У Белдзяржфілармоніі рыхтуюць гучную прэм’еру – унікальны музычны спектакль “Плошча Якуба Коласа”

Метафары на плошчы Коласа

У Белдзяржфілармоніі рыхтуюць гучную прэм’еру — маштабны нацыянальны праект, музычны спектакль «Плошча Якуба Коласа». Унікальны твор быў напісаны да 135-годдзя з дня нараджэння народнага паэта. Кампазітар, рэжысёр і харэограф — Ларыса Сімаковіч. Прэм’ера ад гэтага аўтара — заўсёды нешта адмысловае і незвычайнае, з яркай дзеяй, нечаканымі творчымі рашэннямі і трактоўкамі.

Драматычныя маналогі і пластыка, харэаграфія і маштабныя харавыя сцэны, музычныя эксперыменты і класіка — усё гэта будзе ў новым спектаклі
фота philharmonic.by

Вось і зараз у афішы пазначана: музычная метафара XXI стагоддзя, сучасны харавы тэатр, тэрыторыя сімвалаў. У спектаклі заняты драматычныя актрысы Святлана Анікей і Святлана Зелянкоўская, салістка Вялікага тэатра Дыяна Трыфанава. Галоўныя дзеючыя асобы дзіўныя — Душа, Мова, Метафара вечнага існавання. Сваю ролю — Вобразы мілыя роднага краю — мае нават Дзяржаўны камерны хор. 

Што адбудзецца на сцэне? Спрабуем высветліць.
Ларыса СІМАКОВІЧ

Ларыса Сімаковіч, аўтар спектакля:

— Безумоўна, Колас — постаць, асоба, але спектакль пра нешта большае, значна шырэйшае. Яго ідэя ўздымаецца да жыцця паэта ў тых умовах, у якіх ён апынаецца. Плошча — адна з метафар, Плошча — у сэнсе Прастора Коласа. Паэт не заканчваецца з жыццём. Геній памірае, а ягонае жыццё як генія толькі пачынаецца. Наколькі мы ў гэтай Прасторы, на гэтай Плошчы? Спектакль шукае адказы.

Жыццё генія ніколі не бывае камфортным, яно заўсёды перпендыкулярна соцыуму, часу, нейкім устаноўкам. Гэта незвычайна дыскамфортнае жыццё. 

Праз жыццё генія праходзяць ледзь не ўсе біблейскія сюжэты, і самы галоўны — момант здрады свайму сумленню, таленту, дару. Наколькі ты вытрымліваеш гэтыя выпрабаванні, наколькі здольны ім супрацьстаяць? Што ты ў канцы жыцця паспяваеш зрабіць, які апошні святы ўчынак? І як ты вяртаешся ў сваіх думках да пачатку, усведамляючы, як пражыў, што пакінуў і што наогул з табой адбывалася? Гэтыя тэмы таксама ў спектаклі падымаюцца. 

Наталля МІХАЙЛАВА
Да Коласа ўласна ў мяне стаўленне асаблівае. Я адкрываю яго «Новую зямлю» на любой старонцы, пачынаю чытаць з любой страфы і не магу адарвацца, працягваю ўжо ўслых. Гэтая мова, эпітэты і метафары, якую сцэну ні вазьмі, проста заварожваюць. Неаспрэчная ісціна: Колас — нацыянальны геній. І да юбілею Песняра мне хацелася стварыць нешта новае, тое, чаго яшчэ не было. 

Наталля Міхайлава, дырыжор, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага камернага хору:

— Сімвалічна: Белдзяржфілармонія, дзе мы працуем, знаходзіцца на плошчы Якуба Коласа, і аднайменны спектакль, прысвечаны юбілею класіка нашай літаратуры. Сваю выканальніцкую планку ў гэтым творы мы імкнуліся падняць да вяршынь паэзіі Коласа, хаця на самай справе вершаў у спектаклі не так і многа. Там шмат іншага.

Сама Ларыса Сімаковіч вызначае жанр як музычную метафару. Гэта не мюзікл, бо няма «хэпі-энду», і не опера, таму што ёсць драматычная дзея. Гэта тое, пра што гадоў ужо 30 марыць наша харавая грамадскасць. Гэта сінтэз мастацтваў, калі жанры пранікаюць адзін у адзін. Сёння чыстая музыка вялікімі крокамі ідзе насустрач пластыцы. Прычына відавочная: кліпавае мысленне, паскораны рытм жыцця, шмат дзеянняў і руху вакол нас. Глядач хоча бачыць больш дынамікі і на сцэне. Мы, напэўна, першы калектыў, які пачаў займацца пакрыху харавым тэатрам. Ёсць шмат харавой музыкі, якую можна тэатралізаваць, зрабіць рэжысуру. Але ў выпадку са спектаклем «Плошча Якуба Коласа» мы ствараем штосьці цалкам новае, акунаемся ў тое, чаго яшчэ не ведаем.

Дыяна ТРЫФАНАВА
Дыяна Трыфанава, салістка оперы:

— Я ўдзячна лёсу за магчымасць першай выканаць гэты твор. У оперы мы часцей за ўсё выконваем партыі, якія ўжо нехта раней спяваў. А тут — загадка, адчуванне, што маеш дачыненне да цуду. Вельмі цікава назіраць, як на тваіх вачах нараджаецца новы музычны твор. 

У Беларусі я жыву не так даўно, усяго 10 гадоў, і знаёмілася з паэзіяй Коласа не са школьных гадоў, як усе беларусы, а ўжо дарослай. Вялікае шчасце адкрываць для сябе яго творы, усведамляць, колькі любові да роднай зямлі, свайго народу ў вершаваных коласаўскіх радках, колькі ў іх музыкі.

Мы неяк ехалі з дачкой у аўтобусе, і я спыталася, што яны ў школе праходзяць з Коласа, яна вучыцца тут з першага класа. І раптам жанчына побач, якая пачула нашу размову, пачала цытаваць: «Мой родны кут, як ты мне мілы…» Яна прачытала ці не цэлую главу паэмы, мы заслухаліся. І я падумала, якое глыбокае пранікненне гэтай паэзіі. Бо тая жанчына не проста паказвала, што ведае на памяць гэтыя радкі, а чытала іх з такой любоўю, так усхвалявана і трапятліва. Я зразумела, што гэтым спектаклем мы павінны напомніць людзям цудоўныя адчуванні ад іх першага знаёмства з паэзіяй Коласа, а некаму, магчыма, і ўпершыню расказаць пра яе, скіраваць да знаёмства з ёю.

Сімвалічная повязь: Белдзяржфілармонія, плошча Якуба Коласа і аднайменны спектакль, прысвечаны юбілею класіка нашай літаратуры


Драматычныя маналогі і пластыка, харэаграфія і маштабныя харавыя сцэны, сучасныя музычныя эксперыменты і класічныя шэдэўры — усё гэта ў новым спектаклі будзе. Але пра сюжэт стваральнікі — ні слова. Захоўваюць сакрэт. Падаграваюць інтарэс. Адзінае, што згаджаюцца сказаць на гэты конт: чым звычайна спектакль заканчваецца, тым у іх ён пачынаецца. І гэтым самым закручваюць інтрыгу яшчэ больш. За разгадкай запрашаюць на прэм’еру — яна адбудзецца 13 красавіка. 

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter