Міграцыйны падтэкст

Дэмаграфія адзін з самых сур’ёзных выклікаў чалавецтву, нягледзячы на тое, што колькасць насельніцтва планеты ўжо даўно пераўзышла мяжу сем мільярдаў. Гэтая праблема стала сапраўдным каменем спатыкнення для ўсіх частак свету, большасці развітых краін, але не толькі. Паводле высноў выдання Science Alert, звычайна схема дэмаграфічнага крызісу выглядае даволі стандартна: зніжэнне нараджальнасці, змяншэнне долі насельніцтва працаздольнага ўзросту і павелічэнне ліку састарэлых людзей. Да падобных краін сёння належаць Злучаныя Штаты, шэраг дзяржаў Еўрасаюза, напрыклад, Іспанія і Італія, а таксама Паўднёвая Карэя, Японія і Кітайская Народная Рэспубліка.

Каб пазбегчы сістэмнага падзення колькасці працоўнага насельніцтва, патрэбна вельмі простая ўмова: неабходна, каб на адну жанчыну даводзілася статыстычная лічба нараджальнасці 2,2 дзіцяці (у любой дзяржаве). Цяпер каэфіцыэнт нараджальнасці ў многіх, у тым ліку пералічаных развітых краінах, зменшыўся — ніжэй “за два”. Напрыклад, у ЗША гэты паказчык складае 1,76 — пры сярэдняй працягласці жыцця 78,7 года. Прычым тут значна расце колькасць пенсіянераў, якую пакуль яшчэ нівеліруе моцны паток працоўных мігрантаў. 

У Іспаніі каэфіцыент нараджальнасці наогул 1,5 (смяротнасць перавышае нараджальнасць). Нешта падобнае існуе ў Італіі — фінансавыя праблемы насельніцтва стрымліваюць нараджальнасць на Апенінах. Не радуе адпаведныя ўрады нараджальнасць у Японіі — 1,44, Паўднёвай Карэі — 1,26. У КНР зараз сем’і могуць мець і па двое дзяцей, аднак, нягледзячы на гэтыя магчымасці, да 2030 года ўзрост 25 працэнтаў насельніцтва вялікай дзяржавы дасягне 60 гадоў.

Канешне, разбуральныя наступствы “дэмаграфічнага пытання” для многіх краін часткова могуць вырашыць — у якасці працоўнай сілы — шматлікія мігранты, але спыніць крызіс поўнасцю не атрымаецца, паколькі значная частка грамадзян з бедных тэрыторый едзе ў пошуках лепшай долі на працу і жыццё ў больш заможныя.  

Так адбываецца з насельніцтвам Усходняй і Цэнтральнай Еўропы: яно рэзка скарачаецца ў адрозненне ад Еўропы Заходняй. Пачынаючы з 1990 года, па ацэнках аўстрыйскіх дэмографаў з Венскага центра дэмаграфіі Вітгенштэйна, працоўная эміграцыя ў межах ЕС дазволіла моцна падняцца на працоўныя рэсурсы развітым краінам. Не пакінуўшы шанцаў на паляпшэнне дэмаграфіі ў Балгарыі, Латвіі, Літве, Малдове, Босніі і Герцагавіне і Косава, дзе колькасць працаздольных зменшылася на 19 і больш працэнтаў. Да прыкладу, сённяшні паказчык нараджальнасці ў Балгарыі — 1,46. Чакаецца, што да 2050 года колькасць насельніцтва гэтай усходнееўрапейскай краіны дасягне вельмі нізкага ўзроўню — 5,4 мільёна чалавек. У Латвіі на гэтую ж дату будзе 1,52 мільёна. Толькі колькасць насельніцтва Чэхіі, Славакіі і Славеніі ўзрасла па пару працэнтаў. За кошт масавага сыходу мігрантаў з Бліжняга Усходу і Паўднёвай Афрыкі атрымалі прыкметны прырост насельніцтва ў Швейцарыі (на 26 працэнтаў), у Іспаніі (на 20) і Швецыі (на 17 працэнтаў). З улікам павелічэння нараджальнасці прыбыло грамадзян у Ірландыі на 36 працэнтаў і Францыі — на 18 працэнтаў.

Паводле звестак Белстата, наша краіна па колькасці насельніцтва знаходзіцца ў свеце на 92-м месцы, сярод еўрапейскіх дзяржаў — мы 16-ыя, а ў краінах Садружнасці займаем пятую пазіцыю. Аднак доўгатэрміновы прагноз Дэпартамента па эканамічных і сацыяльных пытаннях ААН насцярожвае: на працягу бліжэйшых дзесяцігоддзяў колькасць насельніцтва Беларусі будзе зніжацца. Да 2020 года яно скароціцца да 9,415 мільёна чалавек, да 2030-га — да 9,163, да 2040 года да 8,837 мільёна, а да 2050-га складзе 8,571 мільёна чалавек. Пры гэтым да 2050-га з двух мільёнаў да аднаго зменшыцца сельскае насельніцтва нашай краіны. Такім чынам, прагназуецца: у нашых гарадах будзе тады жыць 7,5 мільёна чалавек.

Будзем спадзявацца, што гэты песіместычны сцэнарый міжнароднай арганізацыі з цягам часу не спраўдзіцца і дэмаграфічная праблема Беларусі будзе паступова вырашацца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...