“Мець дзіця-інваліда — не сорам, сорам пакінуць яго ў інтэрнаце!”

Сапраўдная спагада, на думку вядомага аўстрыйскага пісьменніка Стэфана Цвейга, вымагае ўчынкаў, а не сантыментаў. Віліам Амара з каталіцкага ордэна “Хрысціянскія браты”, наведаўшы аднойчы Беларусь, знайшоў тут сэнс жыцця. Ён заснаваў мясцовы дабрачынны фонд “Добра тут”, які аказвае матэрыяльную і сацыяльную дапамогу дамам-інтэрнатам, а таксама сем’ям, дзе ёсць хворыя дзеці.

У гэтым упэўнены манах з Ірландыі, які 16 гадоў дапамагае беларускім дзеткам і дарослым з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Сапраўдная спагада, на думку вядомага аўстрыйскага пісьменніка Стэфана Цвейга, вымагае ўчынкаў, а не сантыментаў. Віліам Амара з каталіцкага ордэна “Хрысціянскія браты”, наведаўшы аднойчы Беларусь, знайшоў тут сэнс жыцця. Ён заснаваў мясцовы дабрачынны фонд “Добра тут”, які аказвае матэрыяльную і сацыяльную дапамогу дамам-інтэрнатам, а таксама сем’ям, дзе ёсць хворыя дзеці.

— Спадар Віліам, ці складаны быў ваш шлях да Бога?

— Ён ніколі не бывае лёгкім. Але мне вельмі дапамагло тое, што я, як і большасць ірландцаў, вырас у рэлігійнай сям’і. Зараз, на жаль, няшмат маладых людзей абіраюць для сябе самы няпросты шлях служэння Богу — праз манаства. Я ж марыў аб гэтым з маладосці, бо толькі так я мог быць па-сапраўднаму вольным. Калі б у мяне была ўласная сям’я, я не змог бы цалкам прысвяціць сябе дабрачыннасці і дапамозе людзям.

— Каталіцкія манаскія ордэны традыцыйна дзейнічаюць там, дзе асабліва патрабуецца дапамога — у зонах ваенных канфліктаў, у самых бедных краінах Лацінскай Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Чаму вы выбралі Беларусь?

— З вашай краінай я ўпершыню пазнаёміўся праз беларускіх дзетак, якія прыязджалі да нас у Ірландыю на адпачынак і аздараўленне пасля чарнобыльскай трагедыі. Тады я працаваў звычайным школьным настаўнікам, і, шчыра кажучы, мае веды пра Беларусь у той час абмяжоўваліся паняццем, што гэта былая частка СССР. У 1994 годзе па лініі дабрачыннай арганізацыі Burren Chernobyl Project я ўпершыню наведаў вашу краіну і шэраг дзіцячых дамоў і інтэрнатаў у Баранавічах, Брэсце, Кобрыне, Гомелі і г. д. Зразумела, што сітуацыя ў пачатку 90-х гадоў у гэтых установах была няпростая, таму гуманітарная дапамога ім аказалася вельмі патрэбнай. Праз два гады я зноў наведаў Беларусь. Як зараз памятаю, стаяла вельмі халодная зіма. Калі ўжо збіраўся вяртацца дадому, мне патэлефанавала цудоўная жанчына — унучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч — і прапанавала наведаць інтэрнат для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Чэрвені. Што і казаць, гэта паездка назаўсёды змяніла мой далейшы лёс. Я ўбачыў тое, што лепш і не бачыць, калі хочаш мець спакой у сэрцы: шэры казённы будынак, якому патрабаваўся капітальны рамонт, дзеці, апранутыя ў старыя непрыгожыя рэчы. І ў кожнага такі сум у вачах... Але больш за ўсё мяне ўразіла тое, што побач з дзецьмі, якія мелі псіхічныя недахопы, выхоўваліся і тыя, хто быў нармальны, але не мог хадзіць ці не меў рукі.

Я зразумёў: калі хачу па-сапраўднаму служыць Богу, то павінен зрабіць усё, каб змяніць жыццё гэтых дзетак да лепшага. Так мною быў заснаваны фонд “Добра тут”. Самае цікавае, што Беларусь і Ірландыя пачалі свае стасункі не нядаўна. Аказваецца, яшчэ ў ХІІ стагоддзі вашу краіну наведвалі ірландскія манахі. Гісторыя нашага сяброўства вельмі даўняя (усміхаецца спадар Віліам).

— Ці лёгка вашаму фонду знаходзіць сродкі для дапамогі ва ўмовах фінансавага крызісу?

— Ірландцы заўсёды былі неабыякавымі да чужога гора. Мабыць, таму, што мы і самі ў свой час шмат чаго перажылі. Вось нядаўні прыклад. Калі здарылася бяда на Гаіці — страшэнны землятрус, Ірландыя была ў ліку першых краін, якія хутка адклікнуліся і пачалі адпраўляць значныя аб’ёмы гуманітарнай дапамогі яе жыхарам. Зараз ва ўмовах фінансавага крызісу, безумоўна, стала складаней адшукваць сродкі на дабрачыннасць, бо шмат ірландцаў страцілі працу, многім прыходзіцца эканоміць, каб выплачваць крэдыты банкам. Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто, нягледзячы на складаныя ўмовы, працягвае ахвяраваць на дабрачыннасць, бо большасць з іх — простыя людзі. Але дзякуючы таму, што ў свой час наш фонд засяродзіў увагу на праблеме дамоў-інтэрнатаў для дзяцей і дарослых з псіхафізічнымі асаблівасцямі, да нас пачалі далучацца і беларусы. Мы наладзілі добрыя стасункі з усімі дырэктарамі гэтых устаноў, мясцовым кіраўніцтвам, якія шмат дапамагаюць у нашай справе. Як, напрыклад, Таццяна Аляксандраўна Дамарацкая — першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама. А не так даўно ў Мінску пры поўнай інфармацыйнай і спонсарскай падтрымцы грамадска-культурнай кампаніі “Будзьма” адбыўся дабрачынны рок-канцэрт “Добры фэст” з удзелам знакамітых груп “Палац”, “ZM99”, “B:N”, “Нейра Дзюбель” і “IQ48”, які дапамог нам сабраць грошы на патрэбы дома-інтэрната ў Чэрвені.

— Цікава, як адносяцца да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў вашай краіне?

— У Ірландыі іх называюць боскімі дзецьмі. Адсюль і адпаведныя адносіны з боку грамадства. Дзякуючы вялікай ролі хрысціянства ў жыцці ірландцаў з даўніх часоў мець у сваёй сям’і дзіця з абмежаванымі магчымасцямі лічылася за шчасце. Крыўдзіць такіх дзетак, а тым больш пакідаць іх у прытулках было вялікім грахом. Безумоўна, былі розныя выпадкі і ў нас, але, на шчасце, гэта здаралася вельмі рэдка. Сёння большасць дзетак з абмежаванымі магчымасцямі ходзяць у звычайныя школы, што дапамагае ім з дзяцінства атрымліваць веды і пасля знаходзіць добрую працу. Для дзяцей жа з псіхічнымі асаблівасцямі створаны спецыяльныя развіваючыя гурткі па інтарэсах. Звычайна яны знаходзяцца пры кляштарах.

У Беларусі, на жаль, сітуацыя крыху іншая. Калі ў сям’і з’яўляецца дзіця з абмежаванымі магчымасцямі, гэта стварае шэраг праблем. Асабліва для жанчын, бо не кожны мужчына такі моцны. Можна прывесці безліч прыкладаў, калі яны пакідаюць сям’ю. Маці застаецца адна з хворым дзіцем...

— Ці ёсць выпадкі, калі сям’я забірала з інтэрната дзіця-інваліда?

— Іх не так многа, як таго хацелася б. Як я заўважыў у час сваіх падарожжаў на Беларусь, у вас мець дзіця з абмежаванымі магчымасцямі сорамна. Асабліва калі гэта датычыцца псіхічнага захворвання. У адказ мне хочацца задаць пытанне: “А не сорамна пакідаць яго ў інтэрнаце?” Гэта ж частка вас саміх. Ён не крадзе, не забівае, у чым жа тады яго віна? Каб толькі бацькі паглядзелі, у якіх умовах ён будзе жыць, яны б ніколі так не зрабілі... Зараз у інтэрнатах сітуацыя лепшая, як была ў пачатку 90-х: утульныя адрамантаваныя пакоі, але дзіця там знаходзіцца ў поўнай адзіноце.

Большасць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі маглі паспяхова жыць у сям’і. І, на маю думку, карысць ад гэтага была б усім. Па-першае, дзяржаве не трэба будзе выдаткоўваць столькі грошай на іх знаходжанне ў спецінтэрнатах. Па-другое, псіхічны і эмацыянальны стан такіх дзяцей толькі палепшыцца ад знаходжання сярод блізкіх і родных. Таму супрацоўнікі нашага фонду працуюць не толькі з дзецьмі-інвалідамі, але і членамі іх сямей. Бо часам яны не могуць забраць яго дадому не з-за сваёй чэрствасці, а з-за праблем з жытлом. Тады мы імкнемся зрабіць усё магчымае, выкарыстоўваем нават свае сувязі, каб палепшыць бытавыя ўмовы гэтай сям’і.

У нас быў выпадак, калі хлапчука-падлетка з-за таго, што ён нюхаў клей, памясцілі ў псіхіятрычную клініку, адкуль ён мог не выйсці да канца свайго жыцця. Ірландскія валанцёры дапамаглі яго брату забраць хлопца дадому. Рэабілітацыя прайшла паспяхова. Зараз ён ужо вырас і мае сваю ўласную сям’ю.

— Спадар Віліам, вы шмат працуеце з дзецьмі-інвалідамі. Які ўрок яны могуць даць нам, здаровым людзям?

— Традыцыйная сям’я ў наш час распадаецца на разрозненыя кавалкі. Многа разводаў, нізкая нараджальнасць. У маім дзяцінстве (а ў нашай сям’і было восем дзяцей) маці зрэдку гулялі з дзецьмі, бо гэта было не патрэбна: самымі лепшымі сябрамі былі родныя браты і сёстры. Зараз жа чалавек з маленства расце ў адзіноце. Вы паглядзіце, колькі зараз адбываецца самагубстваў, колькі людзей пакутуюць ад дэпрэсіі! І гэта на фоне тэхнічнага прагрэсу, калі наша жыццё стала больш камфортным. А карані трэба шукаць у адзіноце і дэградацыі маральных каштоўнасцей.

Я глыбока перакананы, што ўсё ў гэтым сусвеце мае свой запаведны сэнс. Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі робяць наша жыццё больш радасным. Тыя ж дзеткі з сіндромам Даўна валодаюць унікальнай аўрай. Іх сэрцы перапоўнены дабрынёй і пазітывам. Яны — добры прыродны антыдэпрэсант. Я часта разважаю: што за карысць ад гэтага розуму, калі чалавек можа выкарыстаць яго ў дрэнных мэтах — схлусіць, забіць...

Адзін з нашых падапечных, Сяргей Ульянчык, з дзяцінства меў цяжкую форму ДЦП. Яго маці знаходзілася ў турме, а ён — у інтэрнаце. З такім дыягназам хлопец мог дажыць толькі да дзесяці год... І вось з намі прыехала ў Беларусь спадарыня Трыса — пажылая кабета, якая выхавала пяцёра дзетак, мела шмат унукаў, але чагосьці ёй не хапала ў жыцці. На працягу пяці год яна даглядала Сяргея. І ён змог пражыць крыху больш, як прагназавалі дактары. Жанчына прызнаецца, што самыя лепшыя гады ў сваім жыцці яна правяла побач з Сяргеем...

Арына САНДОВІЧ, “БН”
НА ЗДЫМКАХ: Віліам АМАРА; у Чэрвенскім доме-інтэрнаце.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і Леаніда КРЫВАНОСА, “БН”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter