Фотарэпартаж: аматары рэтраматацыклаў – аб унікальных набытках, сакрэтах і цяжкасцях вяртння тэніцы новага жыцця

Мэтры ў стылі рэтра

Скарбы не заўсёды хаваюцца ў зямлі і неабавязкова ўяўляюць сабой збанок з золатам і каштоўнасцямі. Нярэдка іх можна знайсці закінутымі ў гаражах, на гарышчах, звалках і нават па аб’явах. Ва ўсякім разе, там трапляліся яны братам Гапановічам, аматарам рэтраматацыклаў. Яны паказалі карэспандэнту «Р» свае ўнікальныя набыткі і расказалі аб сакрэтах і цяжкасцях вяртання матацыклам новага жыцця.

Сямігадовы Уладзік раздзяляе бацькоўскае захапленне матацыкламі.
— Сярод матацыклаў мы раслі, — расказвае аб каранях захаплення рэтратэхнікай Алег Гапановіч. – Бацька меў «Яву» 1967 года выпуску, сваякі — хто «Днепр», хто «Іж». Я быў на сёмым небе ад шчасця, калі атрымаў свой першы мапед «Рыга-16». Дарэчы, ён і зараз на хаду, хоць адслужыў пяці гаспадарам.

Безумоўнымі фаварытамі братоў сталі матацыклы «Ява». Па аб’явах, распытваючы знаёмых, знайшлі «Яву-360» і «Яву-559» 1960-х гадоў выпуску.
Апошняя знаходка «Іж-Юпітэр» 1980 года знахо­дзіцца ў нядрэнным стане.
— Рэстаўравалі тут жа, у гаражы, — згадвае Віталь. – Запчасткі шукалі праз сарафаннае радыё. Зрэшты, гэтыя матацыклы і самі сабе дэталі знаходзяць. Варта кудысьці выехаць, як яны адразу прыцягваюць увагу. Падыходзяць дзядзькі ва ўзросце нашых бацькоў, радуюцца, як дзеці, матацыкл гладзяць. Маўляў, гэта ж маладосць наша. Ну і, бывае, прапануюць дэталі, што ў іх засталіся.

Сёння набыць рэтратэхніку стала больш складана: мата­цыклы перажылі сваіх гаспадароў, а ў нашчадкаў няма дакументаў. З-за гэтага транспарт цяжка перааформіць. А для рэстаўратаў важна, каб ён быў на хаду, мог выехаць на дарогу.
Устарэлую італьянскую «Джылеру» давялося поў­насцю разабраць.

Віталь дэманструе сваю любімую «Яву-350» з каляскай або, дакладней, з бакавым прычэпам:

— Студэнтам купіў у чалавека, які паўжыцця на ім праездзіў. Ужо на той час гэта быў рэдкі матацыкл 1973 года выпуску – апошняга, калі выраблялі такую арыгінальную мадэль з плаўнымі лініямі, храміраванымі накладкамі. Матацыкл быў зусім у дрэнным стане: каляска валялася ў гаражнай яме, сама «Ява» была завалена нейкім хламам, іржавая... Каб аднавіць прычэп, давялося набыць тры «донары». На адным захаваліся арыгінальныя ліхтарыкі, на другім – рэдкі замок багажніка, на трэцім – скураное «роднае» сядзенне. Бак з храміраванымі накладкамі ўдалося нават новы купіць: у тыя часы людзі былі запаслівыя.

«Ява-350» уражвае гарма­нічнымі плаўнымі лініямі.
Ганаровае месца ў гаражы братоў займае чорны «Мінск М1М» 1959 года, вялікая цяпер ужо рэдкасць для нашай краіны. Зараз ён стрымана зіхаціць чорнай фарбай, а яшчэ нядаўна...

— Каб вы бачылі! Ён быў проста ў жахлівым стане! – бярэцца за галаву Алег. – Усё разбітае, іржавае, стаяў пад дахам, адкуль на яго вада капала...

Гэты транспарт мае выдатны радавод. Нямецкі завод DKW, вядомы ў Еўропе першым лёгкім даваенным матацыклам, пасля вайны вывезлі па рэпарацыях у Маскву, а ў 1951 годзе пераправілі ў Мінск. Канструкцыя матацыкла была вельмі ўдалая, яе капіравалі 9 краін. Гісторыя брэнда «Ямаха» пачалася з такога матацыкла.

Алега Гапановіча здзіўляе, што ў нас няма таварыства аматараў мінскіх рэтраматацыклаў.
—Якасны, надзейны, даступны, эканомны, ра­монтапрыгодны, — пералічвае Алег перавагі ма­тацыкла. – А ў Мінску значна ўдасканалілі гэту мадэль. Па-першае, адмовіліся ад акумулятара і паставілі генератар пераменнага току. Акрамя таго, колы закрылі глыбокімі крыламі. Уяўляеце, якія былі тады дорогі? Крылы абаранялі седака ад гразі і выдзялялі «Мінск» сярод яму падобных.

У напаўразабраным стане на варштаце стаіць нешта неапазнавальнае, але ўжо прыгожае, серабрыста-каралавае.

— Гэта «Джылера», матацыкл старэйшай італь­янскай фірмы, — прадстаўляе Віталь. – Набылі яе дзякуючы сябрам з Італіі. Матацыкл быў на хаду, але надта ўстарэлы. Давялося поўнасцю разабраць, перебраць рухавік, пера­фарбаваць, дзе трэба – падварыць, адшліфаваць.
«Мінск» архаічны ў добрым сэнсе слова: убачыўшы яго, адразу разумееш, якога матацыкл узросту.
 Браты спадзяюцца, што паставяць далікатнага італьян­скага прыгажуна на колы недзе праз месяц. Наго­да ёсць: яны ўжо ў шосты раз арганізуюць фес­ты­валь старадаўніх ма­та­цыклаў у Беларусі «Кола часу», які з першай жа спробы стаў міжнародным. У самай маштабнай сустрэчы аматараў рэтраматацыклаў прынялі ўдзел больш за 200 рарытэтаў, якія везлі з Расіі, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і іншых краін.

— У гэтым годзе збіраліся ўзяць паўзу, — прызнаецца Алег. – А скончылася тым, што плануем «Крывіцкае падарожжа» – вялікі праезд рэтра­матацыклаў з куль­турнай праграмай у населеных пунктах Вілейшчыны, Мя­дзель­шчыны. За­адно бліжэй пазна­ёмім замеж­ных гас­цей з нашай краінай.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter