Августовский канал стал туристической меккой еще в начале ХХ века

Месца прыцягнення

Ідэя стварыць канал, які б злучыў басейны рэк Віслы і Нёмана, забяспечыўшы на поўначы выхад да Балтыйскага мора, а на поўдні — да Чорнага, узнікла яшчэ ў 1760—1770-я гады ў часы праўлення караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Праўда, ажыццявіць яе атрымалася толькі ў ХIХ стагоддзі пасля таго, як Прусія ўвяла высокія пошліны на транзіт тавараў праз сваю тэрыторыю, практычна заблакіраваўшы гандлярам доступ да мора. У 1824 годзе праект Аўгустоўскага канала адобрыў імператар Аляксандр І, паведамляе canal-tourism.com.

Фота БЕЛТА

Будаўніцтва воднага шляху заняло 15 гадоў. Аднак гісторыя канала як важнай транспартнай артэрыі для сплаву драўніны і тавараў была нядоўгай. У 1825-м пагадненне з Прусіяй урэгулявала мытныя пошліны, а ў другой палове ХIХ стагоддзя развіццё чыгунак зрабіла канал незапатрабаваным для перавозак. Але ж Аўгустоўскі канал, які пралёг па самых прыгожых мясцінах, стаў турыстычнай Мекай. У 1909-м уздоўж яго адбылася першая пешая экскурсія, пазней адкрыўся конны маршрут. Вой­ны ХХ стагоддзя моцна пашкодзілі канал. А вось у ХХІ стагоддзі яго чакала другое нараджэнне.

У 2004—2006 гадах беларускі ўчастак Аўгустоўскага канала даўжынёй 22 кіламетры быў цалкам адрэстаўрыраваны. Сёння гэта адзін з самых папулярных турыстычных аб’ектаў у краіне. Канал пралягае па тэрыторыі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Гродзенская пушча» побач са знакавымі помнікамі гісторыі і архітэктуры. Сярод іх — арыгінальны домік наглядчыка шлюза 1830 года ў вёсцы Нямнова, палацава-паркавы ансамбль Валовічаў у вёсцы Свяцк, абарончыя доты часоў Вялікай Айчыннай вайны і многія іншыя. Зараз у раёне канала даступна больш за 10 турыстычных маршрутаў — веласіпедных, пешаходных і водных. І, як стала нядаўна вядома, у бліжэйшы час плануецца ўладкаваць яшчэ некалькі новых. На працягу года на тэрыторыі Аўгустоўскага канала праходзяць папулярныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, якія збіраюць турыстаў не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін, тым больш у рэгіёне дзейнічае бязвізавы рэжым. 

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter