Майстар Ламака

I  дом  збудаваць,  i  кош  сплесцi,  i  рыфму  знайсцi,  i пчол  развесцi  —  усё  ўмее  гэты  цiкавы  чалавек

I  дом  збудаваць,  i  кош  сплесцi,  i  рыфму  знайсцi,  i пчол  развесцi    усё  ўмее  гэты  цiкавы  чалавек 

Ён зайшоў у кабiнет, i, здалося, стала неяк святлей – цi то ад яго сцiплай усмешкi, цi то ад кошыка з бялюткiх лазовых пруцiкаў, якi ён трымаў, як ляльку, у сваiх агромнiстых далонях. У  цудоўных узорах кошыка, здавалася, увачавiдкi праглядвалi малюнкi роднай прыроды. 

— Гэта вам, — ён падаў жанчыне свой рукатворны цуд. Тая, зачырванеўшыся,  усмiхнулася: 

— Дзякуй,  Андрэевiч, але ж такi шэдэўр, пэўна, дорага каштуе… 

— Як для вас, дык за ўсмешку, — галантна пакланiўся майстар, i, гледзячы на яго маладжавы твар i ўпэўненыя рухi, нiяк не верылася, што чалавеку ўжо восьмы дзесятак, што  за яго плячамi – доўгае, насычанае нялёгкай працай i  бясконцымi клопатамi жыццё… 

Менавiта з кошыка i пачалася наша гутарка. Адкуль жа яго ўменне плесцi кашы ды iншыя рэчы? 

— Ад бацькi Андрэя Радзiвона-вiча, — сказаў Ламака. – Во гэта быў майстар! Да таго ж легендарная асоба. Седзячы за рулём браневiка, сустракаў на Фiнляндскiм вакзале самога Ленiна. Удзельнiчаў  у штурме Зiмняга. У трыццатыя гады прыгнаў у сваю вёску першы «Фардзон». Ды як не загрымеў у Сiбiр, бо заможным быў селянiнам. Даехаў да губернi, але даказаў: не, не кулак ён — не таго роду-племенi! Сям’я была вялiкая, працавiтая. Давялося дзялiць гаспадарку… А ў Вялiкую Айчынную дайшоў аж да Берлiна i, кажуць, пакiнуў там на рэйхстагу свой подпiс… Пасля вайны зноў быў трактарыстам,  а затым брыгадзi-рам, старшынёй калгаса. Удзель-нiчаў у выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркi. Стаў заслужаным калгаснiкам! Пражыў 89 гадоў. Ды i мацi Алена Ларыёнаўна была яму да пары — спраўная  гаспадынька! 

Пра бацькоў Аляксандр Андрэевiч расказвае ахвотна. А пра сябе – вельмi скупа, як быццам саромеючыся. А распавесцi ёсць пра што: будаўнiк ад Бога. Глянеш на яго “церамок” у  вёсцы Паздзеркi, што збудаваў сваiмi рукамi, – залюбуешся. А якiя ўзоры на верандзе, балкончыку — тонкiя, далiкатныя, без перабольшання – мастацкiя.  

— Дык вы яшчэ i разьбяр! – здзiўляюся, разглядваючы здымак, на якiм гаспадар  з жонкай Нiнай Мiхайлаўнай сфатаграфаваны на лавачцы каля свайго “церамка”. — Як жа, цiкава, ствараўся такi цуд? 

— Вельмi проста, — разводзiць рукамi майстар. – Лобзiк, разец ды пласкагубцы — вось i ўвесь iнструмент. А яшчэ — кропелька ўмення ды  цярпення… 

— А адкуль такiя чароўныя ўзоры? 

 — Прыглядаюся, замалёўваю. Неяк пабываў нават у славутым Плёсе, што ў Iванаўскай вобласцi. Спецыяльна! Во дзе сапраўдныя мастакi! Цэлы альбом малюнкаў з узорамi прывёз… 

Маляваць Аляксандр Ламака любiў з дзяцiнства. Паступаў на архiтэктурнае аддзяленне ў полiтэхнiчны iнстытут. Былi ў яго круглыя пяцёркi, адна толькi чацвёрка — якраз па малюнку. Параiлi хлопцу iсцi на будаўнiчы факультэт… Так знянацку i стаў будаўнiком.  Прайшоў усе  працоўныя ступенi: майстар, прараб, начальнiк будупраўлення. Завочна скончыў нархоз, стаў  iнжыне-рам-эканамiстам. 

А тым часам у краiне, той, яшчэ вялiкай, якраз  разгортвалася чарговая “будоўля веку” – асваенне Нечарназем’я. Аляксандра Ламаку накiроўваюць начальнiкам ПМК на будаўнiцтва саўгаса “Беларускi”. Узводзiлi пасёлак, жывёлаводчы комплекс, майстэрнi. Працавалi вахтавым метадам, прайшоў месяц i – дахаты… Аляксандр Андрэевiч прапанаваў трохгадовы тэрмiн “вахты”, але з адной умовай: у якасцi ўзнагароды — кватэра па месцы пастаяннага жыхарства… Хуткiмi тэмпамi рос пасёлак на Пскоўшчыне, а дома будаўнiкоў чакала добраўпарадкаванае жыллё… Так i Аляксандр Ламака атрымаў у Мiнску, у Серабранцы, аднапакаёўку на траiх: на сябе, жонку ды старэнькую цешчу… 

Вярнуўшыся з Пскоўшчыны, Аляксандр Ламака не застаўся без справы. Яго накiравалi дырэктарам завода па перапрацоўцы рапсу. Прадпрыемства тады толькi-толькi пачынала будавацца.  Тут ён адпрацаваў, як кажуць, ад званка да званка, пакуль не ўвялi ў строй  ААТ “Рапс”. Яго працаўнiкi шчыра ўдзячны  будаўнiкам i перш за ўсё —  iх кiраўнiку Аляксандру Ламаку. 

А сам ён час ад часу згадвае сваё Нечарназем’е… У памяцi Аляксандра Андрэевiча паўстаюць пушкiнскiя мясцiны. Тады на Пскоўшчыне ён не прапусцiў нi аднаго Пушкiнскага свята. Збягаў з натоўпу зявак i падоўгу любаваўся дубам ля Лукамор’я,  яловай алеяй, на поўныя грудзi дыхаў паветрам Трыгорскага, дзе паэт адпачываў душой… 

Сам  Аляксандр Андрэевiч нераўнадушны да паэзii. Хоць i не лiчыць сябе лiтаратарам, але самыя важныя падзеi ў сваiм жыццi i ў жыццi сваiх блiзкiх i аднавяскоўцаў iмкнецца адлюстраваць у вершаваных радках. I хiба не кране чытача такое, да прыкладу, прызнанне: 

Край ты мой чароўны, любая радзiма, 

Тут мая матуля песцiла мяне. 

Тут правёў я леты, тут прайшлi i зiмы, 

Першае каханне ў дальняй той вясне… 

Вершы Аляксандра Ламакi шчырыя, i хоць часам iм нестае паэтычнага глянцу,  але ж гэта кампенсуецца непасрэднасцю i  нейкай асаблiвай цеплынёй, якой пранiзаны кожны радок. А яшчэ – светлымi пачуццямi да роднай Беларусi, не паказной, а сапраўднай патрыятычнасцю. У сваiх “Жыццёвых назiраннях” аўтар вобразна расказвае пра гiсторыю свайго роду, задзi-рыста прапясочвае лайдакоў, п’янiц, дэмагогаў, тых, хто як перакацi-поле гайсае па свеце ў пошуку лёгкага жыцця.

Едуць у замежжа – хочуць iншай долi, 

Думаюць, што дзесьцi адшукаюць рай. 

Толькi таго раю не знайсцi нiколi. 

Вечна будзе снiцца iм радзiмы край… 

У апошнюю нашу сустрэчу мы доўга гаварылi не толькi пра паэзiю, але i пра iншыя захап-леннi Аляксандра  Андрэевiча. Са шчырай замiлаванасцю расказваў ён пра сваю “пчалiную адысею” – любоў да гэтых загадкавых разумных iстот ён, пэўна, таксама пераняў у свайго руплiвага бацькi… 

А яшчэ ў гутарцы не раз звярталiся да спартыўнай тэмы. У студэнцкiя гады Аляксандр захапляўся дзесяцiбор’ем: бегаў, плаваў, штурхаў ядро… I ростам, i фiгурай, i здароўем – вылiты чэмпiён… Ды  не атрымалася iм стаць. Здарылася няшчасце: моцна разбiўся, спатыкнуўшыся на бар`ернай дарожцы. Давялося ўзяць акадэмiчны водпуск… 

Згадваючы маладыя гады, Аляксандр Андрэевiч услых разважаў: “Няправiльна, мабыць, жыў. Трэба было займацца чымсьцi адным, я ж за ўсё хапаўся, распыляўся, дарэмна сiлы губляў…” Я слухаў умудронага жыццём ветэрана i думаў: а цi трэба караць-папракаць самога сябе, шаноўны Аляксандр Андрэевiч, за свае пошукi, кiданнi цi шараханнi. Пэўна, гэта i ёсць тая самая дарога да сябе, пра якую так часта згадваюць пiсьменнiкi. Дарога, якая заўсёды прыводзiць да людзей. I яны са шчырай удзячнасцю вам гавораць: дзякуй, добры чалавек –  будаўнiк, майстар, паэт! 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter