У Мінску было падпісана пагадненне з Сусветнай арганізацыяй свабодных зон (World Free Zones Organization) аб уступленні нашага будучага індустрыяльнага парку ў гэтую структуру

Месца ў клубе свабодных зон

У Мінску было падпісана пагадненне з Сусветнай арганізацыяй свабодных зон (World Free Zones Organization) аб уступленні нашага будучага індустрыяльнага парку ў гэтую структуру
Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк візітнай карткай краіны пакуль не стаў. Але ў выпадку, калі гэты праект адбудзецца ў тым выглядзе, у якім задумваўся, сумнявацца не прыходзіцца: на карце свету Беларусь стане важным эканамічным пунктам.



У Мінску было падпісана пагадненне з Сусветнай арганізацыяй свабодных зон (World Free Zones Organization) аб уступленні нашага будучага індустрыяльнага парку ў гэтую структуру.

Візіт у Беларусь кіраўнікі WFZO растлумачылі неабходнасцю вывучэння патэнцыялу СЭЗ краіны, а таксама нашай інвестыцыйнай палітыкі. WFZO фактычна дзейнічае як асацыяцыя свабодных эканамічных зон, а таксама іх удзельнікаў па ўсім свеце. Гэтая арганізацыя — недзяржаўная, яна была зарэгістравана ў 2014 годзе па заканадаўстве Жэнеўскага кантона, але штаб-кватэра яе размешчана зусім не ў Еўропе, а ў Дубаі. У нейкім сэнсе гэта сімвалічна, бо так званы “Дубайскі сіліконавы аазіс” фарміруе каля 25 працэнтаў ВУП сваёй краіны і прыкладна 75 працэнтаў яе экспарту. Там працуе каля 19 тысяч кампаній.

На дадзены момант членамі WFZO з’яўляюцца 155 прадстаўнікоў больш як з 40 краін. Галоўнай мэтай арганізацыі называюць “ажыццяўленне падтрымкі дзяржаў, якія могуць атрымаць карысць з мадэлі СЭЗ і чые эканомікі маюць пратрэбу ў прамых замежных інвестыцыях для падтрымання ажыўленага эканамічнага клімату”.

Выканаўчы дырэктар WFZO доктар Самір Амруні растлумачыў, чым Беларусі важны крок па далучэнні да арганізацыі:

— У развіцці любой свабоднай эканамічнай зоны ёсць тры элементы развіцця. Гэта будаўніцтва яе інфраструктуры, якасць паслуг і маркетынг. Вы цяпер знаходзіцеся на першым этапе — развіваеце інфраструктуру, а нашы кансультацыі дапамогуць вам павысіць якасць паслуг. Мы дапаможам вынесці праект на глабальны ўзровень.

Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка з пункту гледжання прагматыкі далучэння краіны да арганізацыі адзначыў, што мы павінны максімальна поўна выкарыстаць міжнародны досвед, які ёсць у тым ліку і ў WFZO. Паводле яго слоў, узровень прэферэнцый пры прыцягненні інвестараў і рэзідэнтаў у СЭЗ важны, але не менш важны і ўзровень якасці аказваемых паслуг.

— Прынцып “аднаго акна” заўсёды з’яўляецца пераважным з пункту гледжання прывабнасці рэжыму для інвестара, — растлумачыў ён. — Таксама, каб падтрымліваць высокі экспертны ўзровень у нашых СЭЗ, было прапанавана праходзіць навучанне ў гэтай арганізацыі. Але самы галоўны момант — вывесці нашы прэферэнцыйныя тэрыторыі, і перш за ўсё Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк, на міжнародную арбіту ўзаемадзеяння, таму што ў WFZO сканцэнтраваны многія прадпрыемствы, якія маюць свае напрацоўкі і свае інвестпраекты, і параўнальны аналіз такіх рэжымаў пры ўкараненні ў міжнародную “суполку” быў бы нам карысны.


Генеральны дырэктар “Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку” Лі Хайсінь

Генеральны дырэктар “Кампаніі па развіцці індустрыяльнага парку” Лі Хайсінь расказаў, што праект “Вялікага каменя” ўжо даўно выйшаў за межы выключна беларуска-кітайскіх адносінаў. Да яго праяўляюць цікавасць інвестары з Германіі, Літвы, Польшчы, Сінгапура.

— Ужо ёсць восем рэзідэнтаў парку, з дваццаццю — падпісаны пагадненні. На гэты момант некаторыя рэзідэнты ўжо пачалі будаўніцтва сваіх аб’ектаў, іншыя плануюць зрабіць гэта ў самы бліжэйшы час — ужо ў 2016 годзе. Цяпер ідзе актыўная кампанія па пашырэнні “Вялікага каменя” ва ўсім свеце. Мы ўпэўнены, што яго выгаднае геаграфічнае становішча, а таксама інфраструктура, якая развіваецца, дапамогуць яму стаць сапраўднай пярлінай на будучым Вялікім шаўковым шляху.

Аляксандр Бянькоўскі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter