Месяц ці “Луна”?

Аснову міфалагічнай карціны свету складалі шматлікія супрацьлеглыя пазіцыі, у якіх акцэнтавалася ўвага на ключавых касмічных, прыродных і сацыяльных процістаяннях: Жыццё і Смерць, Дзень і Ноч, Дабро і Зло, Верх і Ніз, мужчынскае і жаночае... У народных уяўленнях месяц заўсёды супрацьпастаўлялі сонцу і асацыіравалі з тым, іншым светам, светам памёршых: “Што гэта за вочы: адно свеціць удзень, а другое -- уночы”. Па меркаваннях сялян Заходняй Беларусі, месяц -- гэта “пусты незаселены свет, дзе няма нічога, толькі крыжык стаіць». У час, калі на небе з'яўляўся малады месяц, трэба было маліцца за тых, хто памёр нядаўна, пры гэтым прыгаворвалі: “За тыя душы, што не дачакаліся месяца маладога”.

Даследчыкі  славянскай ведыйскай  традыцыі небеспадстаўна  адзначалі, што наша галоўнае начное свяціла непасрэдна звязана са старажытнымі багамі і духамі продкаў. На Беларусі вельмі часта месяц называлі “цыганскім сонцам”, таму што яно свеціць “чужым”, тым, хто “не знае Божай веры”.
“З высокай дарогі глядзіць бычок крутарогі” -- так з-за сваёй выявы ў першую і трэцюю фазу месяц параўноўвалі з бычком ці каровай, якія маюць рогі.  Аднак часцей за ўсё ў загадках яго называлі рагатым пастухом, які пасе на небе авечак (зоры): “Поле не мерана, авечкі не злічаны, пастух рагаты”.
Ёсць яшчэ адна цікавая акалічнасць. Месяц мае дзве назвы: мужчынскае -- месяц,  жаночае -- луна. Так, паўсюдна месяц, які нагадваў серп, лічылі сімвалам мужчынскага пачатку, поўню (луну), калі на небе добра бачна ўсё “жоўтае кола”, лічылі ўвасабленнем жаночага пачатку.
У любоўных, вясельных і жніўных песнях  жаніх часцей за ўсё параўноўваецца з месяцам:
Не сядзі, дзевачка, не сядзі,
Адчыні акенца, паглядзі:
Ці ясен месяц пры зары,
Ці харошы хлопчык на кані.
У народзе спрадвеку існавала правіла:  усе справы, скіраваныя на працяг роду, паляпшэнне дабрабыту, пачатак будаўніцтва хаты, улазіны і г.д., трэба рабіць на “мужчынскі” месяц -- маладзік, і ніколі не рабіць у жаночую поўню. Параўнайце, сярод беларусаў існавала павер’е: калі на Новы год першым у хату зойдзе мужчына, гэта будзе знакам шчаслівага навалецця, дабрабыту, спрыяльных навін, а калі жанчына -- наадварот.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter