Месца пад Сонцам

Як правіла, да шматлікіх рэйтынгаў і прагнозаў у самых розных галінах жыцця, якія цяпер складаюцца паўсюдна разнастайнымі аналітычна-інфармацыйнымі структурамі, трэба ставіцца асцярожна, без асаблівых эмоцый. Аднак прымаць падобную інфармацыю да ведама ўсё ж варта: паколькі гэта адмысловы стымул да далейшага развіцця грамадства. Так бы мовіць, погляд з боку. Магчыма, непрадузяты. Што ж мяне зацікавіла з выкладак бягучага тыдня?  

Усе мы сёння ведаем, што на працягу апошняга часу наша краіна паступова становіцца цэнтрам міжнароднага медыцынскага турызму. Па-першае, гэтаму трэнду спрыяе ўвядзенне доўгатэрміновага бязвізу для грамадзян з каля 80 краін, укараненне ў практыку найноўшых медыцынскіх тэхналогій і найсучаснейшага абсталявання. Па-другое, існуючая моцная навукова-тэхнічная база для прафілактыкі і лячэння цэлага шэрагу захворванняў, дзеючая сетка санаторна-курортнага аздараўлення насельніцтва.

З мэтай палепшыць здароўе Беларусь наведваюць жыхары 114 дзяржаў, што, безумоўна, станоўча ўплывае на міжнародны імідж нашай краіны.

Згодна штогадоваму рэйтынгу агенцтва Bloomberg, па сваёй эфектыўнасці беларуская сістэма аховы здароўя функцыянуе лепш, чым  расійская ці амерыканская. Аналітычная справаздача сведчыць: сярод 56 удзельнікаў апытання Беларусь знаходзіцца на 49-м месцы, Расія на 53-м, Злучаныя Штаты на 54-м. У канцы спісу — Балгарыя. У топ-4 згаданага  апытання адпаведна ўваходзяць Ганконг, Сінгапур, Іспанія і Італія.

Неабходна зазначыць, што ў аналізе Bloomberg улічваліся такія прагнозныя паказчыкі, як працягласць жыцця не менш, чым 70 гадоў, і выдаткі на медыцыну (на аднаго чалавека), а таксама краіны, дзе ВУП на душу насельніцтва складае больш за 5 тысяч долараў, пражывае не менш за 5 мільёнаў чалавек.

У выніку некаторыя былыя рэспублікі СССР экспертамі агенцтва проста не разглядаліся.

Другое даследаванне адносна нашай рэспублікі датычыцца развіцця індэксу чакаемага чалавечага капіталу. Паводле інфармацыі  ўплывовага медыцынскага часопіса The Lancet, заснаванага ў 1823 годзе, быў прааналізаваны індэкс чакаемага чалавечага капіталу за 1990—2016 гады. У спісе са 195 краін Рэспубліка Беларусь узнялася з 36-га на 22-е месца. За апошняе 25-годдзе ў гэтым напрамку наша краіна пераўзышла нават Злучаныя Штаты (27-е месца) і Германію (24-е месца). З пастсавецкіх краін Беларусь саступае толькі Латвіі (21-е месца) і Эстоніі (17-е месца), апярэджваючы за гэтыя гады па ўзроўні адукацыі і аховы здароўя суседнюю Літву (39-е месца). Таксама за Беларуссю ў спісе месцяцца Аўстралія (26-е месца), Чэхія (28-е месца), Польша (30-е месца).

Першую тройку рэйтынгу ўзначалілі Фінляндыя, Ісландыя і Данія. У топ-10 увайшлі Нідэрланды, Тайвань, Паўднёвая Карэя, Нарвегія, Люксембург, Францыя і Бельгія. З “дзясяткі” лідараў вылецела Канада, якая ў 2016-м стала 11-й. Расія з 51-га прасунулася на 49-е месца.

Як адзначае The Lancet, чалавечы капітал прызнаецца экспертамі  як узровень адукацыі і здароўя насельніцтва, лічыцца важным дэтэрмінантам эканамічнага росту. Дарэчы, самы нізкі ўзровень чакаемага чалавечага капіталу ў Нігера, які на 195-м месцы змяніў Малі.

І ў рэшце рэшт беларуская сталіца атрымала трэцяе месца ў рэйтынгу інтэрнэт-выдання The Street (ЗША) — у якасці самых чыстых гарадоў свету, пасля Сінгапура і Токіа. Усяго ў справаздачы The Street трыццаць мегаполісаў, якія ўвайшлі сюды па ацэнках карыстальнікаў турыстычнага сэрвісу браніравання жылля Booking.com. У дзясятку, пасля Мінска, уключаны Кіёта, Казань, Медзіна, Абу-Дабі, Тайбэй, Цюрых, Стакгольм. Масква — на 14-м месцы.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter