Руская кухня ў Беларусі сёння ў пашане

Меню для рамантыкаў

Нягледзячы на вялікую колькасць мясцовых прапаноў, руская кухня ў Беларусі сёння таксама ў пашане



Капуста ды каша — ежа наша


Нашы краіны, як даўнія суседкі, за сваю гісторыю паспелі настолькі пераплесціся культурай, ментальнасцямі і побытам, што наўрад ці хто ў Беларусі задумваецца над пытаннем, дзе заканчваецца мясцовая кухня і пачынаецца расійская. Некалі моду на “высокую” кухню ў выглядзе асятроў ды ікры на беларускую зямлю прыўнесла імператрыца Кацярына ІІ. Яна шчодра раздавала рускім дваранам маёнткі на нованабытых тэрыторыях, а Пацёмкін, Румянцавы-Задунайскія, Пушчыны прывозілі сваіх повараў, прывучалі да маскоўскіх і піцерскіх смакавых прыхільнасцяў.

“Нізкая” сялянская кухня, што пад “панамі”, што пад дваранамі ўсюды была аднолькавай: галоўнае, каб сытна, усяго ўдосталь.


Павязу цябе я ў тундру


Адным з самых папулярных у Мінску аказаўся рэстаран “Экспедыцыя”. Цяпер, каб “паспрабаваць суседнюю краіну на смак”, столікі ў “Экспе­дыцыі” заказваюць загадзя. Ну яшчэ б: гэта адзіны ў Беларусі рэстаран “паўночнай кухні”.

А яшчэ гэтая ўстанова, якая, акрамя аўтэнтычнай ежы, прапаноўвае гасцям адчуць сябе паўночным рамантыкам — палярнікам, геолагам або паляўнічым. Адным словам, рэстаран, хутчэй, мужчынскі, хоць сюды ахвотна прыязджаюць сем’ямі і вялікімі сяб­-ро­ўскімі кампаніямі.

“Экспедыцыя” — гэта не толькі ежа, гэта лад жыцця. Ужо з ганка, на якім камянямі выкладзены знак бясконцасці, становіцца зразумела: “дарог хопіць на ўсіх”. Падлога на першым паверсе ў выглядзе карты паўночных рэгіёнаў Расіі. У кутку — лыжы, падбітыя мядзведжай шкурай, санкі, у якіх, як я разумею, адпачывае ад дзіцячых “абдымашак” трусік па мянушцы Фёдар.


“Полюс холаду” на стале


Пакуль мяне праводзяць да майго століка, ледзь не сутыкаюся з дзяўчынай у камуфляжнай куртцы і са стрэльбай на плячы. Гэта афіцыянтка — “сезон палявання” аб’яўляецца ўсякі раз, калі госці заказваюць “Шулюм” — спецыяльны паляўнічы супчык з усяго таго, што ўдалося ў гэты дзень “падстрэліць”.

Меню тут для сапраўдных гурманаў: прывычныя бліны з ікрой ёсць усюды, а вось стравы з паўночнай аленіны — наўрад ці. А яшчэ ў “Экспедыцыі” падача практычна кожнай стравы ператвараецца ў тэатралізаванае дзеянне, якое ўражвае не менш, чым смак экзатычных для нашых шырот паўночных страў. Напрыклад, ваш заказ можа быць дастаўлены да стала на вялізнай ледзяной глыбе. Або ў знарочыста простай алюмініевай місцы, якая, падаецца, падарожнічае з геолагам па яго таежных экспедыцыях не адзін год. Калі выбар прыпаў на пэўны від дзічыны, то повар прыгатуе яго прама ў зале на адкрытым агні — заправіўшы страву яшчэ і мноствам каларытных баек.

Соусы — з ажыны і марошкі, настойкі — на дзікарослых у сібірскай тайзе травах. Я не адважылася заказаць смажаную папараць-арляк, але вось паспрабаваць “чорныя пельмені” мне ўдалося.

Козыр “Экспедыцыі” і самая папулярная тут страва — струганіна. Замарожаную паўночную рачную рыбу або мяса дзічыны повар спрытна рэжа тоненькай стружкай. Вось тут не да размоў: трэба есці хутка, абмакваючы ў соус, каб струганіна не паспела растаць.

Адмовіць сабе ў варэнні з сасновых шышак не змагла: дзе яшчэ такога паспрабуеш! З гарбатай з лясной травы гэта не проста смачна. Заплюшчыла вочы і ўявіла, што сяджу ў тайзе ў старожцы, а за акном — завея, ваўкі выюць…

Але расплюшчыш вочы — і вось яна, цывілізацыя: на сценах вялізныя экраны круцяць ролікі пра жыццё падарожнікаў у экспедыцыях. Тэма падарожжаў наогул тут асноўная, бо рэстаран некалі пачынаўся якраз з падарожжа: адзін з уладальнікаў установы (а яшчэ “Экспедыцыя” ёсць у Маскве і Новасібірску) на пазадарожніку перасёк усю Расію менш як за 20 дзён. Зімовы аўтапрабег-прыгода “Экспедыцыя-Трофі” настолькі яго ўразіў, што ўспаміны пра Крайнюю Поўнач выліліся ў канцэпцыю рэстарана.


Ірына Казакова, прадзюсар:

— Я арганізую выступленні многіх расійскіх артыстаў у Беларусі. Райдар у іх рэдка змяшчае нешта экзатычнае або спецыфічнае: расійскія артысты аддаюць перавагу сярэдняй дыетычнай кухні. Вядомыя людзі, якія шмат падарожнічаюць, харчуюцца сціпла. Калі кожны месяц эксперыментаваць са смакавымі ўражаннямі, то арганізм не вытрымае. Вядома, трапіўшы ў Беларусь у першы раз, госці абавязкова хочуць паспрабаваць што-небудзь аўтэнтычнае, мясцовае. Так што яшчэ ні разу не прыйшлося вышукваць па горадзе асятроў або камчацкіх крабаў — гэта спрабуюць у Астрахані і на Камчатцы. Акцёр Аляксей Маклакоў увогуле абзавёўся ў Мінску любімай установай: калі прыязджае, абавязкова заходзіць перакусіць у “Васількі”.

Рагнеда Юргель
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter