На фестивале «Молодечно-2019» выступят Ирина Дорофеева, Александр Солодуха, Алена Ланская и другие известные белорусские артисты

Мелодыі і рыфмы роднай зямлі

У дзевятнаццаты раз Маладзечна збярэ 7—8 чэрвеня аматараў беларускай песні і паэзіі. Сёлета фестываль прысвечаны Году малой радзімы і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па традыцыі ў першы дзень фестывалю ў гарадскім Палацы культуры пройдуць II і ІІІ туры рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. Там жа Нацыянальны гістарычны музей прэзентуе экспазіцыю на ваенную тэму, пісьменнік Навум Гальпяровіч прадставіць аўтарскую праграму «Суразмоў­цы», шмат цікавага адбудзецца ў музычна-паэтычнай гасцёўне «Пад небам бацькаўшчыны роднай».

Фота  БЕЛТА

Акрамя гэтага, у першы фестывальны дзень ў Мінскім абласным драматычным тэатры пакажуць спектакль «Не пакідай мяне» па п’есе вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава. Увечары жыхароў і гасцей Маладзечна чакае ўрачыстае адкрыццё фестывалю. На сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга прадставяць прэм’еру канцэрта «Песні вайны». Прагучаць творы беларускіх кампазітараў, напісаныя ў ваенныя гады і пасля Вялікай Айчыннай.

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр будзе радаваць гасцей фестывалю і на наступны дзень: у Мала­дзечанскай школе мастацтваў запланаваны канцэрт акадэмічнай музыкі, а ў Чысцінскім сельскім ­Доме культуры — джазавай. Яркай падзеяй у насычанай фестывальнай праграме стане гала-канцэрт лаўрэатаў VІІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2019» на сцэне Палаца культуры. У гэты дзень можна будзе таксама натхніцца вырабамі мастакоў па шклу Таццяны і Пятра Арцёмавых ў Мінскім абласным края­знаўчым музеі, пагутарыць з заслужанай артысткай На­дзеяй Мікуліч, паглядзець музычны спектакль «Янка Купала: жыццё ў свеце маланак» Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, які пакажуць на сцэне Палаца культуры.

На працягу двух дзён на гарадскіх пляцоўках будуць працаваць экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выстава-продаж тавараў народнага спажывання, забаўляльная пляцоўка «Тэрыторыя дзяцінства» і многае іншае. У суботу 8 чэрвеня запланаваны абласны фестываль сямейнай творчасці «У добрым родзе — усё ў згодзе», раённы конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Вытокі майстэрства», арт-фэст «Лянок».

Закрые фестываль вечарам 8 чэрвеня гала-канцэрт на пляцоўцы Летняга амфітэатра. Сёлета гледачам прадставяць юбілейную канцэртную праграму «Зорны карагод» Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца з удзелам артыстаў беларускай эстрады. Да свята беларускай песні і паэзіі далучацца Аляксандр Саладуха, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, дзяржаўны ансамбль «Песня­ры», вакальны гурт «Чысты голас» і іншыя выканаўцы.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter