Металічная шыльдачка на Глінным пагосце

ГЭТЫ дзень беларусы называюць яшчэ Бацькоўскай суботай. Восеньскія Дзяды, ці Дзмітраўскія Дзяды, прысвечаны памяці цэлага роду, таму лічацца галоўнымі ў славянскай традыцыі памінаць продкаў. Да Дзядоў прынята прыбіраць могілкі, наводзіць парадак у доме. Вось і мне давялося дапамагаць сваёй бабулі Марыі АЎРУСЕВІЧ з вёскі Амяльная Івацэвіцкага раёна прыбіраць магілкі ў суседняй Гліннай.

Сёння праваслаўныя і каталіцкія вернікі адзначаюць восеньскія Дзяды

ГЭТЫ дзень беларусы называюць яшчэ Бацькоўскай суботай. Восеньскія Дзяды, ці Дзмітраўскія Дзяды, прысвечаны памяці цэлага роду, таму лічацца галоўнымі ў славянскай традыцыі памінаць продкаў. Да Дзядоў прынята прыбіраць могілкі, наводзіць парадак у доме. Вось і мне давялося дапамагаць сваёй бабулі Марыі АЎРУСЕВІЧ з вёскі Амяльная Івацэвіцкага раёна прыбіраць магілкі ў суседняй Гліннай.

Мы падышлі да адной з магіл. На металічнай шыльдачцы, прымацаванай на крыжы, выгравіравана імя — Цывінскі Іван Міхайлавіч. «Хто тут пахаваны?» — пацікавілася я. Бабуля выцерла рукі аб фартух. На вачах яе заблішчэлі слёзы, і яна пачала свой расповед.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маёй бабулі было амаль сем гадоў. Іх сям’я жыла ў Гліннай. Вёска ў першыя ж дні вайны аказалася ў ліку акупіраваных фашыстамі. У Гліннай жыла і сям’я бабулінага дзядзькі Івана Цывінскага. Іван Міхайлавіч быў маладым настаўнікам. Таму яго вельмі паважалі ў вёсцы. Разважлівы і сталы не па гадах, Іван Міхайлавіч працаваў у мясцовай школе. Ён абраў самую мірную і неабходную ва ўсе часы прафесію.

Немцы ды іх памагатыя — паліцаі — неўзабаве ўзяліся за ўсталяванне «новых парадкаў новай улады». Фашысты дыктавалі свае ўмовы, маўляў, школа павінна працаваць, але па іх правілах. Як быць? Вучыць дзяцей і рабіць выгляд перад акупантамі, што яму гэта падабаецца?! Не! Барані Бог! Доўга вагаўся Іван Міхайлавіч, але вырашыў, хоць і пад прымусам, школу адкрыць. Настаўнік, як заўсёды, заходзіў у клас, вучыў дзяцей пісаць, лічыць, чытаць. А на ўроках чытання дэкламаваў вершы пра родную старонку, пра Радзіму. Такія паводзіны настаўніка не падабаліся «новай уладзе».

Гэта было ў канцы жніўня 1944 года, незадоўга да вызвалення Івацэвіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Касавіца. Цёплым сонечным днём амаль усе дарослыя адправіліся касіць сена. Сенакос быў далёка за вёскай. Іван Міхайлавіч раненька запрог свайго каня, паклаў на воз мяшок збожжа і накіраваўся на млын у вёску Святая Воля, што ў сямі кіламетрах ад Гліннай. Чамусьці спяшаўся настаўнік. Але насустрач, як звычайна, мельнік не выйшаў. Гэта насцярожыла Цывінскага. Іван Міхайлавіч зайшоў на млын, а там яго чакалі немцы і паліцаі. Што там было, ніхто не ведае. Потым настаўнік з разрэзаным штык-нажамі мяшком на возе ў суправаджэнні конных паліцаяў прыехаў дадому. Каня прывязаў да плота, а сам узяў рыдлёўку і, як загадвалі паліцаі, рушыў да хвойніку, што блізка ля могілак. Вясковая дзятва чародкай бегла за любімым настаўнікам і штосьці шчабятала. Ён спыніўся і прыкрыкнуў на іх, маўляў, ідзіце дамоў.

Паліцаі чакалі, што Іван Міхайлавіч не вытрымае здзекаў, болю, спужаецца і выдасць імёны партызанаў, сувязных, але карнікі памыліліся… Мужчына трымаўся ўпэўнена, свабодна. На ўзлеску картэж спыніўся. Паліцаі загадалі настаўніку капаць яму. Ён капаў і спяваў царкоўныя песні. Івану Міхайлавічу загадалі сціхнуць, але настаўнік усё роўна спяваў. Яго білі прыкладамі, дамагаліся, каб ён стаў на калені. Потым паставілі на край ямы. Грымнула некалькі стрэлаў. Абарвалася песня… Настаўнік упаў.

Праз нейкі час прыбегла жонка расстралянага, родныя. Сталі збірацца аднавяскоўцы. Паліцаі аб’явілі, што так паступяць з кожным, хто будзе мець зносіны з партызанамі альбо не стане падпарадкоўвацца новай уладзе.

Тры дні і ночы паліцаі сцераглі тую яму, дзе ляжаў настаўнік. Яны не дазвалялі набліжацца да яе. Толькі на чацвёртыя суткі родныя змаглі адкапаць цела Івана Міхайлавіча і ўпотай пахаваць на ўскрайку глінянскіх могілак (паліцаі папярэдзілі, каб без святара і лішніх вяскоўцаў).

…Больш за сорак гадоў, як не стала жонкі Івана Цывінскага. Больш за дваццаць гадоў, як памерла мая прабабуля Антаніна Міхайлаўна (родная сястра настаўніка). Дзеці Івана Цывінскага з’ехалі жыць у Краснадарскі край Расіі. Толькі ўвесну, на Радаўніцу, з’язджаюцца родзічы, каб памянуць нябожчыкаў ды прыбраць магілкі.

Нашы продкі — настаўнікі жыцця… Сёння кланяйцеся ім, нашчадкі!

Таццяна УСКОВА, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter