На каждое слово в белорусском языке может приходиться до десятка вариантов

Мілагучная, старажытная і багатая

Учора ва ўсім свеце адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Ужо амаль дваццаць гадоў гэта свята, заснаванае ЮНЕСКА, праводзіцца з мэтай абароны моўнай і культурнай разнастайнасці. Наша краіна не выключэнне.



Беларуская мова лічыцца самай мілагучнай пасля італьянскай, самай старажытнай сярод славянскіх і адной з самых багатых у свеце. Прычым калі ў літаратурнай мове налічваецца 250—500 тысяч слоў, то ў дыялектнай — каля двух мільёнаў! Паводле “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”, на кожнае слова у нас можа прыходзіцца да дзясятка варыянтаў.

У краіне існуе двухмоўе. На беларускай і рускай мове вядуцца справаводства i дакументацыя, аднолькавая колькасць гадзін адводзіцца на вывучэнне абедзвюх дзяржаўных моў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі: да прыкладу, у 5—6 класах — 3 гадзіны на тыдзень, у 7—9 — 2 гадзіны. Гучаць дзве мовы на тэлебачанні і радыё. 

Мерапрыемствы, прысвечаныя роднай мове, прайшлі ў розных гарадах краіны. Белтэлерадыёкампанія падрыхтавала тэматычны эфір, пазнаёміўшы гледачоў і слухачоў з класічнымі творамі беларускай літаратуры, а таксама творчасцю сучасных айчынных музычных гуртоў. АНТ выпусціла ўсе навіны і праграму “Наша раніца” на беларускай мове. Нацыянальная бібліятэка запусціла на вонкавае электроннае светлавое табло цытаты класікаў нацыянальнай літаратуры пра мову, а таксама словы, якія адрозніваюць беларусаў ад іншых народаў, — “багоўка”, “усцяж”, “крынічыць” і іншыя. “Белпошта” прапанавала напісаць цёплыя словы на беларускай мове ў адрас сяброў і блізкіх і абяцала даставіць паштовыя карткі бясплатна ў любы пункт краіны. А Саюз пісьменнікаў Беларусі правёў паэтычны флэшмоб “Роднае слова, цудоўнае слова” на цэнтральным чыгуначным вакзале Мінска.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter