Мiчурын

Вусік — гэта не прозвішча Хвецькава, а мянушка, якая прыляпілася за тое, што пакляўся насіць вусы да таго часу, пакуль пасля трох дзяўчынак не даб’ецца хлопца. Працуе Вусік старшым канструктарам, ці, як кажа,  старканстрам, на адной з гарадскіх вытворчасцей...

Вусік — гэта не прозвішча Хвецькава, а мянушка, якая прыляпілася за тое, што пакляўся насіць вусы да таго часу, пакуль пасля трох дзяўчынак не даб’ецца хлопца. Працуе Вусік старшым канструктарам, ці, як кажа,  старканстрам, на адной з гарадскіх вытворчасцей. Працу сваю шануе і ні на якую іншую не прамяняе. Нездарма яго ўсё часцей называюць па бацьку — Хведар Яўціхавіч. Мог бы і да загадчыка аддзела дарасці, вышэй узняцца, але не надта рвецца па службовай лесвіцы, прыкіпеў да аднаго месца — не адарваць! 

Апрача работы, ёсць у Вусіка і яшчэ адно важнае захапленне — ягоная дача.  Месціцца яна не ў садаводчым кааператыве, а ў прылеснай вёсцы з прыемнай і вабячай слых назвай — Веркі: ці то верыць у кагосьці, ці ў штосьці, або ад дзявочага Вера, Верачка, але прыемна чуць! Ды, можа, занадта сказана — дача. Зямельны ўчастак, пасярод якога ўзвышаецца, як усё роўна марсіянскі аб’ект, металічны вагончык, які Хведар раздабыў па ніштаватай цане ў аднаго са знаёмых. Затое ўчастак абнесены раўнюткім, бы пад лінейку, штыкетнікам, дагледжаны, акуратны. Добра і тое, што пад самым горадам: на велік — і тут. 

Але, бадай, галоўная прыкмета ўчастка — ягоны сад. Тут, мусіць, ці не дзесяткі два ладных, адно пад адно, дрэўцаў, рознае кустоўе, усялякая расліннасць. Любіць Вусік паваждацца ў садку. Відаць, прыроджанае, ад дзядулі Антося перадалося, якога ён добра памятаў. Маладзейшыя, ды і больш сталага ўзросту, цяпер болей на гатовенькае, а ён, каб самому той яблык здабыць. І з гадамі ахвота да садоўніцкай справы не прападае, а, наадварот, узрастае. Вунь жа і свой гадавальнік развёў. З зярнятак, якія ўвосень нарыхтоўвае, потым усю зіму зберагае, «вылупліваюцца» парасткі-дрэўцы. 

Каму трэба — бярыце! Вусік не пасквапнічае. Праўда, жонка дык часам папікне: «Хай бы якую капейчыну меў. Што ў нас — сыплецца?..» Яно сапраўды, дочкі, бы тыя маладыя яблынькі, да верху цягнуцца. Вунь старэйшая Настачка ў тэхнікуме вучыцца, падскубвае: дай, тата, і дай... Толькі Вусіку і ў галаву не прыходзіць браць якуюсьці там плату. Нават сорамна пра гэта казаць. Не сучасны ён, але ўжо такі, які ёсць, не перайначыць. 

Сёння выхадны дзень, і Вусік мог бы болей затрымацца ў ложку, але прыскочыў на дачу раненька. «Каня» — за вагончык, а сам праміцой у гадавальнік, каб нагледзець яблыньку для свайго начальніка Пятра Іванавіча, якую той, ведаючы пра яго «лішак», папрасіў. Ды што там выбіраць, даўно прымеціў, якое дрэўца: тое, што ля агароджы, гонкае, рослае. Сабе хацеў пакінуць, а потым вырашыў: хай чалавеку! І тут справа не ў якімсьці паддобрыванні, Вусік гэтага не  любіць, — ад шчырых памкненняў. 

Не паспеў Вусік толкам размясціцца на ўчастку, як пачулася сігналенне, мільгануў блакітны, пад колер веснавога неба «масквічок»: няўжо Пятро Іванавіч? Ён самы, не прымусіў доўга чакаць. 

А той, апрануты «па-будзённаму», у трыко, лёгкай вятроўцы, ужо шыбуе насустрач: 

— Здарова, Яўціхавіч! 

— Прывітанне, Пятро Іванавіч. 

— Ну як, не перадумаў з яблынькай? 

— Ды што вы: дагавор даражэй за грошы. 

— Тады і не будзем цягнуць, пойдзем глядзець тавар. 

Вусік выносіць з вагончыка рыдлёўку, і яны разам з Пятром Іванавічам, абодва высокія, толькі адзін больш хударлявы, а другі спраўнейшы, але не поўны — у самы раз, крочаць амаль праз увесь участак туды, дзе месціцца гадавальнік. 

— Фізкульт-ура дачнікам! — аклікае іх з суседняга двара Шастоўскі, ужо ў гадах мужчына, з былых фізкультурных работ-нікаў. 

— Наша вам шанаванне, — адгукваецца Вусік. 

— Можа, якая дапамога патрэбна? Бачу, вы з падручным інструментам. 

— Ды мы і не адмовімся, калі ў вас такія намеры ёсць. Бо нам і адкопваць, і закопваць — шмат работы. 

Пакуль Шастоўскі ідзе, Вусік з Пятром Іванавічам завіхаюцца ў гадавальніку. Вусік абводзіць рыдлёўкай, бы тым цыркулем, вакол яблынькі — гэткую адмеціну робіць. Пастаяў крыху, пакеміў — адносіць круг далей, пашырае яго. «Во, цяперака норма», — кажа, цьфукае на рукі і пачынае капаць. Асцярожна, бы прымерваючыся, ставіць лязо рыдлёўкі. Выхапіць штык зямлі, патрымае яго на вазе і акуратна скідвае ў грудку. Увачавідкі тая расце. 

— Мо подзаменімся, Яўціхавіч? — пытаецца Шастоўскі, які якраз падаспеў. 

— І сапраўды, чаго нам стаяць? — падтрымлівае яго Пятро Іванавіч. — Рукі просяцца да справы. 

— А-а, што? — увесь у сабе Вусік. — Не, пачакайце, тут я сам! 

Будзе капаць, прысядзе на карачкі, мацае зямлю, каб часам не зачапіць карані. Зноў паўтарае «манеўр», скрупулёзна, педантычна ўсё выконвае. 

— Мічурын, ды і толькі! — гледзячы на ягоныя ўвіханні, ускліквае Шастоўскі. 

— Ён самы! — не ўтрымліваецца ад пахвалы Пятро Іванавіч. 

А Вусік нібыта ўсяго гэтага і не чуе, ужо добры пятачок распрацаваў каля яблынькі: 

— Ну што, будзем цягнуць? Толькі пакрысе, не спяшаючыся. Паддаецца, не? Дайце яшчэ падкапаю. 

І вось яблынька, вызваленая з зямельных абдымкаў, у Вусікавых руках. Той і так паверне яе,  і гэтак, любуецца, гладзіць. «Чыстая работа, — гаворыць задаволена, — аніякай драпінкі! Будзем рыхтавацца да перавозкі». 

Ідзе ў вагончык, бярэ ахапак газет, якія меліся, макае іх у вядро з вадой і  пачынае абгортваць карані дрэўца, а  наверх яшчэ цэлафанам. 

— Ды гэта мо і лішняе? — па-свойму рэагуе на ягоныя прыгатаўленні Пятро Іванавіч. — Колькі тут везці... 

— А што? Не, трэба, — не згаджаецца Вусік, — раптам падсушыць, бачыце, як прыгравае, а мы павінны даставіць яблыньку жывой, дыхаючай. Каб і не адчула дарогі. 

— Мічурын, — не праміне ўставіць Шастоўскі. 

Затым усе трое едуць на дачны ўчастак Пятра Іванавіча. Выбралі месца пад яблыньку за альтанкай: там сонечна, ацішана. Тое, што трэба! Пачынаюць капаць яму. Спачатку Пятро Іванавіч, гаспадар, потым Шастоўскі. Яму, невысокаму, ужо лічы, па пояс. 

— Мо хопіць, Яўціхавіч? — пытаецца ў Вусіка, які ў гэты час вызваляў дрэўца ад абгорткі. 

— Што?.. Не, яшчэ трэба! — адгукваецца той. — Каб да самай гліны, тады вільгаць будзе ўтрымлівацца. Вылазьце, я паспрабую капаць. 

— Ды адпачыў бы ты, Хведар Яўціхавіч, — угаворвае Пятро Іванавіч. — Ці мы  ўдваіх не справімся — столькі той работы! 

— Адпачнём, калі яблынька будзе стаяць на месцы, — не дае нават усумніцца ў сваім рашэнні Вусік. 

— Ну, глядзі... Ой, забыўся, Хведар Яўціхавіч, сказаць: пра цябе распытваў Галубец з аддзела галоўнага механіка. 

 А што... Галубец? Ведаю такога. Гады чатыры назад яму саджанцамі дапамагаў, мо ўжо яблыкі з’явіліся... 

— Вось-вось, калі даведаўся, што будзеш на нашых дачах, сказаў, абавязкова падыдзе. Яго ж фазэнда непадалёк, вунь на тым пагорку, што ўпіраецца ў лясны масіў.

А Вусік ужо ў дзеянні, зухавата і ў той жа час няспешна ўпраўляецца з рыдлёўкай. Зямлю — у адзін бок, пясок — у другі. Ужо і да гліны дабраўся... 

Нарэшце выбіраецца з ямы, выцірае далонямі спацелы лоб: 

— Ну, здаецца, глыбіні хопіць, будзем саджаць яблыньку. Угнаенні, чым заправіць глебу ёсць? 

— Ды гэтага дабра знойдзецца! 

Пятро Іванавіч і Шастоўскі бяруць глыбокую выварку, бо на той момант нічога іншага не знайшлося, прыносяць у ёй спачатку гной, а потым тарфакрошку. Слаямі, як і загадвае Вусік, укладваюць у ямку, перамешваюць з зямлёй. Потым зноў паўтараюць — і наверх дрэўца. Вусік прыпадае на адно калена, згінаецца ў яму, беражліва разгладжвае мох. Прыўзнімае дрэўца, патрусвае: 

— Ну а цяпер будзем засыпаць, толькі не валіце шмат, асцярожна сыпце! 

Потым зноў «вітаміны», зямля, паліўка... І вось яблынька ўзіраецца ў наваколле, асвойваецца на новым месцы. Вусік бярэ жардзінку, якую гаспадар прынёс, ачэсвае пад калок, убівае каля яблынькі ў зямлю, падвязвае нятоўстым шнурам, што ў яго меўся: 

— Расці, мілая! 

— Я, здаецца, у час падаспеў! — якраз у гэты момант чуецца гучнае ўсклікванне. 

— Галубец, ты? — пазнае Вусік. — Адкуль узяўся?.. 

— Вось вам, Хведар Яўціхавіч, — падыходзіць той да Вусіка і працягвае цэлафанавы пакет, у якім бачны чырванабокія прыгажуны яблыкі, — гасцінец ад той яблынькі, якую мне перадалі. Вельмі гатунак удалы, плады аж да красавіка праляжалі, ешце на здароўе! 

Вусік нейкі момант стаіць атарапелы, а потым яго твар кранае, можа, упершыню за дзень, лёгкая ўсмешка, ён  пачынае напаўняцца радасцю, задавальненнем. 

Са здзіўленнем і незатоеным захапленнем глядзяць на Вусіка Пятро Іванавіч і Шастоўскі: 

— Ну, Мічурын! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter