Вядомы графік Рыгор Сітніца стварыў сваю “Прыватную археалогію”

Мiкракосмас Рыгора Сiтнiцы

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспануецца арт-праект «Прыватная археалогія» — новая работа графіка, паэта, старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы. Гісторыя, этнаграфія, фальклор, нацыянальныя каштоўнасці заўсёды цікавілі і прыцягвалі ўвагу вядомага майстра. На гэты раз аб’ектамі яго мастацкага даследавання сталі старажытныя артэфакты: княжацкія пячаткі, манеты, зброя, драўляная культавая скульптура, вайсковы рыштунак.

— Рыгор Сямёнавіч, як узнікла менавіта гэтая тэма  — артэфактаў?

— Усё пачалося яшчэ ў 2009 годзе з трох твораў — малюнкаў вялікакняжацкіх пячатак Міндоўга, Вітаўта і Гедыміна, якія я падрыхтаваў да выстаўкі, прысвечанай 1000-годдзю гістарычнай Літвы. Думаю, сёння ўжо не трэба тлумачыць, што гістарычная Літва мае больш дачынення да нашай тэрыторыі, дастаткова глянуць карты XVI—XVII стагоддзяў. Пра тое сведчаць і вельмі распаўсюджаныя ў нас прозвішчы Літвінчук, Літвіновіч, Літвінаў або назвы нашых вёсак — больш за 40 з іх называюцца Літва.

Дык вось пасля той выставы тэма мне вельмі спадабалася. Працяг яе  адбыўся ў 2010-м, з’явіліся яшчэ два творы для выставы, прысвечанай 600-годдзю Грунвальдскай бітвы, пасля — яшчэ некалькі. А калі сёлета мне прапанавалі паказаць які-небудзь са сваіх праектаў у Цэнтральным Доме мастака ў Маскве,  я падумаў: чаму б не дапоўніць папярэднія працы і не зрабіць серыю малюнкаў. Так атрымалася выстаўка з 13 твораў. Яна прайшла ў Маскве ў сакавіку, і скажу без перабольшвання — з поспехам, было шмат людзей, прэсы, водгукаў, нават прапанову атрымаў ад адной цікавай галерэі. Цяпер гэты арт-праект дэманструецца  ў Мінску.


— Гледзячы на вашы працы, многія параўноўваюць іх з фатаграфіямі.

— Каб пераканацца, што гэта не так, дастаткова проста паставіць мой малюнак побач з фатаграфіяй і адчуць велізарную розніцу. У мяне не стаіць мэтай фотадакументалістыка. Мая задача іншая — расказаць пра нашу нацыянальную гісторыю сучаснай пластычнай мовай, выкарыстоўваючы свой аўтарскі стыль. Яго  я вельмі паслядоўна распрацоўваю. Ён спалучае, здавалася б, зусім неспалучальнае: элементы канструктывізму і супрэматызму з амаль гіперрэалізмам, максімальнай дакладнасцю, нават большай, чым фатаграфічная. Гэты прынцып дазваляе надаць пэўнаму канкрэтнаму аб’екту глыбокую сутнасць вобраза, сімвала, знака. Не губляючы сваёй пазнавальнасці, ён пачынае набываць рысы новай рэальнасці. У мяне ёсць рэчы, даведзеныя нават блізка да абстракцыі, для мяне гэтая мяжа вельмі хісткая. У адным з маіх твораў большая частка аркуша — чыстая папера, там нічога не намалявана, але ўсе бачаць, што гэта снег. Я прымусіў яе быць снегам, ці небам, ці паветрам. 

— У сваёй стылістыцы вы — першаадкрывальнік...

— Ёсць артыкулы замежныя, дзе спецыялісты сцвярджаюць, што гэта адкрыццё. Я не пярэчу. Цешуся. Наогул, гіперрэалізм існуе ў свеце гадоў 60, а можа, і болей. Але вось спалучэнне такое, як у мяне… За ўвесь свет не адкажу, але вазьмуся нахабна сказаць, што тут, у нашым сегменце, напэўна, гэта сапраўды мая вынаходка. Сваім стылем я вельмі даражу, бо ім я  пазнавальны.

— Яшчэ адна асаблівасць — вы працуеце выключна алоўкам па паперы.

— Гэта мой свядомы выбар. У мяне часта пытаюцца, якімі алоўкамі вы карыстаецеся. Адказваю: самымі звычайнымі, якімі малююць у школе ці дзіцячым садку. І папера таксама звычайная.


Мая задача: праз простыя, паўсядзённыя рэчы — вязку цыбулі, вясковы плот, кошык ці складзеныя дровы — з дапамогай простага, калі не сказаць прымітыўнага, матэрыялу зрабіць сучасны рафініраваны мадэрнавы мастацкі твор. 

У мяне ёсць работы, выкананыя на палатне акрылам ці алеем, і некаторыя з іх нават называюць жывапісам. Але, я лічу, гэта хутчэй графіка на палатне. Бо бачу, што пакуль не дасягнуў такога эфекту, як працуючы алоўкам. Каб гэта зрабіць, трэба нанова вывучыцца, я ж заканчваў аддзяленне графікі.

— А як вы ставіцеся да модных сёння авангардных накірункаў?

— Калі гэта густоўна і прафесійна — вельмі добра. Калі творы нямоглыя — адмоўна. Я вітаю новае мастацтва, любую новую мову пластычную, бо гэта развіццё. Але наватарства павінна грунтавацца на моцнай акадэмічнай школе, высокім мастацкім гусце і інтэлекце. Там, дзе няма інтэлекту, ніякая форма не выратуе. Як прафесіянал адразу бачу ўбогасць мышлення. Мастацкі твор — гэта найперш думка, пачуццё мастака. Для мяне важна, каб у творы была эмоцыя, якая закранае душу, чапляе, энергія, якая цябе працінае і прыцягвае.

— Чаго сёння хоча простая мастацкая публіка?

— Культура так званай простай публікі паніжана, на жаль, да прыкрага. Вельмі запатрабаваны кіч, нізкакультурныя рэчы. Тое, чым упрыгожваюць сцены сваіх дамоў, проста жах. І нават у багатых лю-   дзей, у якіх хапае грошай на дарагі суперунітаз, на сценах кітайскія постары вісяць. Каб палячыць зубы, яны наймаюць добрага дантыста, але ім не трэба параіцца з прафесіяналам-мастаком наконт карцін у доме. Яны самі ўсё ведаюць і ў мастацтве разбіраюцца.

— І што рабіць мастаку?

— Калі ён сапраўды мастак, а не мастак па заробку грошай, то ён, па сутнасці, проста ідэаліст. Наіўна, смешна — але ён адчувае за сабой нейкую місію. Такі мастак не зважае на кан’юнктуру, ён робіць сваю справу. І між іншым, чым вышэй мастак, тым менш ён зважае на кан’юнктуру. Нейкім чынам яму ўдаецца зарабляць. Бог трымае на свеце. Дарэчы, Ван Гог ніводнага твора не прадаў пры жыцці, а аказалася — геній. Дый наогул, мала хто быў паспяховым пры жыцці, каго мы зараз залічваем у вялікія. 


— Вашы творы знахо-дзяцца ў зборах многіх нашых музеяў і ў замежных калекцыях. А камерцыйна вы мастак паспяховы?

— Не надта, і я на гэта не прэтэндую. Часам, як кажуць, пішу ў стол з надзеяй, што некалі яно спатрэбіцца. Але я атрымліваю задавальненне ад зробленага, ад таго, што праз пэўны час зноў і зноў сцвярджаю сябе як прафесіянал. Мне гэтага дастаткова. Хаця часам нават сваім блізкім цяжка патлумачыць, чаму я раблю тое, што раблю, а не тое, што лёгка прадавалася б. Тэхнічна я ж, безумоўна, магу скапіраваць «паспяховы сюжэт», напрыклад нацюрморт «пад галандцаў», ад якога прый-дзе ў захапленне сярэднестатыстычны пакупнік. Праблема ў тым, што для гэтага сябе трэба прымусіць і зламаць псіхалагічна. А я не магу гэтага зрабіць і не хачу.  Лепш чым іншым буду зарабляць, няхай невялікія грошы, але не ламаць сваю прыроду. Гэта няправільна. Мастак мусіць апраўдваць тое, што мы ўмоўна называем талентам. Для мяне талент — гэта завершаны працэс, вынік. Нам, мастакам, задарма даюцца ўменне ствараць, рабіць тое, што могуць адзінкі. Галоўнае — ведаць, чаму ты служыш, і сцвярджаць сваю мастацкую праўду.

— Ці ёсць задумкі новых тэм, праектаў?

— Яны ёсць заўсёды, і іх мноства. Не толькі дзякуючы нашай багатай гісторыі і культуры. Я ўвесь час нешта выдумляю, заўважаю, знаходжу і здымаю на тэлефон. У мяне там вялікая калекцыя: цагляны плот, стары куфар, самаробны палавік, рама, апрацаваная мантажнай пенай, іржавая агароджа… У фрагментах кожнай з гэтых простых рэчаў  — свой мікракосмас. Ці неяк у былой майстэрні Валерыя Шкарубы сфатаграфаваў старую падлогу. Проста шэдэўр пад нагамі! А ён столькі гадоў хадзіў і не заўважаў. Так што тэм мне яшчэ на два жыцці хопіць. 

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter