В Волковысском районе братья работают на комбайне, который перешел им от отца

«Мега»: сямейны падрад

Камунальнае сельскагаспадарчае ўнiтарнае прадпрыемства «Племзавод «Рось» — гаспадарка разнапланавая. Яго работнiкi паспяхова займаюцца племянной справай, жывёлагадоўляй, садоўнiцтвам, маюць уласную вытворчасць па перапрацоўцы малака i мяса. Але раслiнаводству — увага асаблiвая. Менавiта ад паказчыкаў яго працы залежыць харчовая бяспека краiны. Таму якасцi i тэмпам уборкi традыцыйна надаюць вялiкае значэнне, а экiпажы камбайнераў прадпрыемства нярэдка лiдзiруюць па намалотах у раёне i вобласцi. Не адзiн год на сваiм камбайне «Мега-208» у перадавiкi выходзiў Сяргей Красоўскi. Цяпер ён ужо на заслужаным адпачынку, а вось яго жалезны конь, нягледзячы на 20-гадовы стаж, усё яшчэ ў страi. За штурвалам — сыны вопытнага механiзатара Аляксей i Яўген.

Аляксей i Яўген Красоўскiя.
Сёння яны абодва працуюць на прадпрыемстве, дзе ўсё сваё жыццё працаваў iх бацька. Старэйшы Аляксей з 8-га класа падзарабляў памочнiкам камбайнера падчас летнiх канiкул. Але пасля заканчэння школы абодва браты вырашылi звязаць жыццё з гарадскiмi спецыяльнасцямi. Старэйшы пераехаў у гарпасёлак Краснасельскi, дзе 12 гадоў адпрацаваў на буйным прадпрыемстве i нават пабудаваў кааператыўную кватэру. А малодшы выбраў для сябе Гродна. Хлопца, якi з дзяцiнства меў справу з тэхнiкай, узялi слесарам у аўтапарк.

— Нас абодвух цягнула да тэхнiкi, — успамiнае школьныя гады Аляксей. — Бацьку дапамагалi. Ён даваў нам папоркацца ў камбайне i трактары. Не скажу, што ўвесь вольны час праводзiлi ў мехмайстэрнi. Гэта было чымсьцi накшталт заахвочвання. У маладосцi здавалася, што сельскагаспадарчая праца не маё. Але час паказаў адваротнае. Папрацаваўшы на прамысловай вытворчасцi, я свядома вярнуўся на зямлю — i не шкадую.

Зразумеўшы, што перспектыва атрымання ўласнага жылля пад пытаннем, вярнуўся на малую радзiму з абласнога цэнтра i Яўген. Цяпер ён з сям’ёй — жонкай i дзвюма дочкамi — жыве ў асобным доме, выдзеленым яму гаспадаркай. Ды i Аляксей таксама з задавальненнем памяняў бы сваю добраўпарадкаваную кватэру ў буйным гарпасёлку на домiк у вёсцы.

На працягу года перад кожным з братоў стаяць свае задачы. Старэйшы, напрыклад, працуе на самаходным апырсквальнiку i займаецца апрацоўкай, падкормкай палёў. Малодшы вывозiць арганiку на «Амкадоры». Фактычна цяперашнi ўраджай — гэта iх дзецiшча, за ростам збажыны яны назiралi з самых першых дзён.

— Сёлета нам крыху не пашанцавала з надвор’ем, — дзелiцца Аляксей Красоўскi. — У лiпенi стаяла суш, а ў жнiўнi ў самы разгар жнiва зарадзiлi дажджы. Тым не менш ураджайнасць збожжа ў раёне складае 40 цэнтнераў з гектара.


Мяркуючы па аператыўнай iнфармацыi аб ходзе ўборачнай кампанii, якая паступае з палёў краiны, хлебаробы Гродзен­шчыны ўпэўнена лiдзiруюць па ўраджайнасцi збожжа: 38,2 цэнтнера з гектара. А вось тэмпы ўборкi ў Гродзенскiм рэгiёне пакуль што самыя нiзкiя. Абмалочана толькi 75 працэнтаў. Напрыклад, Магiлёўская вобласць ужо практычна на фiнiшы, а ў Брэсцкай засталося прыбраць менш за пяць працэнтаў. Ход уборачнай пракаменціраваў першы намеснiк старшынi камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi Гродзенскага аблвыканкама Дзмiтрый Кадргулаў:

— З году ў год Гродзенская вобласць была ў лiдарах па тэмпах уборкi. Тое, што цяпер мы зай­маем апошняе месца, для нас нязвыкла, але тут адыгралi сваю ролю ўмовы надвор’я: жаць у дождж немагчыма. Мы стараемся выкарыстоўваць увесь наш патэнцыял па максiмуме. Нягледзячы на тое, што месцамi па вобласцi ўсё яшчэ праходзяць дажджы, абмалочваем прыкладна 3—4 працэнты, а па некаторых раёнах — да пяці працэнтаў у дзень. На асобым кантролi своечасовы рамонт тэхнiкi. Ужо зразумела, што ўраджайнасць i валавы збор збожжавых будуць меншыя, чым летась. Плануем намалацiць каля 1,2 мiльёна тон.

Папаўняць агульны валавы аб’ём збожжавых плануецца за кошт кукурузы. Сёлета чакаецца добры ўраджай траў. Яго будзе дастаткова для таго, каб дазволiць частку кукурузы перапрацаваць не на сiлас, а на зерне.

charovskaya@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter