Імгненні новага мастацтва

Фестываль Юрыя Башмета зноў здзівіў смелымі эксперыментамі

Міжнародны фестываль Юрыя Башмета зноў здзіўляе смелымі творчымі эксперыментамі

На сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі адбылося ўрачыстае адкрыццё сёлета ўжо восьмага па ліку Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Форум, які штогод здзіўляе беларускіх гледачоў нечаканымі творчымі эксперыментамі, на гэты раз прапанаваў спалучэнне ў адной праграме класічнай музыкі і высокай паэзіі. Фестываль прадставіў адмысловае літаратурна-музычнае дзейства — пад музыку Сяргея Пракоф’ева ў выкананні ўладальнікаў прэміі «Грэмі» камернага ансамбля «Салісты Масквы» пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Юрыя Башмета вядомы акцёр тэатра і кіно, народны артыст Расіі Канстанцін Хабенскі чытаў паэму Уладзіміра Маякоўскага «Воблака ў штанах».

— Такую праграму мы яшчэ ні разу не рабілі. Гэта лірычная паэзія ў стылі хард-рока. Мне думаецца, «Воблака ў штанах» — не лёгкая сатыра, а глыбокая лірыка кахання, якая пераходзіць у космас чалавечых перажыванняў. І музыка Пракоф’ева таксама вельмі няпростая. Спалучыць двух такіх няпростых лю-дзей і іх творы — у гэтым сэнс, — расказаў журналістам перад пачаткам выступлення Канстанцін Хабенскі.

У другім аддзяленні канцэрта гучаў знакаміты «Карнавал жывёл» Сен-Санса — вялікая заалагічная фантазія для двух фартэпіяна, камернага ансамбля і чытальніка ў 14 частках. На гэты раз да папярэдніх удзельнікаў далучыліся два выдатныя піяністы — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Ксенія Башмет (Расія) і Расціслаў Крымер (Беларусь).

Цікава, што творчаму саюзу Юрыя Башмета і Канстанціна Хабенскага ўжо некалькі гадоў. Пачалося ўсё з сумеснай праграмы, у якой артысты ўдала спалучылі ўрыўкі з п’есы Камю «Калігула» і квартэт «Смерць і дзяўчына» Шуберта.

— Я ўдзячны лёсу, што звёў мяне з Юрыем Абрамавічам. Башмет любіць імправізаваць і эксперыментаваць з класічнай музыкай, шукаць новыя формы. Кожны раз, калі мы сустракаемся на тым ці іншым выступленні, гэта, як правіла, эксперымент. Нават калі праграма ў нас адпрацаваная, мы кожны раз дадаём імправізацыю. Радуем сябе і гледачоў маленькімі музычна-літаратурнымі свавольнасцямі, — расказаў Канстанцін Хабенскі.

Спалучэнне музыкі і паэзіі, на думку акцёра, дае магчымасць успыхнуць нейкай іскры пад назвай «імгненнае новае мастацтва».

— Гэтым мала хто займаецца. Гэта магчымасць раптам высячы нешта, чаго не даюць асобна ні літаратура, ні музыка, хаця самі па сабе яны самабытныя і завершаныя, — гаворыць Канстанцін Хабенскі.

Разам з тым, прызнаецца акцёр, супрацоўніцтва з маэстра Башметам і ўдзел у стварэнні такога сімбіёзу мастацтваў дадае яму, чалавеку творчаму, адрэналіну, а таксама дазваляе паменьшыць колькасць «белых плям» на карце ўласных музычных пазнанняў.

Мяркуючы па ўсім, падобныя эксперыменты Канстанціну Хабенскаму вельмі цікавыя. Невыпадкова ж дзеля выступлення з маэстра на фестывалі ён спыніў здымкі і ўсяго на адзін дзень прыляцеў у Мінск з Мальты.

Не менш цікавым абяцае быць і сённяшні фестывальны вечар. На сцэну Белдзяржфілармоніі выйдзе сусветна вядомы Кшыштаф Пендэрэцкі — адзін з самых выдатных і знакамітых польскіх кампазітараў. Сёлета ў лістападзе маэстра адзначыць сваё 80-годдзе. Дарэчы, нягледзячы на шаноўны ўзрост, у яго вельмі насычаная канцэртная праграма. У Мінск ён заедзе паміж прэм’ерай новай оперы ў Варшаве і амаль адразу пасля ўдзелу ў фестывалі Башмета адправіцца на гастролі ў Азію.

У Мінску маэстра Пендэрэцкі выступіць у канцэрце «Юбілей легенды» і будзе дырыжыраваць сваім вакальна-сімфанічным творам «Credo», вельмі маштабным, у выкананні якога занята больш як дзвесце чалавек — салісты маскоўскага Вялікага, Варшаўскага і Эстонскага оперных тэатраў, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, дзіцячы хор музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 

------------------------------------------

Дарэчы

У колькі абходзіцца запрашэнне зорак сусветнай велічыні? Па словах мастацкага кіраўніка Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, беларускага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Расціслава Крымера, агучваць суму, выдаткаваную на арганізацыю фестывалю, было б некарэктна. Разам з тым, адзначае Расціслаў Крымер, фестываль Юрыя Башмета з’яўляецца адным з самых акупальных культурных мерапрыемстваў у Беларусі і выкарыстоўвае найменшую колькасць дзяржаўных сродкаў, імкнучыся максімальна існаваць самастойна.

Гэта пацвярджае і першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

Паводле яго слоў, фінансаванне форуму ажыццяўляецца з трох крыніц: ад продажу квіткоў, за кошт спонсарскіх грошай (асноўная частка) і бюджэтных сродкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter