У Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры - прэм’ера псіхалагічнай драмы “Каралева прыгажосці”

Метад Краўчанкі

Малады рэжысёр робіць стаўку на добрую драматургію

Добры тэатр без добрай літаратуры немагчымы — для вопытных рэжысёраў гэта аксіёма. А вось маладыя рэжысёры часам робяць стаўку на тэксты эксперыментальныя, эпатажныя, нават бессэнсоўныя. Меркаванне гледача іх не хвалюе. Усё гэта, безумоўна, мае права на існаванне, але калі колькасць такіх пастановак перабольшвае колькасць спектакляў з цікавай гісторыяй, сцэнічнай логікай, добрай акцёрскай ігрой, эмацыянальным напружаннем, мне здаецца, ствараецца сітуацыя стылістычнага і канцэптуальнага перакосу.Малады рэжысёр Віталь Краўчанка заўсёды робіць стаўку на добрую літаратуру і драматургію. Па п’есе “Метад Гранхольма” Жардзі Гальсэрана ён паставіў адразу два спектаклі — у “Альфа-тэатры” ў Мінску і ў Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры. А гэтымі днямі на гомельскай пляцоўцы — прэм’ера яшчэ аднаго спектакля Краўчанкі — “Каралева прыгажосці” па п’есе знакамітага ірландскага драматуга, лаўрэата прэміі “Оскар” Марціна Макдонаха. З яго ж бліскучай і парадаксальнай п’есай “Вешальнікі” (Hangmen) у перакладзе Марыі Пушкінай Віталь Краўчанка запрошаны мастацкім кіраўніком Мікалаем Пінігіным ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы на пастаноўку ў новым сезоне.

Фота Сяргея Лазюка

— Віталь, што вы адчулі, калі вас, свайго вучня, Мікалай Пінігін паклікаў папрацаваць на вялікай сцэне?

— Дагэтуль я стараўся не выкарыстоўваць слова “вучань”. Неяк гэта не прынята... Заўсёды памятаў, як прафесар сцэнічнай мовы Андрэй Каляда ў Акадэміі мастацтваў казаў нам: “Вучыліся ў мяне многія, але вучняў — адзінкі”. Гэта трэба заслужыць. А іначай — самазванства. Але калі Мікалай Мікалаевіч сам публічна сказаў так пра мяне... Я магу гэтым толькі ганарыцца, бо для мяне Пінігін — безумоўны аўтарытэт.

Такой прапановы я, канешне, не чакаў. У свой час увогуле ішла гаворка пра маё адлічэнне з курса. Мне вельмі перашкаджала мая першая прафесія — акцёрская. Я на ўсё глядзеў вачыма акцёра і нічога не мог з гэтым зрабіць. І толькі калі вырашыў канчаткова адмовіцца ад акцёрства, усё неяк нармалізавалася.

— Вялікая п’еса, вялікая сцэна... Ёсць ужо нейкі мандраж?

— Пакуль няма. Можа, па той прычыне, што яшчэ не да канца ўсведамляю гэта. Але гэта добрая праверка сябе, можа, нават выклік самому сабе. Я такое люблю. Два акцёрскія саставы — усяго 21 чалавек. Вельмі адказна.

— Як вы адносіцеся да герояў “Вешальнікаў”? У чым іх віна, па-вашаму? Яны забіраюць чужое жыццё па загаду, але заўсёды і ў любой дзяржаве ёсць тыя, хто робіць “брудную працу”. Яна для іх і сэнс існавання, і нагода для гонару, і мэта жыцця.

— Як гэта часта бывае ў п’есах Марціна Макдонаха, у яго няма вінаватых і невінаватых. Няма тых, хто мае рацыю, і тых, хто не мае... Як і ў жыцці, у кожнага ёсць свая праўда. Героі “Вешальнікаў” вераць у тое, што робяць добрую справу. І ў гэтым галоўны жах. Адна справа, калі чалавек ганарыцца тым, што высаджвае дрэвы, прыбірае вуліцы, гадуе дзетак... Але калі тым, што забівае іншых... І гэтая думка ёсць у п’есе: сэнсу ў смяротным пакаранні няма. Яно не спыняе забойцаў і не вырашае праблемы злачынстваў. Гэта ўжо даўно даказана.

— Віталь, чаму вас прываблівае творчасць Макдонаха?

— Перш за ўсё таму, што ён застаецца верны тэатру ў тым сэнсе, што самае каштоўнае, што можа быць у п’есе, гэта гісторыя. Можна скакаць, спяваць, але калі няма ўцямнай гісторыі, для мяне няма спектакля. Калі я яе не бачу, мне такі тэатр нецікавы.

У Макдонаха ў кожнай п’есе ёсць вельмі выразная і цэласная гісторыя ад пачатку да канца. Але ён наўмысна блытае гледачоў і рэжысёра, збівае з галоўнай тэмы. Вельмі крута выстройвае дыялогі, і самае каштоўнае ў тым, што знаходзіцца за імі. Там і хаваецца сапраўдная гісторыя.

— Для вас важная тэма “комплексу маленькай краіны” ў творчасці Макдонаха, у дадзеным выпадку Ірландыі перад Вялікабрытаніяй? У яго п’есах часта сустракаем матыў эміграцыі, яго героі часта кажуць пра тое, што з Ірландыі трэба з’язджаць.

— Тэма важная, але не гэта галоўнае. “Комлекс маленькай краіны” — адна з ліній, а іх там шмат. Галоўныя перашкоды для людзей не ў грамадстве, а ў мазгах кожнага асобна ўзятага чалавека. І галоўная тэма ў творчасці Макдонаха для мяне ўсё ж такі — нерэалізаваныя мары і жаданні. Таму што, калі здраджваеш сваёй мары, яна пачынае табе помсціць... А вынік гэтага бывае вельмі трагічны. Што і знаходзіць сваё адлюстраванне ў п’есе “Каралева прыгажосці”.

— Віталь, якая п’еса Макдонаха ваша любімая?

— Бадай што “Каралева прыгажосці” і ёсць. Нягледзячы на тое, што яна ў яго адна з першых. Але яна мне бліжэй за іншыя.

— Падчас адной з сустрэч з журналістамі Мікалай Пінігін казаў, што ў Макдонаха амаль усе героі — гопнікі, людзі з вясковай ці гарадской, а шырэй — цывілізацыйнай акраіны. Як вы лічыце, з гопнікамі можна дамовіцца? Яны могуць мяняцца, зразумець свае памылкі? Увогуле, вам іх шкада?

— Мне заўсёды шкада сваіх герояў. А іначай навошта іх выводзіць на сцэну? Я думаю, што гопнікамі людзі ўсё ж такі не нараджаюцца. Недзе ў свае 17—18 год я працаваў на сваёй малой радзіме ў Лоеве — у раённым Доме культуры, стварыў дзіцячы тэатральны гурток. Сярод удзельнікаў былі і так званыя “трудные подростки”. Некаторыя мне казалі: “Навошта? З імі немагчыма саўладаць! Не звязвайся з імі...” Але яны паказалі такі клас і ў дысцыпліне, і ў сваіх здольнасцях і магчымасцях, што ўсе замоўклі. Я мяркую, перш за ўсё таму, што ў іх паверылі і не тыкалі пальцам. Гэтага чалавечага даверу і ўвагі ім і не хапала ў жыцці. З імі не размаўлялі пра тэатр, пра мастацтва. Не ведаю, ці адказаў на вашае пытанне?.. Калі зусім няма веры, што жыццё можна змяніць, то як жыць? Проста чакаць смерці? Мне так нецікава.

— Ваш іншы спектакль — “Метад” — пра норавы сучаснага офіса. Там паказана, як людзі б’юцца за месца пад сонцам. Да якой бязлітаснасці могуць дайсці... Гэта п’еса іспанскага драматурга. І аказалася, што подласць чалавечай натуры, па вялікім рахунку, не залежыць ні ад краіны пражывання, ні ад палітычнага строю. Раней камуністычнае грамадства, можа, было нават больш ідэалістычна настроенае. А зараз быццам рынак, і выраз “чалавек чалавеку — воўк” мы адчуваем на сабе кожны дзень.

— Так, але зараз ёсць выбар. І сённяшняе грамадства мне больш даспадобы, чым камуністычнае. Нехта жрэ канкурэнтаў, але нехта і не жрэ. Гэта выбар і адказнасць кожнага.

— Чаму вы больш ставіце замежных аўтараў? Сучасная беларуская драматургія вам не цікавая? Чаму не звяртаецеся да твораў Пражко ці Багаслаўскага?

— Безумоўна, тыя, каго вы назвалі, таленавітыя драматургі. Але я ўвесь час думаю, чаго мне не хапае ў іх творчасці і ў беларускай драматургіі ўвогуле... Мне не хапае беларускага героя і беларускай гісторыі. Ментальнасці, калі хочаце. Пакуль я бачу проста нейкі канцэпт, у якім дзейнічаюць чужыя, няблізкія мне людзі. Камусьці гэта цікава, а мне не. І пішуць яны па-руску, магчыма, арынтуючыся менавіта на суседні расійскі тэатральны рынак.

— У свой час вы вельмі гучна зыходзілі з тэатра імя М. Горкага. Я памятаю, што вам не падабалася, які напрамак ён выйбраў. Не шкадуеце?

— Ніколі нічога не бывае спантаннага. Тое, што там пачало адбывацца, неяк не вязалася з маімі уяўленнямі пра той тэатр, у які я прыйшоў у 2005 годзе. Я быў малады, энергія бурліла... Мне тады здавалася, што я як артыст маю значэнне для гэтага тэатра. Такія максімалісцкія думкі. Сёння я разумею, што ўсё гэта пустое. Добрую палову з таго, што вы называеце “гучна зыходзілі”, я ўжо і не памятаю. Выкідваю з галавы ўсё, што нагадвае мне пра нейкія негатыўныя эмоцыі.

Я, дарэчы, ніколі не хацеў быць акцёрам, заўсёды марыў пра рэжысуру. Бліскучая гомельская актрыса Ніна Аляксееўна Карнеева, з якой мы сябравалі, неяк сказала мне: “На рэжысуру паспееш, скончы пакуль акцёрскае...” Яна мела рацыю. Што можна сказаць свету, калі табе 20 год? Таму ўсё адбылося так, як мусіла быць.

pepel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter