Цяпер Гродзенскі абласны клінічны кардыя­цэнтр — гэта сучасная медыцынская ўстанова, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі

Майстры сардэчных спраў

Прайшлі тыя часы, калі выключна ў Мінску акумуляваліся ўсе найноўшыя медыцынскія тэхналогіі. Высокатэхналагічныя аперацыі ўжо некалькі гадоў паспяхова праводзяцца і ў рэгіёнах, прычым іх спектр пастаянна расце. Асабліва гэта важна для экстранных пацыентаў з хворым сэрцам. Скажам, з Гродзенскай вобласці пры расслойваючай анеўрызме грудной аорты раней пацыентаў тэрмінова транспартавалі ў сталіцу, і, на жаль, не ўсе перажывалі доўгую дарогу, а цяпер у абласным клінічным кардыяцэнтры і гэтыя, і многія іншыя ўмяшанні праводзяць на месцы, ратуючы людзям жыццё.


Урачы Гродзенскага абласнога клінічнага кардыяцэнтра за работай

Цяпер Гродзенскі абласны клінічны кардыя­цэнтр — гэта сучасная медыцынская ўстанова, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі, дзе выконваюцца практычна ўсе магчымыя кардыялагічныя аперацыі: карэкцыі клапанаў сэрца, умяшанні на каранарных артэрыях і магістральных сасудах. Калектыў жа медыкаў — гэта ўнікальны сплаў маладосці і досведу. З 10 спецыялістаў-хірургаў чацвёра навучаюцца другі год: скончылі медыцынскі ўніверсітэт і цяпер рыхтуюцца ўвайсці ў вышэйшую касту прафесіі — стаць кардыяхірургамі. Астатнія — профі, якія не раз праходзілі стажыроўкі ў нашай краіне, у тым ліку двухгадовую клінічную ардынатуру ў РНПЦ “Кардыялогія”, і за яе межамі ў вядучых клініках Еўропы.

Новы віток у сваім развіцці кардыялогія рэгіёна атрымала з увядзеннем у строй кардыяхірургічнага корпуса, які ўзводзіўся па абласной інвестыцыйнай праграме. Сёння гэта пляцоўка для актыўнага супрацоўніцтва з замежнымі калегамі. Тут, да прыкладу, працавалі кардыяхірургі з Нідэрландў, якія абменьваліся са спецыялістамі цэнтра досведам правядзення высокатэхналагічных умяшанняў па лячэнні арытмій. Усяго былі прааперыраваныя 25 пацыентаў.

Яшчэ Гродна стаў адным з нямногіх абласных цэнтраў краіны, дзе праводзяцца ўнікальныя высокатэхналагічныя аперацыі па пратэзаванні клапанаў сэрца міні-інвазійным спосабам.

— Такія ўмяшанні патрабуюць найвышэйшага майстэрства хірургаў, — адзначае галоўны ўрач Гродзенскага абласнога клінічнага кардыялагічнага цэнтра Тамара Даўгашэй. — Яны малатраўматычныя, маюць потым кароткі перыяд гаення і рэабілітацыі, што значна паскарае аднаўленне працаздольнасці, а таксама зніжае эканамічныя затраты дзяржавы па лячэнні пацыента, а таму вельмі запатрабаваныя.


Андрэй Янушка (у цэнтры) з калегамі абмяркоўваюць лячэнне пацыента

Выконвае такія ювелірныя аперацыі ў Гродне намеснік галоўнага ўрача па кардыяхірургіі Андрэй Янушка. Дарэчы, дзве з іх, зробленыя па такой прагрэсіўнай методыцы, нават транслявалі ў рэжыме анлайн для беларускіх, расійскіх ды ізраільскіх калег, калі ў горадзе праводзіўся семінар па міні-інвазійнай кардыяхірургіі. Навізна аперацый у тым, што на галоўным маторы чалавечага арганізма хірург працуе праз невялікія, каля 5 сантыметраў, разрэзы. Лічаныя клінікі ў свеце здольныя на падобнае, да нядаўняга часу — толькі ў ЗША, Германіі ды Ізраілі. Але вось 3 гады назад прагрэсіўную тэхналогію асвоілі ў РНПЦ “Кардыялогія”, а ўслед за ім і ў Гродзенскім кардыялагічным цэнтры. За мінулы год выканана ўжо каля 30 аперацый з прымяненнем максімальна зберагальных падыходаў...

Але стаўку цэнтр робіць не толькі на якасць і прагрэ­сіўнасць методык. З году ў год павялічваецца сама колькасць пралечаных тут пацыентаў. І калі ў 2013-м было выканана 200 аперацый, то мінулы год падняў планку да 349, а за 9 месяцаў гэтага года на рахунку кардыяхірургаў ужо 400 аперацый. У планах да новага года давесці лічбу да паўтысячы! Тут вельмі важная падтрымка абласной выканаўчай улады, прызнаюць медыкі: у цэнтр закуплена ўсё неабходнае абсталяванне. У тым ліку ў канцы мінулага года і спецыяльнае абсталяванне, і інструменты для міні-інвазійных умяшанняў. У асноўным, вядома, дапамога аказваецца жыхарам Гродзенскай вобласці, але, бывае, прыязджаюць пацыенты з іншых абласцей і нават з суседніх дзяржаў. Толькі сёлета былі прааперыраваныя 5 расіян, хворыя з Украіны і Арменіі. Для беларусаў усё робіцца бясплатна, а замежніку аперацыя на сэрца абы­дзецца прыкладна ў 10 тысяч долараў.

Вельмі вялікі спектр аперацый, на якія раней асмельваліся толькі ў Мінску, быў укаранёны ў Гродзенскім кардыяцэнтры зусім нядаўна. Да прыкладу, тут сталі паспяхова выконваць умяшанні па карэкцыі клапанаў сэрца ў спалучэнні з аперацыямі па аднаўленні сардэчнага рытму, так званыя аблацыйныя методыкі. Дапамаглі ўжо 15 пацыентам. З’явіўся досвед барацьбы і з паражэннем адразу дзвюх магістральных зон: артэрый, якія забяспечваюць крывёю сэрца і галаўны мозг. Раней тут працавалі дзве брыгады хірургаў: кардыя- і сасудзістыя. А сёння спраўляецца адзін кардыяхірург, у гэтым адметнасць метаду. Больш за тое, гродзенскія кардыяхірургі тэхнічна гатовыя і да перасадкі сэрца! Хоць пакуль у гэтым няма неабходнасці, паколькі РНПЦ “Кардыялогія” выдатна спраўляецца з неабходнай для нашай краіны колькасцю такіх трансплантацый. Але ж заўсёды важна адчуваць побач надзейнае плячо калег.

Іван Іваноў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter