Канал «Культура» Белорусского радио подвел итоги конкурса «Беларускі радыётэатр 2.0», а «Калыханка» на «Беларусь 3» приглашает маленьких зрителей отметить юбилей программы

Мазаіка часу

Канал «Культура» Беларускага радыё вызначыў пераможцаў радыё-конкурсу сучаснай п’есы «Беларускі радыётэатр 2.0», які быў абвешчаны ў сакавіку і прысвячаўся 95-годдзю айчыннага радыёвяшчання. Нагадаем, арганізатары творчага спаборніцтва прапанавалі ўдзельнікам чатыры тэмы на выбар: «Сучасная беларуская культура і нацыянальныя традыцыі», «Чалавек у глабальным свеце», «Сучасная асоба і радыё» і «Гарманічныя адносіны чалавека з прыродай». 

Запіскі драматурга 

Сярод асноўных задач конкурсу, звяртае ўвагу дырэктар «Культуры» Уладзімір Трапянок, былі пошук таленавітых сучасных аўтараў, развіццё мастацкага радыёвя-шчання ў краіне, стымуляванне творчай моладзі і яе далучэнне да радыёвяшчання.

— Першае такое спаборніцтва мы правялі ў 2018 годзе. Па яго выніках на нашым канале быў створаны радыёспектакль «Танец з рапірай» па п’есе вядомага драматурга Ягора Конева. Пастаноўка распавядала пра дзяўчыну, якая выпадкова пазнаёмілася з фехтаваннем і прысвяціла яму ўсё жыццё. Гэты спектакль таксама прагучаў у эфіры Першага Нацыя-нальнага канала і зараз папоўніў фонды Беларускага радыё. 

І вось нарэшце з’явіліся новыя пераможцы. У гэтым сезоне, дарэчы, удзельнікамі сталі самадзейныя і прафесійныя драматургі розных узростаў са сталіцы, абласных і раённых цэнтраў. Найбольшую цікавасць у аўтараў выклікала тэма маральна-этычных праблем у сучасным грамадстве.

Згодна з рашэннем журы, у склад якога ўваходзілі прафесійныя пісьменнікі, прадстаўнікі тэатральнага і радыёмастацтва, былі вызначаны ўладальнікі другога і трэцяга месцаў. Імі адпаведна сталі Васіль Ткачоў з Гомеля за п’есу «Пераправа» і Улада Альхоўская за п’есу «Гэты ваш лес». 

Вачаняты закрывай

Праз некалькі тыдняў найстарэйшая дзіцячая праграма на беларускім тэлебачанні адзначыць сур’ёзны юбілей — 40 гадоў у эфіры. Увесь гэты час палітыка «Калыханкі» застаецца нязменнай: вучыць маленькіх гледачоў дабрыні, справядлівасці і сяброўству, нягледзячы на тое, што адбываецца ў свеце дарослых. Сёння «Калыханку», на якой вырасла не адно пакаленне беларусаў, па-ранейшаму ведаюць і любяць дзясяткі тысяч гледачоў.

Вядучая тэлепраграмы «Калыханка» Алена БIКРЭНЕВА (Фея сноў) з Буслікам і медзведзянём Топам.

Дарэчы, адкрыем сакрэт: запісваюць праграму не кожны дзень, а блокамі. Двойчы на ты-дзень у студыі на Макаёнка, 9, здымаюць выпускі на месяц наперад. «Гэта раней артысты працавалі ў прамым эфіры, што, вядома, часам было вельмі нязручна і накладна», — распавядае кіраўнік перадачы Алена Фурсава.

У мінулым годзе калыханкаў-цам у прамым сэнсе далі больш паветра: праграма атрымала новы ўтульны «дом», над афармленнем якога доўгія месяцы працавала мастак-пастаноўшчык «Калыханкі» Таццяна Герасімовіч. Да свят і ў залежнасці ад надвор’я элементы ў «доме» герояў мяняюцца — так маленькія гледачы адчуваюць сябе на адной хвалі з персанажамі.

Часта героям, асабліва лісцы Яначцы, мяняюць і адзенне. «Яна ж як дзіця, таму мы вымушаны падладжвацца пад настрой нашай ліскі», —жартуе Алена Фурсава. Што цікава, першых «калыханачных» персанажаў, падораных праграме тэатрам лялек, апраналі самі супрацоўнікі перадачы — шукалі ўмельцаў сярод членаў калектыву. Крыху пазней над іх вобразамі працавалі ўжо прафесіяналы з тэатральных майстэрняў, пакуль у праграмы не з’явіўся ўласны бутафор. Некаторыя сучасныя касцюмы герояў пашыты па эскізах цяперашняга мастака-пастаноўшчыка «Калыханкі».

Галоўнае рабочае месца дарослых і лялек — гэта шырокі стол-шырма, дзе без асаблівай сарамлівасці могуць размясціцца адразу некалькі артыстаў. Уладзімір Варанкоў (той, што мішка Топа) успамінае: раней прасторы ў студыі і пад сталом было ў разы менш.

— Адпаведна, не было магчымасцей для маніпуляцый, даводзілася доўга сядзець у адной позе. А зараз я са сваёй камплекцыяй магу спакойна там размясціцца. І Топа можа лёгка перамяшчацца туды-сюды, пры гэтым мая рука не будзе бачная гледачам.

Саміх артыстаў, дарэчы, гледачы амаль не пазнаюць у твар. Але калыханкаўцы зусім не ў крыўдзе. Смяюцца: гэта прафесія не патрабуе гучнай славы, іх радасць у іншым: шчырых усмешках самых маленькіх гледачоў.

leonovich@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter