В эфир «Беларусь 3» возвращаются самые рейтинговые проекты, а также появляются новые

Майстры, куміры, артэфакты

Топавыя праекты «Беларусь 3» вяртаюцца з адпачынку. Ужо ў першыя тыдні верасня гледачоў са­цыякультурнага тэлеканала чакаюць сустрэчы з даку­менталістамі Галінай Ада­мовіч і Іванам Куракевічам у праграме «Час кіно» і актрысай Марыяй Захарэвіч у праекце «Майстры і куміры».

Суразмоўцам Навума ГАЛЬПЯРОВІЧА стане рэк­тар Магі­лёў­скага дзярж­уні­вер­сітэта імя А. Куляшова Дзяніс ДУК.
Фота прадастаўлена прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі

У новым сезоне «Беларусь 3» працягне супрацоўніцтва з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў, каб і далей радаваць сваіх гледачоў лепшымі вучэбнымі работамі, магчыма, будучых зорак айчыннага кіно і тых, хто ўжо заняў ганаровае рэжысёрскае месца. Такім чынам, 7 верасня ў вячэрнім эфіры будуць паказаны студэнцкія работы вядомага беларускага рэжысёра-дакументаліста, выпускніцы БДАМ 1994 года Галіны Адамовіч. Яе фільмы не раз станавіліся лаўрэатамі буйных кінематаграфічных фестываляў. Зараз гледачы змогуць убачыць яе першыя, навучальныя стужкі, з якімі яна, скончыўшы курс славутага дакументаліста Віктара Дашука, сышла ў вялікае плаванне па хвалях айчыннага кіно. Гэта кінанавелы «Пакахай мяне чорненькім» («Беларусьфільм», 1993) і «Балачкі на колах» («Беларусьфільм», 1991).

Напярэдадні паказу гледачоў чакае выпуск праекта «Час кіно», вядучым якога выступіць акцёр, сцэнарыст, рэжысёр, дэкан кафедры экранных мастацтваў БДАМ прафесар Павел Іваноў. У праграме Галіна Адамовіч не толькі прадставіць свае фільмы, але і раскажа, чаму, калі ў далёкім 1989 годзе паступала ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, абрала менавіта дакументальнае кіно, ці ёсць у яе жаданне паставіць ігравую карціну і якія тэмы цікавяць яе як рэжысёра.

На тыдзень пазней госцем праграмы «Час кіно» стане малады таленавіты рэжысёр-дакументаліст, выпускнік БДАМ 2014 года Іван Куракевіч. Ён раскажа гледачам, якімі метадамі карыстаецца пры стварэнні фільмаў, ці цяжка яму расставацца са сваімі героямі. Як ён ставіцца да тэндэнцыі ўвядзення ігравых момантаў у дакументальнае кіно — яшчэ адна цікавая тэма. А пасля сустрэчы з рэжысёрам можна будзе ўбачыць яго раннія работы на ніве дакументалістыкі — «Мая дыстанцыя» і «Без вады».

На гэты раз да Марыны ДРАГІНАЙ прыйдзе Марыя ЗАХАРЭВІЧ.

Новы выпуск праекта «Майстры і куміры» выйдзе 16 верасня. У госці да Марыны Драгінай прыйдзе народная артыстка Беларусі актрыса Купалаўскага тэатра, рэжысёр, прафесар, легенда беларускага радыё і тэлебачання Марыя Захарэвіч. Гераіня праграмы падзеліцца сакрэтамі прафесійнага майстэрства і сямейнага шчасця, успомніць свае студэнцкія гады і першыя спектаклі, знакавыя ролі і эфіры, сяброў і калег па творчым цэху. Актрыса раскажа, якія персанажы ёй бліжэй, дзе яна любіць адпачываць і як адчувае сябе ў рэжысёрскім крэсле.

Унікальныя запісы з фонду Белтэлерадыёкампаніі забяспечаць, як заўсёды, поўнае пагружэнне ў экраннае мінулае. Цікава, што некаторыя фрагменты сталі прыемным адкрыццём і для самой Марыі Георгіеўны.

ДАРЭЧЫ

Галоўнай прэм’ерай сезона на «Беларусь 3» стане праграма «Суразмоўцы», у якой паэт і пісьменнік Навум Гальпяровіч, размаўляючы з вядомымі беларусамі, закране актуальныя праблемы сучаснасці, глыбокія і істотныя пласты культуры, мастацтва і грамадскай самасвядомасці. Героямі праекта стануць творцы культурнай прасторы Беларусі ў шырокім сэнсе гэтага слова — навукоўцы і педагогі, пісьменнікі і мастакі, артысты і музыканты, грамадскія дзеячы і многія іншыя. Госцем першага выпуску быў міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч. У бліжэйшую суботу глядзіце размову з рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Дзянісам Дукам, а пасля на эфір завітае вядомая пісьменніца Людміла Рублеўская.

Яшчэ адна прэм’ера — цыкл дакументальных тэлефільмаў «Артэфакты». Аўтары праекта раскажуць аб прадметах культуры і мастацтва Беларусі, многія з якіх не проста захоўваюцца ў музеях, але нават не выстаўляюцца для агляду, паколькі патрабуюць асабліва беражлівага стаўлення і строгіх умоў захоўвання.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter