Познаем Беларусь: колодец в защитной магии белорусов

Месца сілы

Беларусы захавалі шмат архаічных рытуалаў, звязаных з калодзежам. У сівыя часы нашы продкі ўспрымалі месца, што давала ваду, як канал сувязі з іншым светам. Таму падчас розных выпрабаванняў звярталіся да яго за дапамогай. Разгледзім, якія кало­дзежы будавалі беларусы і якую ролю ім прыпісвалі.


У Беларусі канструкцыя калодзежнага праёму магла быць рознай. Напрыклад, на Палессі, дзе вада знаходзілася неглыбока, выкарыстоўвалі тоўстыя ствалы дрэў з выдзеўбанай сарцавінай. Яны мелі назву — студні-каўдубы.

На тэрыторыі Цэнтральнай Беларусі праём мацавалі драўлянымі плашкамі, якія ставіліся вертыкальна, у некалькі ярусаў, а таксама і гарызантальна — клаліся адна на адну. Канструкцыя калодзежных праёмаў магла быць і зрубная. У Панямонні калодзежы выкладаліся каменнем.

Пры будаўніцтве ўлічвалі шмат розных правіл. Найперш патрэбна было выбраць спрыяльны час. Звычайна пачатак работ прымяркоўвалі да маладзіковай фазы Месяца. Найбольш прыдатным лічыўся дзень летняга сонцастаяння — 21 чэрвеня. Капаць пачыналі раніцай. Казалі, што тады вады ў калодзежы будзе заўсёды поўна.

Пачынаць капаць павінен быў хлопец, які меў жывых бацькоў. Справу даручалі толькі здатнаму чалавеку з лёгкай рукой. «Першую» зямлю на месцы будучага калодзежа выкопвалі ў форме крыжа або круга. Затым у яго цэнтр вылівалі асвечаную раней ваду і чыталі замовы. Як толькі з зямлі выбіваўся першы струмень, таго, хто капаў зямлю, адорвалі палатном або новым адзеннем. У калодзеж кідалі манеты. Першай вадой паілі ўсіх членаў сям’і, хатнюю жывёлу і птушку.

Цікавыя абрады, звязаныя з кало­дзе­жам, сустракаліся ў розных рэгіёнах. Каб «залагодзіць» кало­дзеж з новай вадой, на Пін­шчыне ў першы дзень Калядаў раніцай жанчыны спецыяльна хадзілі яго «вітаць». У вясельнай абраднасці маладая, ідучы першы раз па ваду, павінна была пакінуць ля калодзежа акрайчык хлеба.

Вясной для добрага ўраджаю бралі ваду з сямі калодзежаў і разлівалі яе. Менавіта каля студняў галасілі па тапельцах. Напрыклад, на Гомельшчыне захаваўся абрад выклікання дажджу са зваротам да міфічнага персанажа-тапельца Макаркі. Жанчыны звяртаюцца да тапельца так: «Сыночак, вылезь з вады, разлі слёзы па святой зямлі!» У якасці ахвяраванняў у калодзеж кідалі ручнікі, грошы і нават ежу — хлеб, соль, сала, цыбулю, часнок.

Сувязь калодзежа з іншым светам прасочваецца і ў варожбах «на жаночую долю» і замужжа. Так, на Случчыне на святога Андрэя (30 лістапада), каб убачыць у сне суджанага, дзяўчына тры разы абыходзіла калодзеж, абсыпаючы яго канапляным насеннем з прыгаворам: «Святы Андрэю, на цябе канапелькі сею». Рэшту насення клала пад падушку.

Студні ахоўвалі не толькі ад смецця, але і ад уздзеяння нячыстай сілы. Таму над імі ўзводзілі стрэхі, аздаблялі іх разнастайнымі ўзорамі, што сімвалізавалі жыццё, сонца, ваду і іншае.

АД ПРАДЗЕДАЎ

♦ Для выпечкі вясельнага караваю ваду бралі з сямі калодзежаў.

♦ Каб маладую пару ніхто не развёў, у дзень вяселля жаніх і нявеста закрывалі замок, ключ ад якога кідалі на дно калодзежа.

kuzmich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter