Аграгарадок Мазалава набыў новы імідж дзякуючы еўрапейскаму гранту і творчай фантазіі вяскоўцаў

Мазалаўскі рэнесанс

Вёска Мазалава Віцебскага раёна — добраўпарадкаваны аграгарадок з развітай інфраструктурай. На базе мясцовага сельгаспрадпрыемства “Мазалавагаз” часта праводзяцца  абласныя і рэспубліканскія семінары, аграрыі дзеляцца каштоўным вопытам гаспадарання з прымяненнем самых перадавых тэхналогій АПК. Безумоўна, сучаснае прагрэсіўнае прадпрыемства, адкрытае на базе занядбалай гаспадаркі, паспрыяла росквіту населенага пункта.  Аднак многае для гэтага робяць і самі вяскоўцы. Менавіта дзякуючы іх творчай фантазіі аграгарадок набыў свой непаўторны каларыт.



Вясковыя  метамарфозы звязаны з удзелам у праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і фонду “Еўразія”. Сумесная ініцыятыва “Адукацыя і адраджэнне гісторыка-эканамічнай спадчыны для ўстойлівага развіцця Мазалаўскага і Бабініцкага сельскіх Саветаў” два гады таму  адзначана грашовым грантам, дзякуючы якому вёска набыла новы імідж. Пабудовы аграгарадка ўпрыгожыў арыгінальны  роспіс у тэхніцы выцінанка з мудрагелістымі этнічнымі матывамі. Яны з’явіліся невыпадкова. У рамках ініцыятывы быў аб’яўлены конкурс на лепшы дызайн-праект аздаблення вуліц. У ім актыўны ўдзел прыняла і моладзь, і сталыя жыхары. Самыя крэатыўныя ідэі аб’яднаны ў адну, а маладыя мастакі і дызайнеры  іх увасобілі ў жыццё. Невыпадкова сярод вобразаў прысутнічае слімак. Мясцовы краязнаўца Андрэй Струнчанка:

— Яшчэ ў пачатку XIX cтагоддзя заморскі  далікатэс у Мазалава спрабаваў разводзіць мясцовы памешчык Ігнат Манькоўскі, віцэ-губернатар Віцебскай губерні. Гэта быў прагрэсіўны чалавек свайго часу, знаны публіцыст і асветнік, а таксама таленавіты гаспадар-наватар. Ён клапаціўся пра дабрабыт сялян. Так, пан Манькоўскі скамандаваў перарабіць усе хаты з “чорных” (дымных) у “белыя”, з печкамі і комінамі. Гэта значна знізіла дзіцячую смяротнасць. Віцэ-губернатар тут пабудаваў самы магутны ў губерні вадзяны млын. Яго рэшткі, а таксама цэнтральная сядзіба панскага маёнтка Мілае сёння з’яўляюцца мясцовымі славутасцямі і прыцягваюць у гэты край нямала аматараў гісторыі. Першым сюды пачаў вадзіць экскурсіі вядомы на Віцебшчыне краязнаўца, аўтар шматлікіх навуковых прац Мікалай Півавар.

Добрую традыцыю працягнуў Андрэй Струнчанка. Ён таксама абудзіў  цікавасць да сваёй малой радзімы  ў раёне і вобласці. Звычайна тут праводзіцца раённы “Фэст экскурсаводаў”.  

Малады чалавек працуе ў абласным цэнтры ў абкаме прафсаюза, аднак не забываецца на малую радзіму, дзе пачынаў свой прафесійны шлях у мясцовым Доме культуры.  У вольны час  Андрэй кіруе тэатральным гуртком, а таксама з’яўляецца аўтарам праекта “Дыялог народаў і культур” мясцовага клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Згода”.  Вось ужо некалькі гадоў запар  Мазалава наведваюць студэнты віцебскіх ВНУ, моладзь з Кітая, Лівана, Палесціны, Нігерыі,  Іарданіі, Эквадора і іншых краін свету, каб пазнаёміць вяскоўцаў са сваімі традыцыямі. У той жа час замежная моладзь  адкрывае для сябе невядомую Беларусь.  Госці таксама прынялі ўдзел у добраўпарадкаванні вёскі. У знак сяброўства яны заклалі памятную алею дрэў у цэнтры аграгарадка. У мінулым годзе да акцыі далучыліся мясцовыя школьнікі і  ветэраны.

Аляксандр ЦІШЧАНКАЎ.


Дзякуючы ўдзелу ў міжнародным праекце ў аграгарадку з’явіліся ўказальнікі з мясцовымі адметнасцямі, напрыклад, да вясковай крыніцы, сядзібы Манькоўскага, панскага млына, да старой сасны. Дрэва гэтае стала вядома дзякуючы ваеннай драме  “Чорная бяроза” — здымалі тут у 1977 годзе з удзелам Ірыны Алфёравай.  

Культурнай разыначкай аграгарадка многія гады з’яўляецца раённае свята “Мазалаўскі карагод гульняў”. Яго аўтар таксама Андрэй Струнчанка і вясковыя  культработнікі. Падчас народных гулянняў у цэнтры вёскі праводзіцца конкурс “Квасаўка” на самы арыгінальны рэцэпт старадаўняга напою. Звычайна на свяце падводзяць вынікі ўсіх добрых спраў вяскоўцаў на карысць малой радзімы, выбіраюць  самых  дбайных маладых гаспадароў. Мазалаўцы неабыякавыя да пытанняў добраўпарадкавання. Людзі імкнуцца ствараць вакол сябе прыгажосць. Гэта калектывы  “Мазалавагаз”,  Дома культуры, школы, іншых устаноў  і самі мясцовыя жыхары.

 З цікавым вяскоўцам Аляксандрам Цішчанкавым  давялося пазнаёміцца падчас аднаго з падарожжаў да Мазалава. Ён не толькі зрабіў арыгінальны дэкор уласнай сядзібы, але і размаляваў аўтобусны прыпынак у аграгарадку. Сваю другую радзіму мастак-самавук з Санкт-Пецярбурга знайшоў у прыдзвінскім маляўнічым кутку выпадкова. Пераехаў сюды чатыры гады таму.

Куды толькі лёс не кідаў творчага чалавека! У свой час у Расіі яму давялося і працаваць кавалём, і будаваць падводныя лодкі на Адміралцейскіх верфях, і прымаць  удзел у здымках мастацкай кінастужкі на «Ленфільме», пэўны час вучыўся на рэжысёра. Неяк завітаў да родных у горад Веліж і зрабіў сваё першае падарожжа да Віцебска. Горад Шагала так уразіў пецярбуржца, што ён вырашыў застацца, але строіць новае жыццё захацеў на вёсцы. Для гэтага і набыў сціплы домік у аграгарадку Мазалава, пра яго талент хутка даведаліся ў раёне.

— Размаляваць вясковы аўтобусны прыпынак папрасілі, калі ўладкаваўся дворнікам у мясцовую школу, — распавёў Аляксандр. — Цяга да жывапісу ў мяне была з дзяцінства. Аднак пераносіць на палатно светаадчуванне, думкі і мары  паспрабаваў, калі адпачываў на Балтыйскім моры ў 2004 годзе. Другі творчы штуршок дала Беларусь. У  Мазалава знайшоў новых сяброў, прыемна, што мае выставы, якія прайшлі ў Доме культуры і раённым гісторыка-краязнаўчым музеі, атрымалі добрыя водгукі. У мастацтве  знайшоў свой асабісты стыль, які бліжэй да экспрэсіянізму, а натхненне чэрпаю ад людзей, прыроды, з прачытаных кніг.  Зараз заняты на сезонных работах  у лясгасе, трымаю гарод, а вечары аддаю творчасці.  Можна сказаць, працую ў тры змены, аднак на лёс не наракаю. Галоўнае для чалавека — знайсці сваё месца. Я сваё знайшоў. І яно тут, у гэтай прыгожай вёсачцы, з добразычлівымі людзьмі і багатай гістарычнай спадчынай.

zakharov@sb.by

Фота аўтара  і Ніны СТАЛЯРЭНКА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter