Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Арт-цэнтры Марка Роткі ў латвійскім Даўгаўпілсе ўпершыню адкрылася персанальная выстава беларускага мастака: дэманструюцца карціны Аляксея Кузьміча

Майстар і мадонны

У газеце “Голас Радзімы” цікава расказваў пра ўнікальнага творцу ягоны сябар, брат па духу, вядомы пісьменнік Уладзімір Ліпскі (“Акрылены Мадоннамі” — ГР, 11.06.2015). Вось натхнёныя радкі з таго тэксту: “Я заўсёды радаваўся шчыра за брата па духу, што ён верны сваёй тэме, свайму мастацкаму почырку і густу, верны сваёй Мадонне і сваёй сям’і, хвалебна працягвае свой род, які каранямі — у глыбінях далёкай даўніны, чэрпае жыватворную сілу ад знакамітых продкаў. Мастак багаты душой і ўзвышаны шчодрай любоўю тысяч сваіх прыхільнікаў. Аляксей Кузьміч шмат гадоў пісаў дзённікі, адкрыта і шчыра спавядаўся перад сваім сумленнем, сваёй Мадоннай, прызнаваўся ў любові да сваёй радзімы-Беларусі. Яго мастацкія палотны і літаратурная споведзь даўно просяцца ў адметны музей — Галерэю Мадоннаў Аляксея Кузьміча. Гэта была запаветная мара мастака”. Дарэчы, праект, рэалізаваны ў Даўгаўпілсе, называецца:“Храм Мадонны”.

Сустрэча з мадоннамі Аляксея Кузьміча

Аматары жывапісу на вернісажы 11 жніўня ў Даўгаўпілсе даведаліся, што Аляксей Кузьміч (1945-2013) — родам з Палесся: з вёскі Махро Іванаўскага раёна Брэстчыны. У 1962-м пасля дзевяці класаў падаўся ў свет, у далёкі сібірскі Краснаярск, дзе закончыў Мастацкае вучылішча імя Сурыкава. Пасля службы ў войску вярнуўся ў Беларусь (1968), з часам закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1975). Яму найбольш падабалася пісаць партрэты, а таксама тэматычныя карціны, прычым галоўнай гераіняй жывапісу Аляксея Кузьміча заўсёды была Жанчына. Стварыў больш за тысячу карцін на тэму Мадонны і прызначэння жанчыны-маці. На такі ўзвышаны вобраз мастака натхняла ягоная жонка. За сваё жыццё майстар стварыў больш за тысячу карцін на тэму Мадонны. Гэта — абсалютны рэкорд у сусветным мастацтве. Яго імя ўнесена ў кнігу рэкордаў Расіі, краін СНД і Балтыі “Диво”.

Цяпер у роднай вёсцы майстра ёсць Карцінная галерэя Аляксея Кузьміча — гэта філіял раённага музейнага комплекса Напалеона Орды. Імя творцы набывае ўсё большую папулярнасць у свеце, пра яго зняты фільмы, выдадзены кнігі, каталогі, а выставы праходзілі ў ЗША, Кітаі, Францыі, Італіі, Германіі, Эстоніі, Латвіі. Летась карціны Аляксея Кузьміча ўбачылі жыхары і госці Рыгі: дзякуючы падтрымцы Беларускага інфармацыйнага цэнтра (дырэктар Уладзіслаў Рэдзькін). А сёлета “Храм Мадонны” аснаваўся ў Даўгаўпілсе — дзякуючы Арт-цэнтру Марка Роткі пры садзеянні Цэнтра беларускай культуры. Праект прадстаўляў сын мастака, Аляксей Кузьміч-малодшы. На адкрыцці выставы ён падарыў галерэі кнігу пра славутага бацьку, над якой працаваў два гады: са словамі падзякі ўручыў дырэктару Арт-цэнтра Аляксею Бурунову.
Аляксей, сын мастака, выступае на адкрыцці выставы

Сімвалічна, што выстава “Храм Мадонны” (дэманструецца 13 карцін) адкрылася напярэдадні вялікага свята ў Латвіі: дня Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі. Аляксей Кузьміч маляваў Панну Марыю з немаўлём на руках, маляваў прападобную Еўфрасінню Полацкую — гэтыя святыя ахоўваюць зямлю Латвіі ды Беларусі. Выстава ўмацоўвае сяброўскія стасункі паміж дзвюма краінамі. Пра тое казалі кіраўніца даўгаўпілскага Упраўлення культуры Элеанора Кляшчынская, Генеральны консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Уладзімір Клімаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры (ЦБК) Жанна Раманоўская. Адкрыццё выставы ўпрыгожыла выступленне вакальнага ансамбля ЦБК “Пралескі”.

Важнасць падзеі яшчэ і ў тым, што Аляксей Кузьміч — першы з мастакоў Беларусі, персанальна прадстаўлены ў Арт-цэнтры імя вядомага мастака Марка Роткі. Раней у ім дэманстраваліся толькі палотны Марка Шагала. Дарэчы, мала хто ведае: карані Марка Роткі цесна звязаныя з Беларуссю. Ягоны бацька Якаў Ратковіч быў родам з вёскі Міхалішкі (цяпер аграгарадок у Астравецкім раёне Гродзеншчыны). У Міхалішках жылі пасля вяселля бацькі Марка, нарадзіліся яго старэйшыя брат і сястра, пакуль сям’я не з’ехала ў Дзвінск-Даўгаўпілс. Дзякуючы дзецям Марка Роткі ў тым ліку і ў Даўгаўпілсе ёсць культурны цэнтр яго імя. А дзякуючы дзецям Аляксея Кузьміча творчасць яго адкрывае для сябе Еўропа. І гэта — добрая традыцыя, калі нашчадкі беражліва захоўваюць мастацкую спадчыну сваіх бацькоў.

Вось такія глыбокія, сімвалічныя сувязі традыцый, часоў, пакаленняў, суседніх народаў і адметных талентаў дэманструе “Храм Мадонны” ў Даўгаўпілсе. Наведаць яго ў горадзе можна да 10 верасня.

г. Даўгаўпілс

Ад рэдакцыі. У пісьме ў рэдакцыю Аляксей Кузьміч-малодшы сярод партнёраў праекта, дзякуючы якім зладжана выстава “Храм Мадонны” ў Даўгаўпілсе, згадвае яшчэ тамтэйшую беларускую суполку “Уздым”, а таксама нашу супляменніцу з Рыгі Маргарыту Гомзелеву і яе Агенцтва “MVK Sity Pro”.

Голас Радзімы № 33 (3537), чацвер, 31 жніўня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter