Спецрэпартаж: упершыню на ваенныя зборы паклікалі дзяўчат

Месца збору змяніць нельга

Па распараджэнні Прэзідэнта з запасу ў воінскія часці прызвана каля дзвюх тысяч ваеннаабавязаных, каб ацаніць гатоўнасць нашых Узброеных Сіл выконваць баявыя задачы. На зборы ў 72-ы гвардзейскі Аб'яднаны навучальны цэнтр мабілізаваны з запасу танкісты, сувязісты, разведчыкі, тыя, хто служыў у ракетных войсках і быў артылерыстам, і ваеннаабавязаныя іншых спецыяльнасцей. Упершыню на зборы прызвалі і дзяўчат — у асобны медыцынскі атрад. Карэспандэнт «Рэспублікі» правёў з імі адзін дзень на зборах.

У дзяўчат на зборах ёсць невялікія прывілеі
Фота аўтара

Зараз у 72-м АНЦ ідзе індывідуальная падрыхтоўка радавых, сяржантаў i ваеннаабавязаных. Афіцэры запасу яе ўжо прайшлі. Пасля падрыхтоўкі на палігоне пройдзе баявое зладжванне разлікаў і падраздзяленняў.

Механікі-вадзіцелі выконваюць практыкаванні на танкадроме на тэхніцы для падрыхтоўкі курсантаў. Гэта другі этап, да гэтага ўсе яны рыхтаваліся на трэнажорах, а завяршальны этап — на тэхніцы, знятай з захоўвання.

У зыходным становішчы стаяць чатыры Т-72Б. Экіпаж машыны баявой — механік-вадзіцель і інструктар.

— Нават праз гады рукі памятаюць, — прызналіся мне танкісты.

Падымаюся на вышку — танкадром як на далоні. Па сувязі падае каманды баявым машынам старшы выкладчык цыкла кіравання і тэхнічнай падрыхтоўкі капітан Мікіта Блішч:

— Маршрут падзелены на чатыры часткі, якія механікі-вадзіцелі танкаў і самаходных артылерыйскіх установак пераадольваюць на паніжанай або павышанай перадачы з манеўраваннем. За кожны судотык з абмежавальным слупом або за тое, што заглух, здымаецца бал. У дадатак да круга арганізаваны навучальныя месцы: рух заднім ходам і пагрузка на прычэп. Пяць балаў на «выдатна». Пакуль у табелі нават троек няма.

Танкі гразі не баяцца

Многія байцы запасу прайшлі тэрміновую службу шмат гадоў таму. Ужо і сівізна трохі праступіла на скронях, але бляск у вачах нікуды не дзеўся. Камандзір баявой машыны кіравання Леанід Кураш служыў у 2001 годзе. На зборах сустрэў свайго камандзіра роты, зараз той ужо камбат:

— На зборах ужо тыдзень, пакуль праходзілі толькі тэорыю: успаміналі, як страляць, як кідаць гранату, — Леанід працуе на транспартным прадпрыемстве, у яго двое дзяцей. — Ціха раніцай сабраўся, каб не будзіць хатніх. У выхадныя прыязджала адведаць жонка. Пачуцці такія ж, як і 16 гадоў таму, калі прыязджала да мяне падчас тэрміновай службы.

Ці вось такая гісторыя кахання: маладыя чатыры месяцы таму распісаліся. Яе прызвалі на зборы, ён папрасіўся ўслед за ёй.

Упершыню на зборы прызвалі дзяўчат. Заспеў іх па дарозе на стрэльбішча. Зайшоў у аўтобус — прыгажосць якая, лепата! Пад шапкамі — шыкоўныя косы, стрэлкі на вачах уражвалі напавал — дамы нават на палігоне павінны выглядаць на ўсе сто. Некаторыя дзяўчаты какетліва кідалі позіркі, іншыя ж не адводзілі вачэй ад вокнаў, за якімі расцяклася меланхолія вясновай адлігі.

Ехаць моўчкі не змог, завязаў размову жартам: «Мілыя, вы служыце, а я вас дачакаюся». Аказалася, усе дзяўчаты працуюць у бальніцах ці ў паліклініках Мінска.

У дзяўчат, дарэчы, ёсць невялікія прывілеі на зборах. Яны жывуць не ў казарме, а ў інтэрнаце. Але распарадак такі ж, як і ў прадстаўнікоў моцнай паловы: у шэсць раніцы пад'ём, у дзесяць вечара адбой.

Прыехалі на стрэльбішча. Да дзяўчат спяшаецца афіцэр, за якім замацаваны асобны медыцынскі атрад. Побач пастроіліся мужчыны, некаторыя нават з густой барадой, як Дзед Талаш. Атмасфера злёгку фрывольная:

— Надзець каскі!

— А ў мяне ў ёй шчочкі вылазяць.

— Ну дык ты іх ўцягні.

Сёння па раскладзе ва ўсіх стральба з аўтаматаў і пісталетаў і кіданне вучэбнай гранаты. Хлопцы да таго ж яшчэ папрактыкуюцца з кулямётамі і гранатамётамі. Са зброі дзяўчаты яшчэ ні разу не стралялі. Таму для іх дэталёвы інструктаж:

— Галоўнае — памятайце пра роўную мушку, калі ўсё «ў малако», проста кідайце пісталет у ворага. А прыгажуні ў вязаных узорных рукавіцах стаяць і ўважліва слухаюць.

Перад стральбой не ўсім дзяўчатам удаецца самастойна адвесці затвор. Адстраляліся. Хто ў «малако», а хто і ў «яблычак». На «выдатна» трэба выбіць 25 балаў. Іра настраляла 24. Дзяўчына працуе ў 5-й бальніцы аперацыйнай медыцынскай сястрой.

— Гэта мяне так фізрук натрэніраваў яшчэ ў школе, — раскрывае сакрэт поспеху. — Але з баявой зброі ў першы раз страляла, у вушах ажно зараз звініць.

Прызыў на зборы для дзяўчыны аказаўся нечаканасцю:

— Патэлефанавалі ў выхадны, у дзевяць раніцы. А напярэдадні з калегамі якраз зборы абмяркоўвалі, жартавалі: трэба ў такім выпадку збіраць «экстранны» чамаданчык. Так і здарылася. Калі вярнуся дадому – «закачу» з сяброўкамі сапраўдны дэмбель.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter