Медалямі ЮНЕСКА «Віктор Гюго» ўпершыню адзначаны дзеячы мастацтва нашай краіны

Медальны трыпцiх мельпамены

Медалямі ЮНЕСКА «Віктор Гюго» ўпершыню адзначаны дзеячы мастацтва нашай краіны. Уладальнікамі пачэснай узнагароды сталі трое выдатных творцаў, чые імёны залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю нацыянальнай, а цяпер і сусветнай музычнай і тэатральнай культуры, — народныя артысты СССР і Беларусі Тамара Ніжнікава, Расціслаў Янкоўскі і Генадзь Аўсяннікаў.

Высокая нота


Прыхільнікі оперы і сёння памятаюць яркі артыстычны талент, выдатны голас і тыя адмысловыя вобразы, якія стварыла Тамара Ніжнікава на працягу больш за трыццаць гадоў працы на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета. Рэдкае каларатурнае сапрана і філігранная тэхніка. Дыяпазон — ад ля малой да фа трэцяй актавы. У рэпертуары — з два дзясяткі шэдэўраў сусветнай класікі. Ёй апладзіравалі ў Польшчы, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Германіі, Аўстрыі, Фінляндыі, Швецыі, Канадзе. А тут — знакамітыя кампазітары Пукст, Семяняка, Цікоцкі стваралі спецыяльна для яе. З 1950-х імя Тамары Ніжнікавай было візітнай карткай нацыянальнай оперы.

лица-нижникова4-001 500.jpg
Цудоўны голас і абсалютны слых яна атрымала ў спадчыну ад бацькоў. Яны спявалі ў розных саборах яе роднай Самары. Нярэдка пад купаламі тых храмаў гучалі і першыя высокія ноты будучай артысткі.

Спяваць і танцаваць яна любіла заўсёды. Вучылася ў музычнай школе, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. У 1941 годзе павінна была выступаць на Усесаюзным аглядзе народных талентаў у Маскве, але пачалася вайна. А з ёй мара вучыцца, каб стаць артысткай, стала недасягальнай.

У 1943-м Тамара з залатым медалём закончыла сярэднюю школу і паступіла ў родным горадзе ў ваенна-медыцынскую акадэмію. Як і многія дзяўчаты тых часоў, дзяжурыла ў шпіталях, даглядала за раненымі і многа з задавальненнем для іх спявала — лячыла, як сама гаворыць, музыкай. А калі даведалася, што пры маскоўскім Вялікім тэатры оперы і балета — у той час ён знаходзіўся ў Самары ў эвакуацыі — набіраюць моладзь у эстрадную студыю, вырашыла паспрабаваць свае сілы. 

На цудоўны голас 17-гадовай дзяўчыны звярнула ўвагу Марыя Максакава, найвядомейшая савецкая оперная спявачка. З ёй Тамара пачала займацца вакалам, а калі тэатр вяртаўся ў Маскву, Марыя Пятроўна паабяцала даслаць выклік у кансерваторыю. Неўзабаве Тамара стала студэнткай. Вучылася добра, атрымлівала Сталін-скую стыпендыю, кансерваторыю закончыла з адзнакай.

З Маскоўскага музычнага тэатра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі ў Беларускі тэатр оперы і балета пачынаючую артыстку перацягнула яго прыма Ларыса Александроўская. Маладая спявачка разам з мужам-музыкантам пераехала ў Мінск і ніколі потым пра гэта не пашкадавала.

— Я аб’ездзіла мноства краін, але заўсёды з радасцю вярталася ў Беларусь. Гэтая краіна стала мне роднай, — прызнаецца Тамара Мікалаеўна.

І тут яе таксама палюбілі — публіка, калегі, сябры, вучні. Менавіта ў нашым Вялікім тэатры яе талент дасягнуў сапраўднага росквіту. На яго сцэне Тамара Ніжнікава стварыла незабыўныя, далікатныя і кранальныя, гарэзлівыя і какетлівыя вобразы ў операх класічнага і нацыянальнага рэпертуару — Марфачка і Баба-Лапатуха, Марынка і Ірына, Шамаханская царыца і Джыльда, Віялета, Лэйла, Адэль... І канечне, яе самая вядомая і любімая Разіна з «Севільскага цырульніка» Расіні. З ёй яна некалі дэбютавала.

— Гэта глупства, што мастацтва патрабуе ахвяр. Мастацтва патрабуе вернасці, — сказала неяк Ніжнікава.

Яе жыццё і творчасць — таму пацвярджэнне. Аддавала прафесіі ўсю сябе. Гадавала траіх дзяцей, але заўсёды была, як салдат, — гатовая выйсці і спяваць. І ва ўрадавых канцэртах, і ў вялікіх і малых гарадах, у калгасах і ваенных часцях. 

У 1976-м Тамара Ніжнікава развіталася з опернай сцэнай. Сёння па ўсім свеце спяваюць ужо яе вучні. За сваю доўгую педагагічную дзейнасць у Беларускай акадэміі музыкі яна выхавала не адно пакаленне выдатных артыстаў. Сваім майстэрствам яна і сёння шчодра дзеліцца са студэнтамі.

Кароль сцэны


Яго дэбют на сцэне адбыўся ў ваенныя гады. Сям’я Янкоўскіх жыла тады ў казахскім Джэзказгане. Сярод руднікоў, шахтаў і гор меднага купаросу галоўнай славутасцю гэтага гарадка быў клуб, дзе велізарнай папулярнасцю карыстаўся самадзейны тэатр. На яго спектаклі хадзілі ўсе, у тым ліку і старшакласнік Расціслаў, якога вельмі цікавіла ўсё, што адбывалася на сцэне і за кулісамі. Цікавасць хлопца не засталася незаўважанай. Праз нейкі час у спектаклі па пушкінскіх «Цыганах» яму даручылі ролю маладога цыгана.  Земфіру іграла мажная, кроў з малаком, дзесяцікласніца. Для любоўнай сцэны героям з падушак і матрацаў збудавалі падабенства паляны. Каханне, як і належала ў той час, ігралі вельмі цнатліва — пася-дзелі абняўшыся. А вось развязка атрымалася з пачуццямі: Алека ўдарае нажом маладога цыгана, потым Земфіру, яна падае і... так прыціскае ў падушках свайго партнёра Янкоўскага, што той крычыць: «Пусці, дыхаць няма чым!» У зале, вядома, рогат. Але і поспех быў каласальны. Гэты момант Расціслаў Іванавіч любіць успамінаць.

Расціслаў ЯНКОЎСКІ ў спектаклі «Вечнасць на дваіх».

А на прафесійную сцэну ён выйшаў ужо ў Таджыкістане, у Ленінабадзе. Кіраўнік мясцовага драмтэатра заўважыў таленавітага хлопца ў самадзейнасці Дома культуры, прапанаваў вучыцца ў студыі і заняў у спектаклях.

Адэса, дзе нарадзіўся, пасля Рыбінск, Джэзказган, Ленінабад. З дзяцінства вандраваць па розных гарадах Янкоўскаму прыйшлося нездарма. Бацька Іван Паўлавіч — патомны дваранін, нарадзіўся ў Варшаве, але карані тутэйшыя, радавы маёнтак быў пад Віцебскам. Афіцэр, штабс-капітан лейб-гвардыі Сямёнаўскага палка, служыў у рускай гвардыі, потым — у Чырвонай арміі пад кіраўніцтвам Тухачэўскага. Не абышлося без рэпрэсій, арыштаў і доўгіх ссылак, куды за ім выпраўлялася і ўся сям’я. 

— Бацька быў вельмі адораны чалавек, — расказваў Расціслаў Іванавіч. — Добра спяваў, дэкламаваў вершы, хвацкі апавядальнік і ўслых выдатна чытаў, некалі модна было так чытаць раманы і ў нашым доме.

Артыстычны ген у Янкоўскіх напэўна ж ад бацькі. А вось заснавальнік знакамітай тэатральнай дынастыі бясспрэчна сам Расціслаў Іванавіч. Бо менавіта ён, ужо акцёр Рускага тэатра ў Мінску, прывёз сюды з Саратава, дзе да таго часу асела бацькоўская сям’я, і ўпершыню вывеў на сцэну свайго 14-гадовага малодшага брата Алега — будучага народнага артыста СССР і Расіі. А сёння на слыху імёны ўжо трэцяга пакалення знакамітага «клана».

Сцэне Расціслаў Іванавіч служыць ужо амаль 65 гадоў. Без малога 60 з іх — у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ім. М.Горкага. Тут ім пражыта і сыграна мноства роляў. Яго любяць гледачы, на яго спектаклі ходзяць па некалькі разоў. Яго усхваляюць крытыкі і рэжысёры. Між тым у жыцці Янкоўскага маглі быць і іншыя вядомыя сцэны. Не адзін раз знакамітага акцёра пераманьвалі ў лепшыя тэатры Масквы, Ленінграда, Кіева. І, здаралася, ён нават даваў згоду. Але як быццам знарок ледзь не ў апошні момант нейкія жыццёвыя абставіны ўтрымлівалі і не дазвалялі змяніць творчую прапіску. На шчасце. Бо без Янкоўскага немагчыма ўявіць сцэну Рускага. Ён любіць гэты тэатр, і тэатр любіць яго — высакароднага караля і адданага рыцара горкаўскай сцэны.

Тэатральны капітан


Быць акцёрам у жыцці Генадзя Аўсяннікава вы-значылася выпадкова. Так ён сам гаворыць. Рана за-стаўся без бацькоў. З трох гадоў яго выхоўвала цётка Марфа Гаўрылаўна, настаўніца матэматыкі. 

Пасля 7-га класа вучыўся ў машынабудаўнічым тэхнікуме ў Магілёве. Не закончыў, кінуў, паехаў і паступіў у Рыжскае мараходнае вучылішча (з-за гэтага яго пасля доўга яшчэ называлі Капітанам). Але ў выбары ўжо праз паўгода зноў расчараваўся, не стрываў дысцыпліны і строгага раскладу мараходкі. Вярнуўся ў Бялынічы ў школу заканчваць 9-ты клас.

Тады ж пачаў займацца ў мастацкай самадзейнасці. Школьны драмгурток вяла настаўніца нямецкай мовы, яна і заўважыла таленавітага хлопца. Яе імя Генадзь Сцяпанавіч заўсёды ўзгадвае з пашанай — Марыя Мікалаеўна Гедда. Менавіта з яе бласлаўлення пасля заканчэння бялыніцкай дзесяцігодкі ён адправіўся ў Мінск паступаць «на артыста». 

У той год, а ішоў 1953-ці, свой курс у тэатральна-мастацкім інстытуце набіраў знакаміты педагог, акцёр і рэжысёр, народны артыст БССР Канстанцін Саннікаў. Аўсяннікава прынялі адразу. А ў 1957-м, пасля заканчэння, ён быў залічаны ў трупу Купалаўскага тэатра. Праўда, чакаць на першай сцэне краіны свайго «зоркавага часу» прыйшлося больш за дзесяцігоддзе.

Неяк спытала: як ён тады сябе пачуваў, пры тым, што ў яго аднакурснікаў — Галіны Талкачовай, Марыі Захарэвіч, Віктара Тарасава — да таго часу ўжо з’явіліся значныя ролі. Адказаў: ніякавата, канешне, было, можа, і зайздросціў крыху, але не крыўдаваў, разумеў, што ў тэатры не бывае, каб адразу пасыпаліся на цябе і Рамэа, і Трэплеў, і Атэла… Такое — рэдкі выпадак, часцей — працяглае, а то і вельмі працяглае чаканне. Так было і ў яго. Праходзіў «школу масавых сцэн», іграў ролі не галоўныя. Але — ярка, самабытна! Майстар эпізоду — часта пісалі тады пра яго крытыкі.

Акцёрам Аўсяннікава зрабіла творчасць Андрэя Макаёнка. Кропкай адліку Генадзь Сцяпанавіч лічыць 1971 год і сваю ролю Цярэшкі Калабка ў спектаклі па п’есе «Трыбунал». Адтуль іграў ужо ва ўсіх п’есах вядомага драматурга: «Таблетка пад язык», «Пагарэльцы», «Выбачайце, калі ласка», «Лявоніха на арбіце»... 

«Майму лепшаму сябру. Цябе Бог паслаў ва ўзнагароду за нешта», — шчыра напісаў некалі Макаёнак на сваёй падоранай акцёру кнізе. Гэты аўтограф ён захоўвае дасюль. 

Вось ужо 58 гадоў на працу Генадзь Аўсяннікаў спяшаецца ў Купалаўскі — у тэатр, які стаў першым і адзіным у яго ацёрскім жыцці. На гэтай легендарнай сцэне ім сыграна мо каля сотні ўжо роляў — рускай класікі, савецкай драматургіі, замежнай, і канечне ж, беларускай. Менавіта ў п’есах Андрэя Макаёнка, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Івана Мележа, Івана Чыгрынава найбольш ярка праявіўся талент Аўсяннікава. Менавіта вобразы нацыянальнага рэпертуару сталі найбольш значнымі ў яго творчым лёсе. А народны сакавіты гумар, арганічнасць, уменне стварыць непаўторны малюнак ролі — галоўнымі якасцямі прафесіянальнага майстэрства.

Безумоўна, калі трэба, ён можа сыграць і арыстакрата. Але і сам прызнаецца, што ўсё ж пачуваўся б тады не ў сваёй талерцы. 

— Роля простага чалавека — вось гэта маё, — гаворыць Генадзь Сцяпанавіч.

У тэму

Медаль ЮНЕСКА «Віктор Гюго» заснавана Арганізацыяй па пытаннях адукацыі, навукі і культуры для ўвекавечання памяці выдатнага французскага пісьменніка, творы якога перакладзены на 32 мовы свету. Медалём узнагароджваюцца дзеячы культуры розных краін за значны ўклад у развіццё нацыянальных культур і культурнай разнастайнасці ў свеце.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter