Старажытныя абрады Піншчыны прэзентуюць гасцям у новым турыстычным аб’екце

Мерчыцкія прэм’еры

На радзіме паэткі Яўгеніі Янішчыц збіраюць і адраджаюць палескія абрады


Што ні край, то звычай. У справядлівасці гэтай беларускай прымаўкі давялося на практыцы ўпэўніцца падчас падарожжа ў самае сэрца Палесся, на бераг ракі Ясельды. Менавіта тут, у Мерчыцах, кіраўніцтва Пінскага райвыканкама вырашыла стварыць новы культурны і турыстычны аб’ект, каб захаваць не толькі матэрыяльную спадчыну кшталту музейных экспанатаў, але і своеасаблівыя абрады і традыцыі палешукоў. У вясковым атачэнні, так падобным да дэкарацыі раманаў класікаў беларускай літаратуры. Месца выбрана невыпадкова.


Абрад «Убіранне караваю» праводзяць удзельніцы калектыву “Палясяначка”

Цэнтр традыцыйнай культуры Палесся размясціўся ў капітальна адрамантаваным будынку былой сельскай школы, закрытай некалькі гадоў таму. Каштавала гэта больш за 100 тысяч дэнамінаваных рублёў. У свой час у Мерчыцкай школе вучылася знакамітая паэтка з Піншчыны Яўгенія Янішчыц, за два кіламетры ад новага аб’екта, у Парэчскай базавай школе існуе яе музей. Таму новы аб’ект стане арганічнай часткай распрацаваных раней турыстычных маршрутаў па раёне. Тым больш што экскурсіямі па музейнай экспазіцыі з цікавымі артэфактамі тут плануюць не абмяжоўвацца. Супрацоўнікі хутка прадэманстравалі элементы сучаснага інтэрактыўнага падыходу да госця. У чым ён заключаецца, крыху ніжэй.

Намеснік кіраўніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага райвыканкама Сяргей Падшывалаў звярнуў увагу на тое, што ў цэнтры будуць збіраць і рэканструяваць народныя традыцыі і абрады. Пры матэрыяльнай магчымасці з’явіцца там і падворак з сельскагаспадарчай жывёлай, бо для сучасных гарадскіх дзяцей гэта сапраўдная экзотыка. У праекце таксама стварэнне месцаў адпачынку і нават некалькіх гасцінічных нумароў, каб турыстам было дзе пераначаваць. У планах — пра- вядзенне выстаў народных майстроў, фальклорна-гульнявых праграм, святаў, семінараў, пленэраў, форумаў з удзелам фальклорных калектываў...


Дырэктар Цэнтра «Спадчына Палесся» Ганна ВОДЧЫЦ
Скажам, ці ведае моладзь пра мерчыцкі абрад “Убіранне караваю”. Калі не, іх прадэманструюць у зале “Сельская хата” з дапамогай мясцовага народнага фальклорна-этнаграфічнага калектыву “Палясяначка”. Яго ўдзельніца і дырэктар новай установы культуры Ганна Водчыц паказвае ўтульны і прасторны пакой, стылізаваны пад хату палешука. На пачэсным месцы — скрынка з папяровымі ружамі і шышкамі, а таксама спецыяльнымі рагацінамі. Спечаны каравай у мінулыя часы было прынята ўпрыгожваць дванаццацю падобнымі “палкамі”, на вершаліны якіх барвінком прывязвалі папяровыя сімвалы мужчынскага і жаноцкага пачаткаў. У гэты час хросная маці і сяброўкі “нарачонай”, як называлі маладую, спявалі песні, што адпавядаюць кожнаму моманту гэтай магічнай дзеі. Зараз турысты могуць далучыцца да абраду, а сапраўдны каравай кожны раз выпякае мясцовая жыхарка Галіна Абрамчук. Зразумела, пасля песень і рытуальных дзеянняў усіх удзельнікаў гасцінна запрашаюць пакаштаваць палескага хлеба.

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ рамёствы, кухня, самабытны касцюм мясцовасці таксама не забыты стваральнікамі музея. У зборы матэрыялаў пра традыцыі Піншчыны, а таксама рарытэтаў для экспазіцыі “Спадчына Палесся” ўзялі ўдзел амаль усе вёскі раёна, адзначыла метадыст метадычнага цэнтра Пінскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Святлана Какауліна. Супрацоўнікі 51 клубнай установы раёна збіралі мясцовы фальклор, рыхтавалі апісанні абрадаў або шукалі па хатах рарытэты. Атрымалася 6 пакояў з матэрыяльнымі здабыткамі, без якіх нельга сабе ўявіць сялянскае жыццё мінулага стагоддзя.


У новым Цэнтры культуры сабрана багатая калекцыя ручнікоў
Некаторыя прылады выкарыстоўвалі толькі на Палессі. Напрыклад, спецыяльныя рыфлёныя драўляныя дошачкі — імі апрацоўвалі стрэхі з трыснягу. Адметныя і шматлікія рыбалоўныя прылады, у тым ліку сачок, які нагадвае гіганцкую лыжку з кошыкам на чаранку. Палескія калыскі таксама выглядаюць не падобнымі да цэнтральнабеларускіх драўляных — іх таксама выраблялі з лазы. Але найбольш уразіла драўлянае дзіцячае крэсла, якое перадавалася з пакалення ў пакаленне на працягу больш чым ста гадоў. Па канструкцыі вельмі нагадвае сучасныя аналагі. Нашы кемлівыя продкі прадугледзелі нават, каб дзіця можна было не толькі пасадзіць, але і паставіць на ножкі ў гэтым прадмеце мэблі. І зусім арыгінальная драўляная калода для малых гарэз — невялічкая перамычка перашкаджае няўрымсліваму дзіцяці пакінуць яго сядзенне. 

Аўтэнтычныя экспанаты “Спадчыны Палесся” нібы насычаны духам і характарам сваіх былых гаспадароў. Вялізныя рэшата, гліняныя збаны для цеста, драўляныя дзежкі — нават памер такіх дамашніх прылад нагадвае, якімі шматдзетнымі былі сем’і палешукоў. Няхай жылі не заўсёды багата, як можна заўважыць па тых жа лапцях і нават драўляным абутку, але і пелі, і танчылі, і любілі. Дзяўчаты самі ткалі рушнікі — не менш за 10—15 на пасаг, вышывалі двух галубкоў на вясельных экзэмплярах і рознакаляровыя кветкі на сваіх вышыванках і фартухах. Усё гэта беражліва складвалі ў куфры — у Цэнтры культуры можна ўбачыць і такія ўзоры.

СІМВАЛІЧНА, што ткацкая традыцыя жыве і сёння — новая група наведвальнікаў удзельнічае ў стварэнні рушніка сяброўства, які ткуць разам. Кожны новы радок нітак нібы сведчыць — здабыткі дзядоў і бацькоў на Піншчыне атрымаюць працяг у руках дзяцей і ўнукаў.

У ТЭМУ

Карагодны тыдзень з Пінкавіч

Супрацоўнікі Пінскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы зараз рыхтуюць дакументы для ўнясення ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі своеасаблівага абраду, што захаваўся толькі ў вёсцы Пінкавічы. Называюць яго “Карагодны тыдзень” і праводзяць праз сем дзён пасля Вялікадня. У даўнейшыя часы святкавалі цэлы тыдзень, але зараз уся дзея скарацілася да дня. Аднавяскоўцы сустракаюцца побач з царквой і рушаць па вуліцах з песнямі, пры гэтым яны адрозніваюцца на кожным участку вуліцы і скрыжаваннях дарог. Адначасова яны разрываюць навязаныя чырвоныя ніткі — “путы” зімы. Напрыканцы дзеі смела забягаюць у ваду мясцовай рачулкі і выцягваюць падводную расліннасць. Калі Вялікдзень адзначаецца ў красавіку, у гэты час вада яшчэ вельмі халодная, але гэта спыняе не ўсіх. У каго больш доўгае сцябло, таму пашанцуе ў гэтым годзе. Раней казалі, што і лён у гэтай сям’і будзе даўжэйшым за іншыя. У нашы дні абрад паказвае мясцовы фальклорна-этнаграфічны гурт “Крыніца”.

yasko@sb.by

Фота аўтара і з архіва «Спадчыны Палесся»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter