Жыхарка Мсціслава нарадзілася ў знакамітых на ўсю краіну Пустынках. Якім быў Свята-Успенскі манастыр яе дзяцінства?

Месца, поўнае цудаў

Свята-Успенскі манастыр — у спісе тых святыняў, якія перажываюць новае адраджэнне. Пустынкі, дзе ён з’явіўся каля сямісот гадоў таму, ізноў сталі месцам паломніцтва для праваслаўных вернікаў. А для жыхаркі Мсціслава Ларысы Змушко гэта проста малая радзіма, дзе яна нарадзілася на свет. У будынку былой школы, якая зараз знакаміта праяўленнем нерукатворнага абраза Хрыста, калісьці вучылася пісаць і чытаць. Калі ж заняткі заканчваліся, разам з братам Уладзімірам гулялі ля прыстасаваных да жыллёвых патрэб храмаў і званіцы.
Ларыса ЗМУШКО з унукам Арсеніем


 Вайна  абышла  бокам

Ларыса Аляксандраўна прызнаецца:

— Мы, вядома, разумелі, што розніца паміж культавымі будынкамі і звычайнымі ёсць, аднак акцэнту на гэтым не рабілі. Пры гэтым адчувалі, што атмасфера ў Пустынках нейкая асаблівая: дыхаецца там лёгка, настрой задаецца добры.  

І ўдакладняе: ў народзе гэтае месца доўгі час называлі «дзетдом». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Пустынскі манастыр сапраўды насялялі дзеці-сіроты. Школа была агульнай: за ведамі сюды прыходзілі яшчэ і мясцовыя хлопчыкі з дзяўчынкамі. Калі ў 1961-м дзіцячы дом закрылі, вучняў стала ўдвая менш. Але напачатку кожнага навучальнага года па-ранейшаму звінеў званок і школьнікі займалі свае месцы за партамі.  

А вось пастаянных насельнікаў было нямнога. Акрамя бацькоў Ларысы Змушко — дырэктара школы Аляксандра Іосіфавіча і настаўніцы Надзеі Аляксандраўны — тут абаснаваліся іншыя выкладчыкі і работнікі школы. З малых жа — толькі яна з братам.

— Сярод нашых суседзяў была і Феня Серафімовіч — кастэлянка дзіцячага дома, якая падчас Вялікай Айчыннай выратавала сцяг, — расказала Ларыса. Дарэчы, гэты факт таксама лёг у аснову складанай гісторыі манастыра: як вядома, пасля вызвалення насельнікі з захаваным сцягам сустракалі савецкіх салдат-вызваліцеляў. Наогул, вайну без страт перажылі і людзі, і сама мясціна — гэтую асаблівасць многія лічаць цудам і тлумачаць асаблівай абаронай Пустынак з боку вышэйшых сіл.

Пустынкі адраджаюцца зноў

Гаючая  вада

Калі быць дакладным, то Пустынкі насамрэч вёска, якой на карце ўжо няма. Сам манастыр — за некалькі соцень метраў ад яе і ў дзесяці кіламетрах ад старажытнага Мсціслава. Гісторыя святыні пачалася ля гаючай крыніцы ў 1380 годзе. Чароўная вада вярнула зрок князю Лугверду-Сімяону Альгердавічу, і ён у знак падзякі загадаў пабудаваць на гэтым месцы мужчынскі манастыр. Легенда сведчыць, што князю быў дадзены і яшчэ адзін знак: на ліпе ля крыніцы ён знайшоў абраз Божай Маці, які зараз называецца Патрыяршай Пустынскай.

Мясціна перажыла розныя ліхалецці. У сямнаццатым стагоддзі пераходзіла пад уладу ўніятаў, аднак потым ізноў стала праваслаўнай. Успенскі сабор, найпрыгажэйшая званіца, цэрквы Раства Багародзіцы і Пакроўская — усе каменныя будынкі на змену драўляным пачалі прыходзіць больш за сто-дзвесце год таму.  Хоць і не ў самым добрым выглядзе, аднак большасць з гэтых помнікаў культуры захавалася да нашых дзён. У тым ліку дзякуючы дзіцячаму дому, потым — агульнаадукацыйнай школе. Ларыса Змушко расказала, што за добрым выглядам тэрыторыі манастыра заўсёды сачылі вельмі пільна.

— Тут раслі яшчэ даваенная кляновая алея, кусты бэзу, грэцкі арэх. Дзеці і дарослыя, — канстатавала Ларыса Аляксандраўна, — падтрымлівалі ідэальную чысціню. Упрыгожвалі гэты непаўторны куточак зямлі клумбамі з кветкамі, бялілі дрэвы.

…А на месцы крыніцы падчас савецкага перыяду раней стаяў калодзеж. Вада, прызнала сведка, сапраўды там была незвычайнай. Не проста смачнай: валасы, напрыклад, ёю можна было мыць без шампуню — усё роўна рассыпаліся ад чысціні. Невыпадкова да купелі з гэтай вадой і сёння паломнікі едуць з усіх куткоў нашай краіны і з-за мяжы. Многія з хворых маюць надзею такім чынам пазбавіцца ад хвароб. Калі верыць народнаму розгаласу, некаторыя мары аб выздараўленні вер-нікаў спраўдзіліся.
  
На сцяне праявілася аблічча ХРЫСТА

Загадкі  старой  мясціны

Апошняя сям’я пакінула Пустынкі сорак гадоў таму. Ларыса Змушко не хавае: хаця сама яна на той час была студэнткай мінскага інстытута, на душы ўсё роўна шчымела.

— Бо ведала, што бацькі мусілі перабрацца са сваёй хаты ў Мсціслаў. Нават дату, — падзялілася, — памятаю: 28 жніўня 1978-га.

З таго часу ледзь не кожную вольную хвіліну яна імкнецца да родных мясцін. Сёння ёй кампанію складаюць дачка Оля і ўнук Арсеній. Ларыса Аляксандраўна распавядае родным, як у дзяцінстве разам з сябрамі даследавалі культавыя будынкі. Напрыклад, вандравалі паміж сцен Пакроўскага храма: невядомы дойлід змайстраваў царкву так, што ўзняцца наверх можна было і па патайной лесвіцы, якую не бачна ні знутры, ні звонку.

— Школьніцай бачыла на храмавых сценах рэшткі фрэскі, — расказала пенсіянерка.

Гэта не адзіная асаблівасць будынкаў манастыра. Падчас рамонту Пакроўскага храма высветлілася, што ён «цёплы»: градус са знакам плюс яму калісьці надавалі гліняныя трубы, якімі былі «прашытыя» сцены.

За пятнаццаць гадоў для аднаўлення манастыра зрабіць атрымалася многае. Аднак яшчэ больш працы — наперадзе. Абавязкі настаяцеля зараз выконвае епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Епархіят удакладняе: адраджэнне святыні — справа калектыўная. Напрыклад, расіянін з Магнітагорска Віталь Гуцікаў падараваў Пустынкам некалькі званоў. Многае для дасягнення мэты зрабілі прыхаджане з суседніх раёнаў. Зразумела, яшчэ большую лепту ў добрую справу ўнеслі і ўносяць землякі Ларысы Змушко. Яна ўдакладняе, што, акрамя таго, заўсёды марыла аб сустрэчы на малой радзіме выпускнікоў Пустынскай школы. У     2010-м мара збылася: пасталелыя школьнікі і выхаванцы дзетдома прыехалі сюды з самых розных куткоў краіны. Трымалі шыльды з датамі заканчэння школы і плакалі — ад шчасця і радасці.

Да Пустынак па-ранейшаму вядзе мноства сцежак. З той толькі розніцай, што зараз па сцяжынках іх дзяцінства да святога месца крочыць яшчэ больш людзей, і ўсе — у пошуках веры.

Фота Наталлі Манусавай і з архіва Ларысы Змушко


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter