Покровская церковь на территории Пустынского монастыря открылась после десяти лет реконструкции

Месца сілы

Пустынскі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр у Мсціслаўскім раёне — аб'ект, прыцягальны не толькі для беларусаў. Штогод у Пустынкі прыязджаюць паломнікі з Расіі, Украіны, іншых краін — пакланіцца нерукатворнаму ліку Хрыста, набраць вады з лекавай крыніцы, умацаваць духоўныя сілы ў святым і гістарычным месце.


Вядома, што манастыр быў заснаваны ў 1380 го­дзе мсціслаўскім князем Сімяонам Альгердавічам. Згодна з легендай, князь Сімяон пасля цяжкай хваробы стаў дрэнна бачыць. Аднойчы ў сне яму з'явіўся старац, які сказаў: «Ідзі ў пустынь, умыйся з крыніцы — і атрымаеш вылячэнне». Князь знайшоў пустынь і крыніцу ў маляўнічым месцы недалёка ад Мсціслава. Зрок да яго вярнуўся, і ён у падзяку пабудаваў побач з крыніцай манастыр. У пачатку XIX стагоддзя драўляны комплекс быў перабудаваны ў каменны. У 1865 годзе на тэрыторыі комплекса з'явілася Пакроўская царква. Доўга служыў аб'ект манахам, пакуль савецкія ўлады не выселілі іх. У келлях размясцілі дзяцей-сірот. У канцы ХХ стагоддзя манастыр апусцеў зусім. Работы па яго аднаўленні былі пачаты ў 2003 го­дзе. На тэрыторыі комплекса зноў пасяліліся манахі. І ў гэты час у адной са старажытных пабудоў на сцяне з'явіўся лік Хрыста. Спецыялісты засведчылі, што вобраз гэты нерукатворны.


Рэканструкцыя Пакроўскай царквы пачалася ў 2010 годзе. Аб'ект быў у жудасным стане: ад велічнага будынка засталіся адны сцены, дах разбураны, падлога засыпана зямлёй, усюды раслі трава і дрэвы. Вядучы інжынер дзяржаўнага прадпрыемства «Упраўленне капітальным будаўніцтвам г. Магілёва» Вера Баксан расказала БЕЛТА, што будаўнікі максімальна дакладна аднавілі фасад гістарычнага аб'екта, адрэстаўравалі цагляны мур, аднавілі асобныя дэталі — карнізы, ляпніну, драўляныя дзверы і вокны, купалы і крыжы, накрылі новы дах зялёнай ацынкаванай сталлю, на падлогу паклалі плітку. У храме быў устаноўлены іканастас. Вышыня царквы разам са званіцай склала каля 22 м, плошча — амаль 173 кв. м. У мінулую нядзелю храм асвяцілі, і ён зноў гатовы прымаць вернікаў.

Рэканструкцыя і рэстаўрацыя Пакроўскай царквы — першая чарга буйнога праекта па аднаўленні аб'ектаў манастыра. Другая — аднаўленне Успенскай царквы. Пакуль гэты праект у стадыі абмеркавання.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter