Як грамадзянка Украіны з рускім прозвішчам стварыла ў беларускай глыбінцы музей продкаў і выдала кнігу пра землякоў

Міхалкаўскія канікулы

Нездарма кажуць, што хаце, якая засталася без гаспадароў, жывецца горш, чым сіраце. Знікне, згніе, разваліцца… Але не заўсёды пустое жытло пакінутае. Напрыклад, адной хаце з вёскі Міхалкі, што ў Бярозаўскім раёне Брэстчыны, лёс выпаў незвычайны. Ёй давялося нарадзіцца двойчы: амаль сто гадоў таму, у пачатку мінулага стагодззя, і ў 2007-м, калі дзякуючы ўнучцы гаспадара Веры Захаравай там была створана амаль міні-копiя знакамiтага шведскага Скансэна — музея пад адкрытым небам. Назва адметнай вясковай галерэі сялянскага побыту, калі называць яе папаляшуцку, гучыць так: «Хата-музей дзеда Хвэдора». Нядаўна прыватны музей адзначыў першае дзесяцігоддзе.

Музей карыстаецца папулярнасцю. Летам у выхадныя ён збірае сотні гасцей

Вялiкi гулец


Вера Захарава ўспамінае: узнiкненне музея — гэта была ідэя не аднаго дня.

— Боркаўскі сельсавет паставіў пытанне рабром: ці знос, ці ўпарадкаванне двара. Сабраліся мы, чатыры сястры — унучкі Хвэдора Зялёнкі: я, Тамара, Наталля ды Марыя, паглядзелі, колькі ў дзедавай хаце ўсяго-ўсялякага з нашага дзяцінства. Ды і пачалі ўспамінаць...

Успаміналі, як дзед Хвэдор любіў унукаў, а было іх двое хлопцаў і ажно восем дзяўчынак. Як ён насіў усіх па чарзе на пагершках. Як садзіўся за стол есці, і баба Еўдакія, ці, як казалі ў Міхалках, Аўдоська, яму падавала з печы гарачы фасолевы суп. Ці боршч з кіслай капусты. Ці зацірку на малацэ. Як хаваў дзед грошы ад бабы ў куфар, які адчыняць забаранялася. Як курыў самасад. Тытунь яму садзіла баба, а ён сушыў яго, рэзаў і курыў тое зелле праз піпку-муштук.

А яшчэ была ў дзеда маленькая слабасць: гульня ў карты на грошы. Штосуботу ўвечары дзед кідаў справы, мыўся ў балеі, галіўся, надзяваў шэры кортавы касцюм і — гуляць да суседа. Калі не прыходзіў раніцай дахаты ў нядзельку, баба нясла яму сняданак. «Казіно» ў Міхалкі прывезлі з Амерыкі, куды мясцовыя ездзілі на заробкі.
Гаспадыня Хаты-музея Вера ЗАХАРАВА

Вера Іванаўна кажа, што меў Хвэдор Зялёнка не толькі добра зладжанае жыллё, але і вялікую гаспадарку:

— У дзеда былі конь Орлік, чатыры каровы, бычок, 20 авечак, 5—6 свіней. І зямля. Чатыры гектары поля, два — лесу, балотца з сажалкаю ды сенакос.

Гісторыя гэтай хаты — частка гісторыі моцнага роду. Таму калі пытанне пра будучыню будынка паставілі, як кажуць, рабром, унучкі Хвэдора вырашылі: быць тут музею!

З першага дня найбольш актыўна за справу ўзялася Вера. Сёння яна ўспамінае, што хата была не ў лепшым стане:

— Памірала хатка. Трава праз падлогу вырасла, столь працякала… Але тут пахла бабулінымі пірагамі, малаком і скурай, бо дзед Хвэдор рамантаваў абутак. Добра памятаю, як да дзеда прыносілі чаравiкi ды боты. Дзед за маленькім столікам з шуфлядкамі стукаў малатком пад газоўкай і прымаў удзел у няспешнай размове.

Прыватны музей побыту


— Дзівачка! — казалі вяскоўцы, калі Вера Іванаўна прыехала з Кіева на малую радзіму ў адпачынак і разам з мужам Валерыем прынялася за незнаёмую справу. А потым пачалі з ахвотаю дзяліцца экспанатамі. Здымалі з гарышча лён, даставалі з шафы ручнікі, неслі ходнікі, збаночкі ды кошыкі… Сваякі з навакольных сёлаў таксама прынялі актыўны ўдзел у працэсе вяртання хаты Хвэдора Зялёнкі да новага жыцця.

Калі б Вера Іванаўна жыла побач, можа, і дзіва не было б. Але яна — чалавек трох краін. У лёсе пераблытаны-перакліканы Беларусь, Расія і Украіна. Вёска Міхалкі значыцца ў пашпарце як месца нараджэння. Расія дала каханне і спадарожніка жыцця Валерыя. А Украіна — грамадзянства і ўтульны дом. Атрымаўшы ў Гомелі ў свой час дыплом Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, Вера Іванаўна працавала ў Куйбышаўскім аддзяленні чыгункі. Там выйшла замуж. Затым пераехала на месца працы мужа — у Прыпяць. Пад сумна вядомы Чарнобыль… Пасля аварыі на ЧАЭС сям’і прапанавалі жыллё ў Кіеве, дзе яна і жыве дагэтуль.

Вера Іванаўна бярэ сшытак, своеасаблівую кнігу водгукаў. Беларуская тут мова, руская, англійская, польская… Былі родзічы з розных куткоў, нават з Амерыкі. Госці з Брэста, Бярозы, Кобрына, Маларыты, з Кіева, Санкт-Пецярбурга, Хабараўска... А ў дзень святкавання 10-годдзя вядомы краязнавец Анатоль Гладышчук зрабіў музею добры падарунак: знайшоў архіўныя звесткі пра першых жыхароў Міхалкоў. Значыць, трэба клікаць у музей нашчадкаў! Шукаць праз сайт, які для вёскі стварыла Вера Іванаўна.

Не адзiн такi


Сёння вясковы музей у Міхалках ужо не адзіны ў сваім родзе нават на Бярозаўшчыне. Так, у суседніх Сабалях мастак Анатоль Жалудка стварыў «Сабалёўскі маёнтак». А ў вёсцы Пешкі (таксама побач з Міхалкамі) патрыярх журналістыкі Міхаіл Шыманскі даручыў зрабіць у бацькоўскай хаце нешта падобнае.

Але, на мой погляд, Вера Іванаўна Захарава мае асаблівае права лічыцца першаадкрывальніцай. Бо не было ёй з каго браць прыклад. За гэты час яна не толькі музей і сайт вёскі стварыла, яна выдала кнігу вершаў земляка Мікалая Кацэні, сваю кнігу пра Міхалкі і ўсіх яе жыхароў «Доверчивая родина моя». Яна, як кажуць, укладвае душу ў гэты край, жывучы за паўтысячы кіламетраў. Чым не прыклад для кожнага з нас?

— Сапраўды, час ад часу трэба вяртацца да сваіх каранёў. Хоць зрэдку, хоць улетку, як мы. Каб зразумець і не забыцца, хто і што мы ёсць, — кажа Вера Захарава.

А гэты артыкул, ведаю, яны будуць чытаць у Кіеве. Міхалкоўскія канікулы скончыліся. Да наступнага лета!

Valentinak3@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter