В Минске открылась выставка графических работ Германа Штрука - учителя Марка Шагала

Майстэрства І аўтарытэт

Учора ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава “Графіка Германа Штрука”. Мастак нямецкі, аднак і з нашай краінай у яго ёсць нямала агульнага. Выдатны майстар нямецкай гравюры Герман Штрук нарадзіўся ў 1876 годзе ў Берліне, скончыў Берлінскую акадэмію мастацтваў, быў прызнаным аўтарытэтам у галіне літаграфіі і афорта.

Торговая площадь в Лиде.

У майстра, які віртуозна валодаў графічнымі тэхнікамі, імкнуліся вучыцца многія. Сярод вучняў Германа Штрука — вядомыя нямецкія мастакі Ловіс Корынт, Уры Лесер, Макс Слефогт. Дзякуючы яму авалодаў тэхнікамі афорта і літаграфіі і наш зямляк Марк Шагал. Яны пазнаёміліся ў 1922 годзе ў Берліне, куды Шагал прыехаў, канчаткова пакінуўшы радзіму. А ўжо ў 1923 годзе беларускі мастак стварыў серыю графічных ілюстрацый да сваёй аўтабіяграфіі “Маё жыццё”. Пазней Шагал пісаў: “Мне здаецца, што мне чагосьці не хапала б, калі б я, пакінуўшы ў баку колер, не заняўся ў пэўны момант гравюрай і літаграфіяй”. Пра той перыяд жыцця Марка Шагала сведчыць яго партрэт работы Штрука — ён таксама прадстаўлены на выставе.

Портрет Марка Шагала.

Усяго ў Нацыянальным мастацкім музеі экспануецца 50 работ Германа Штрука. Большасць з іх створана ў час Першай сусветнай вайны. Будучы нямецкім афіцэрам і членам Яўрэйскага камітэта дапамогі Польшчы і Літве, мастак аб’ездзіў занятыя нямецкімі войскамі тэрыторыі не толькі Польшчы, Літвы, але і Латвіі, Беларусі. Пры гэтым ён, як звычайна, рабіў замалёўкі ўсіх тых месцаў, што сустракаліся на яго шляху. Вынікам гэтай працы сталі графічныя альбомы “Замалёўкі Літвы, Беларусі і Курляндыі” (1916) і “Аблічча ўсходняга яўрэйства” (1920), выдадзеныя ў Берліне. Менавіта гравюры, якія ўвайшлі ў першы альбом, і склалі аснову выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Гэта пейзажы беларускіх і прыбалтыйскіх гарадоў, бытавыя замалёўкі, партрэты мясцовых жыхароў розных прафесій і нацыянальнасцяў.

Мелочная лавка в Гродно.

Усе экспанаты выставы “Графіка Германа Штрука” прадастаўлены беларускім калекцыянерам Уладзімірам Багданавым. Ён расказаў карэспандэнту “НГ”, што два гады таму выстава ўжо экспанавалася ў Віцебску, на радзіме Марка Шагала:

— У Мінску работы Германа Штрука экспануюцца ўпершыню. Акрамя графічных работ, на выставе можна ўбачыць арыгінал кнігі Германа Штрука “Мастацтва афорта”. Выдадзеная ў пачатку ХХ стагоддзя, яна вытрымала некалькі выданняў і стала дапаможнікам для многіх пакаленняў мастакоў.

З выставай “Графіка Германа Штрука” ў Нацыянальным мастацкім музеі можна пазнаёміцца да 24 лютага.

mila@sb.by

Ілюстрацыі прадастаўлены Уладзімірам Багданавым
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter