Великий Пост не должен быть похож на диету по религиозным мотивам

Міласціна — не толькі капейкі

Праваслаўныя і католікі цяпер перажываюць час, які некаторыя называюць “моцным перыядам”. Гэта час Вялікага посту. На жаль, Вялікі пост для многіх зводзіцца толькі да ўстрымання ад нейкай ежы, напрыклад, ад мясных страў. Што можна зрабіць, каб пост не стаў падобным да дыеты па рэлігійных матывах?



Трыма слупамі Вялікага посту з’яўляюцца галоўныя ўчынкі хрысціяніна: малітва, пост і міласціна. Непасрэдна перад Вялікаднем гэта трыяда павінна больш інтэнсіўна напоўніць наша жыццё. Калі з малітвай і постам пераважна ўсё зразумела, то з даваннем міласціны могуць узнікнуць пытанні.

Неяк адна жанчына спытала ў мяне: “Я даўно з’яўляюся вегетарыянкай — ці значыць гэта, што для мяне Вялікі пост нічым не адрозніваецца ад іншых перыядаў года?” Гэта пытанне можа падштурхнуць да важных высноў. Мы посцім не толькі для сябе, для самадысцыпліны, інакш гэта магло б прывесці нас да эгаізму і пыхі. Пост мае грамадскае вымярэнне. Як сказаў аднойчы святы Ян Златавусны, “нашым постам мае наесціся бедны”. У Вялікім посце мы можам падзяліцца тым, што ашчадзілі праз устрыманне.

Больш за тое, цяпер часта ёсць такі выбар разнастайнай поснай ежы, што постам становіцца кожнае нашае ўстрыманне, абмежаванне камфорту, абмежаванне самога сябе. Тое, у чым мы сябе абмяжоўваем, можам раздаць у якасці міласціны, дабрачыннасці — добраахвотнай дапамогі таму, хто не можа нічога даць узамен за яе. Такая дапамога з’яўляецца рэальнай хрысціянскай любоўю, людской салідарнасцю.

Колькі ж даваць міласціны? У Старым Запавеце можна прачытаць заахвочванне прызначаць дзесяціну з сабраных дароў зямлі, са свайго прыбытку, на мэты Божага культу — на Божую святыню. Цяпер такіх выразных прадпісанняў няма. Аднак калі прыняць гэту лічбу за арыенцір, то атрымаецца, што ў нас застаецца 90% даходаў на свае ўласныя патрэбы, а гэта нямала.

Слова “міласціна” атаясамліваецца ў нас з капейкамі, з літасцю, а таксама з папрашайкамі на вуліцы — некаторыя з іх збіраюць дробныя манеты на алкаголь, цыгарэты ці проста не хочуць працаваць. Калі ў нас ёсць сумненне, што наша міласціна будзе выкарыстана адпаведным чынам, то лепш купіць такому чалавеку ежу, даць нейкую вопратку, дапамагчы ўладкавацца на працу і змяніць стыль жыцця. Аднак вакол нас ёсць мноства людзей, якія патрабуюць дапамогі і якіх мы добра ведаем. Такая адрасная дапамога можа быць найбольш эфектыўнай.

Каб дапамагаць, не трэба быць багатым. Час ад часу мы купляем новыя рэчы, напрыклад, тэхніку для свайго дома, а старую вырашаем прадаць, бо яна яшчэ спраўна працуе. Замест гэтага можна аддаць яе таму, каму яна вельмі патрэбна і хто не можа купіць яе сам. Можна дапамагаць, не выходзячы з дому, ахвяруючы сродкі праз СМС ці тэлефонны званок у дабрачынныя арганізацыі.

Нашым багаццем з’яўляюцца наш час, здароўе, здольнасці. Таму дапамагаць хворым, сіротам, састарэлым, вязням і іншым можна і не маючы грошай.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter