В ближайшие 7 лет инвестиции в инфраструктуру составят около 12 млрд рублей

Мэта адна — сродкi розныя

Палепшыць дабрабыт простага чалавека ледзь ці не самая галоўная задача, якую прыйдзецца вырашаць у бліжэйшы час новаму Ураду. Адным з інструментаў дасягнення гэтай мэты можа стаць дзяржаўна-прыватнае партнёрства (ДПП). Нягледзячы на тое што ў краіне да гэтага часу няма ніводнага рэалізаванага да канца праекта на такіх прынцыпах, беларускія і міжнародныя эксперты ўпэўнены: гэтую тэму трэба актыўна развіваць. Бо бюджэт не гумавы, і ўжо цяпер варта шукаць новыя крыніцы фінансавання. Ці лёгка прыцягнуць прыватных інвестараў да супрацоўніцтва і якія сумы плануецца ўкласці ў інфраструктуру ў бліжэйшыя гады, абмяркоўвалі падчас міжнароднай канферэнцыі «Роля праектаў ДПП у дасягненні Мэт устойлівага развіцця і павышэння дабрабыту людзей».

Дзяржаўна-прыватнае партнёрства з’яўляецца рухавіком для многіх працэсаў, якія адбываюцца ў краіне па змене сістэмы фінансавання.
фота Fintolk.ru

Высокая зацікаўленасць 

Міністр эканомікі Дзмітрый Крутой нагадвае важную мэту, пастаўленую Прэзідэнтам, — падвоіць ВУП да 2025 года. Паводле яго слоў, транспарт, лагістыка, турыстычны і інфармацыйны патэнцыял могуць стаць ключавымі кропкамі росту. Аднак для рэалізацыі сур’ёзных праектаў патрэбны прыватныя рэсурсы, асабліва ва ўмовах скарачэння бюджэту. Дарэчы, каля 40—45 працэнтаў у агульнай структуры інвестыцый за апошнія 10 гадоў укладзена менавіта ў транспарт, сувязь і сацыяльныя аб’екты:

Дзмітрый Крутой.
— Дзяржава пільна сочыць за выкананнем гэтых прыярытэтаў. З 2016 года ў краіне цалкам зменены сістэма фарміравання дзяржпраграм, сістэма іх фінансавання: мы перайшлі на трохгадовы бюджэт для таго, каб эфектыўна расходваліся рэсурсы. Сёння 21 дзяржпраграмай ахоплена каля 60 працэнтаў выдаткаў кансалідаванага бюджэту. У рамках гэтых праграм у тым ліку пабудуюць і рэканструююць больш за 3 тысячы км аўтамабільных дарог, больш за 4 тысячы км электрычных і цеплавых сетак і газаправодаў. Адпрацоўваем і іншыя новыя і цікавыя праекты. Паводле папярэдніх ацэнак, у бліжэйшыя 7 гадоў інвестыцыі ў інфраструктуру складуць каля 12 млрд рублёў, з якіх больш за 8 млрд пойдзе ў сферу транспарту і інжынернай інфраструктуры.

Па словах Дзмітрыя Крутога, апошнія некалькі месяцаў ішла актыўная работа з рэгіёнамі, каб вызначыць самыя цікавыя аб’екты для ДПП у трох сектарах (ЖКГ, ахова здароўя і адукацыя). Да 2020 года ад кожнага з рэгіёнаў краіны чакаюць хоць бы аднаго рэалізаванага праекта па прынцыпах ДПП. Міністр звяртае ўвагу: інтарэс да інструмента праяўляюць і прыватныя беларускія кампаніі. Так, зусім нядаўна ў Міёрах беларускі інвестар выказаў жаданне стварыць кардыялагічны цэнтр. Другі прыклад — праект комплекснай забудовы ў Азярцы:

— Такіх прыкладаў павінна станавіцца як мага больш. Скажу шчыра, Прэзідэнт падпісаў закон аб ДПП вялікім авансам: у нас няма ніводнаго закончанага рэалізаванага прыкладу на практыцы.

Адкуль грошы?

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч канстатуе: ДПП, як гэта ні парадаксальна гучыць, з’яўляецца рухавіком для многіх працэсаў, якія адбываюцца ў краіне па змене сістэмы фінансавання. Традыцыйна на павышэнне якасці сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры ўздзейнічае некалькі інструментаў. Безумоўна, значная частка інвестыцый ідзе з бюджэту. Аднак у сярэднетэрміновай перспектыве павялічыць яго выдаткі на шэраг праектаў будзе даволі складана. Таму важнае значэнне набываюць іншыя формы інвестыцый у інфраструктуру. Так, на другім месцы пасля дзяржаўнай казны стаяць розныя фінансавыя інстытуты і міжнародныя фінансавыя арганізацыі:

Максім Ермаловіч.
— Урад вядзе актыўны дыялог з імі, каб пашырыць канал фінансавання і нарасціць аб’ёмы. Мы даўно працуем з ЕБРР, Еўрапейскі інфраструктурны банк зараз пачынае працу. Акрамя таго, ідзе працэс далучэння да Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый і ёсць планы па аднаўленні работы ў Беларусі Еўразійскага банка развіцця (у першую чаргу, па кірунку інфраструктурнага фінансавання).

Трэці кірунак — спонсарства, мецэнацтва, інвестыцыі ў развіццё інфраструктуры, малой радзімы. Чацвёрты інструмент — ДПП. Разам з тым ёсць момант, які да гэтага часу стварае цяжкасці: як фінансаваць праекты ДПП? Пры рэалізацыі нават простых, здавалася б, праектаў узнікаюць праблемы: цяперашняе заканадаўства, метады і спосабы фінансавання не прадугледжваюць удзел прыватнага партнёра ў рэалізацыі асобных функцый дзяржавы. Галіновыя міністэрствы прапрацоўваюць механізмы пераходу ад каштарыснага фінансавання да фінансавання выдаткаў і вынікаў. Гэта працяглы працэс, дадае Максім Ермаловіч. Пакуль не з’явіцца нарматыўная практыка фінансавання праектаў, у ахове здароўя, адукацыі ў нас будуць узнікаць складанасці ў дзеянні ДПП.

ДАРЭЧЫ

Першы ў краiне пілотны праект дзяржаўна-прыватнага партнёрства «Рэканструкцыя аўтамабільнай дарогі М-10: мяжа Расійскай Федэрацыі (Селішча) — Гомель — Кобрын, км 109,9 — км 195,15» знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. Запланаваны тэрмін рэалізацыі праекта — 20 гадоў, з якіх 2 гады адводзiцца непасрэдна на рэканструкцыю. 

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter