраўляецца на балота. Круціць педалі даводзіцца каля сямі кіламетраў.

А дзявятай раніцы на “працоўным месцы” ўжо шмат народу. Таццяне знаёмы тут кожны грудок. Таму журавінавае месца доўга шукаць не прыйшлося. Але збор ідзе не вельмі хутка: “Ягада сёлета не ўрадзіла”. За дзве гадзіны Таццяна паўвядра набрала. Праца нялёгкая. На кукішках у балоце шмат-

дзетная сям’я журавіны бярэ да абеду. Перапынак — дзесяць хвілін.

Таццяна кажа, што за сезон на балотнай ягадзе можна зарабіць каля 700 рублёў. Людзі спецыяльна бяруць адпачынкі. Але асноўную частку прыбытку ў вёсцы Багданаўка прыносяць чарніцы. Гэты год быў ураджайны. 

За пяць-шэсць гадзін у лепшыя дні Таццяна збірала да 35 кілаграмаў. Дзеці — каля 25. Такіх рэкордаў шматдзетная маці нават не ўзгадае:

— Гадоў дзесяць таму, а можа, і больш, нешта падобнае было. Мясцовыя а пятай раніцы ў лесе ягаду ўжо бралі, а каб яе здаць, у велізарных чэргах стаялі.

Прадаваць на раённым рынку хаця і выгадна, але дабірацца да райцэнтра доўга. Таму кілаграмы прыродных вітамінаў сцякаюцца непасрэдна ў рукі камерсантаў. За кілаграм чарніц у гэтым сезоне скупшчыкі давалі ад 1,6 да 2 рублёў, за журавіны — 2—3. Самі зборшчыкі цаной не задаволеныя:

— Лічы, за капейкі аддаём.

За чарнічны россып у гэтым годзе сям’я Таццяны за чатыры тыдні зарабіла больш як 600 долараў. На гэтыя грошы жанчына дзяцей у школу сабрала. Дзятва ж ягадай сваю капейчыну здабываць вучыцца. Так, дзевяцігадовая Аляксандра на новы тэлефон сабе адклала, а дзеці старэйшыя — на паліто і боцікі.

У лес вяскоўцы не толькі па ягады ходзяць. Дзесяць бярозавых венікаў каштуюць 1,3 рубля. Кілаграм бярозавых пупышак — 3 рублі. Брусніцы таксама ў пашане, але не ягады. Зімой нарыхтоўваюць галінкі і лісточкі ў якасці лекавай сыравіны. Да трох рублёў за кілаграм можна атрымаць. Тавар збываюць мясцовым скупшчыкам. Звычайна гэта адзін-два чалавекі на вёску.

У Багданаўцы дзевяцьсот двароў і амаль у кожным ёсць карова, а то і дзве. Пасля ранішняй дойкі малако — ў трохлітровы слоік і за брамку. Малаказавод дае за літр 0,34 рубля. За месяц каля 20 рублёў. Прыватнікам здаваць больш выгадна. Таццяна кажа, што прадае тры літры за 2 рублі. Такіх кліентаў у яе трое. Бывае, прыходзяць па два разы за тыдзень. Такім чынам, у летне-асенні перыяд у сям’і ў сярэднім штомесячны даход каля 700 долараў.

— Для вяскоўцаў, асабліва шматдзетных, такі від занятасці з’яўляецца часам асноўнай крыніцай здабытку. За кошт дароў прыроды зарабляць не тое што можна, а трэба, — гаворыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

На балоце Таццяна з дзецьмі прабыла каля пяці гадзін. Набралі два вядры з горкай. Але прадаваць ягады не будзе:

— Трэба і сабе нарыхтоўкі на зіму зрабіць.

Раней усім працы хапала ў калгасах і саўгасах. Цяпер сітуацыя цалкам іншая. Працуюць робаты, а не людзі. І гэта тычыцца ферм, палёў і вытворчасцяў. Сёння ўсё вызначае катэгорыя “попыт — прапановы”. Трэба вырошчваць тое, што можна прадаць. Там, дзе засталіся моцныя сельгас-прадпрыемствы, з занятасцю праблем менш. Але многія вясковыя жыхары шукаюць сёння заробак не ў крокавай даступнасці. І вялікую ролю тут іграе мабільнасць. У каго ёсць магчымасць ездзіць на працу за дзясяткі кіламетраў, той аказваецца ў больш выгадным становішчы.

Што ж тычыцца пытання, ці могуць лес і агарод пракарміць, то адказ відавочны. Сёння час тэхналогій. Журавіны, брусніцы, грыбы вырошчваюцца ў прамысловых маштабах. І той жа Ганцавіцкі раён з плантацыямі куставых буякоў і гаспадаркамі, якія спецыялізуюцца на гэтым, дакладна паказвае, у якім кірунку будзе далей ісці развіццё. Таму патрэба ў комплексных праграмах развіцця тэрыторый застаецца. На дзяржаўным узроўні зроблена многае. Цяпер важна ініцыятыва знізу. Неабходна выкарыстаць усе крыніцы, якія даюць магчымасць зарабіць. Але трэба шукаць і новыя прыбытковыя месцы. Таццяна Кавалевіч, развітваючыся са мною, уздыхае: “Сёння дзецям трэба даць адукацыю. Нельга хадзіць толькі па пратаптаных сцежках. Час іншы”.


У ТЭМУ

Лунінецкі раён славіцца як клубнічная сталіца. Тут у бягучым сезоне ягады сабрана прыкладна 5 тысяч тон. Кілаграм клубніц у гэтым годзе ў сярэднім бралі па 2 рублі. Атрымліваецца, даход ад продажу ягады для Лунінеччыны складаў 

5 мільёнаў долараў. У адной сям’і можа быць засеяна клубніцамі 5—10 сотак, у іншай — больш за гектар, кажа начальнік аддзела эканомікі Лунінецкага райвыканкама Андрэй Гулёк:

— На тэрыторыі раёна пражывае каля 70 тысяч чалавек. Калі адкінуць непрацаздольных, гэта каля 37 тысяч. З адной соткі можна сабраць восем 10-літровых вёдзер ягады. Гэта каля 150 рублёў. Па вялікім рахунку, гэта толькі прыробак да асноўнай зарплаты. Не ведаю, каб нехта жыў толькі на вырошчванні ягады.

Століншчына ж вядомая сваімі парнікамі. Землі для агуркоў тут лепш не прыдумаеш — найбагацейшыя. У гэтым годзе было сабрана каля 60 тысяч тон агуркоў. Кілаграм іх ішоў у сярэднім па 0,6 рубля. Выніковая сума па раёне — 18 мільёнаў долараў.

Сем’і ў столінскіх Альшанах вялікія. У Васіля і Кацярыны Сімановіч адзінаццаць дзяцей. Агуркамі засеяна 20 сотак.

— Гэта яшчэ не шмат, — кажа Кацярына Міхайлаўна.

Сёлета з адной соткі сям’я мела ад 200 да 500 долараў выручкі. 

І гэта пры дрэннай ураджайнасці. Такім чынам, за сезон — у сярэднім 6 тысяч долараў даходу. Кацярына сумна ўздыхае і кажа, што на жыццё гэтага, зрэшты, не хапае. Таму вырошчваюць на продаж яшчэ і капусту, моркву, памідоры. Асаблівая надзея на дзяцей. Галоўная памочніца ў сям’і Сімановічаў, 17-гадовая Галіна, з’ехала ў Брэст атрымліваць вышэйшую адукацыю. Цяпер уся праца кладзецца на плечы траіх старэйшых дзяцей — Наталлі і Таццяны, ім адпаведна 16 і 15 гадоў, і 14-гадовага Міхаіла. “Каб сабраць ураджай і прадаць яго аптавікам, падымацца прыходзіцца а чацвёртай раніцы”, — кажа шматдзетная маці.

Кожнай уласнай падсобнай гаспадарцы тут належыць мець 50 сотак зямлі. Плюс 30 сотак, калі ў сям’і восем і болей дзяцей. Попыт на ворныя землі тут вялікі. Лішнія гектары патрэбныя ўсім. Старшыня Альшанскага сельвыканкама Віктар Гапко распавядае:

— Жыхары ў пошуках свабодных зямель едуць у суседнія сельсаветы. Часам атрымліваецца знайсці закінуты дом з прысядзібнай тэрыторыяй. За драбязу выкупляюць у гаспадароў іх участкі — так прасцей за ўсё атрымаць лішнія соткі.

У  Ганцавіцкім раёне ў мінулым годзе сабралі 390 тон чарніц, у гэтым — у два разы больш. Сакрэт такога поспеху ў райвыканкаме тлумачаць проста:

— Людзі ў нас проста вельмі працавітыя, галоўнае ж не ленавацца.

Здаць ураджай вяскоўцы могуць у любы нарыхтоўчы пункт, у краму спажывецкай кааперацыі ці камерсанту-нарыхтоўшчыку. Прадпрыемствы спажыўкааперацыі ў гэтым годзе закупілі ў насельніцтва сельгаспрадукцыі не менш, чым летась.

— Журавіны збіраюць да самага снегу. Збіраюць і ўвесну — пасля маразоў ягада яшчэ саладзейшая становіцца, — распавядае начальнік аддзела эканомікі Ганцавіцкага райвыканкама Алена Бараноўская.

goroshko@sb.by



Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter