Майстар па-сапраўднаму нацыянальны

Канцэрт, прысвечаны памяці вядомага беларускага кампазітара Уладзіміра Будніка, адбыўся ў Беларускай дзяржаўнай філармонііУладзімір Буднік — постаць надзвычай адметная ў нашым музычным свеце. Нарадзіўся ён у 1949 годзе ў Жыткавічах, што на Гомельшчыне. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класу кампазіцыі. Музычнае мастацтва стала сэнсам яго жыцця. Найбольш поўна яго творчы талент праявіўся ў лірычных і патрыятычных песнях. Выразнасць мелодый, эмацыянальная непасрэднасць і нацыянальны каларыт надалі вядомасць яго баладам, паэмам, мініяцюрам. З 1977 года Уладзімір Буднік уваходзіў у Саюз кампазітараў рэспублікі. Ужо больш года прайшло, як абарвалася жыццё кампазітара, а ён жыве ў сваіх песнях, вядомых кожнаму беларусу.

У час праграмы, падрыхтаванай Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста нашай краіны прафесара Міхаіла Фінберга, песні Будніка выконвалі салісты заслужанага калектыву — народны артыст Беларусі Мікалай Скорыкаў, Ганна Благава, Юрый Вашчук, Таццяна Глазунова, Святлана Вежнавец, Галіна Грамовіч, Ларыса Грыбалёва, Алеся Дзяржавец, Дзмітрый Качароўскі, Дзяніс Ліс, Руслан Мусвідас, Саша Нема, Наталля Тамела.
— Уладзімір Буднік — майстар па-сапраўднаму нацыянальны, з уласным стаўленнем да жыцця, да рэчаіснасці, з тонкім яе пачуццём і творчым ўвасабленнем, — прызнаўся карэспандэнту “НГ” маэстра Фінберг. — Калі слухаеш яго музыку, падаецца, што спявае сама Беларусь. Нават калі кампазітар распрацоўвае сюжэты, наўпрост не звязаныя з роднай зямлёю, ён усё роўна марыць пра яе і застаецца ёй адданым. Прэм’еры многіх яго песень былі падрыхтаваны артыстамі менавіта нашага калектыву. Яго творы “Пах чабаровы”, “Палессе”, “Янка Купала” і многія іншыя ўваходзяць у залатую песенную калекцыю Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter