Ігар Парыч адмовіўся ад вялікіх заробкаў на чужыне і заняўся жывёлагадоўляй у эксбазе «Глуск»

"Маё сумленне ў асноўным кантралюе мой працоўны дзень"

Менавіта асабістае шчасце натхніла Ігара Парыча адказацца ад вялікіх заробкаў на чужыне і заняцца жывёлагадоўляй на Бацькаўшчыне — у эксбазе «Глуск»
Менавіта асабістае шчасце натхніла Ігара Парыча адказацца ад вялікіх заробкаў
на чужыне і заняцца жывёлагадоўляй на Бацькаўшчыне — у эксбазе «Глуск».


Рана асірацелы вясковы хлопчык Ігар ПАРЫЧ марыў пра сваю сям’ю. Пасля васьмігодкі закончыў Буйніцкае прафтэхвучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, адслужыў у арміі, вярнуўся ў родныя мясціны, стаў працаваць. Потым загарэўся рамантыкай. Падаўся на курсы бурыльшчыкаў у Рэчыцы і пасля заканчэння іх адправіўся ў таёжны сібірскі край нафтавікоў, дзе меў высокія заробкі. Працаваў вахтавым метадам і часта лятаў самалётам да Кіева, адтуль па шляху да роднага Глуска заязджаў да чарнігаўскіх родзічаў. Шчодра радню адорваў падарункамі. Багатага жаніха пазнаёмілі з украінскай маладзіцай Галяй, у якой падрастаў Яўгенка. З чарговай пабыўкі да родзічаў вярнуўся ў Новы Урангой з жонкай і яе сыночкам. Якраз падышла чарга на атрыманне кватэры. Але нядоўгім быў гэты шлюб. Разышліся прыстойна. Пакінуў ім кватэру і ўсё, што нажылі разам на Поўначы. Вярнуўся на Бацькаўшчыну. Дзясяты год Ігар Іванавіч даглядае цялят на жывёлагадоўчай ферме Бабірова адкрытага акцыянернага таварыства «Эксперыментальная база «Глуск». І іншага занятку не жадае. Лідзіруе ў спаборніцтве аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы гаспадарак Магілёўскай вобласці.


Сваё жыццё саракагадовы Ігар Парыч падзяляе на дзве часткі, паміж якімі назаўсёды засталася ў памяці страта маці. У той сонечны майскі дзень у школе адзначалі свята піянерскай арганізацыі. Ігар разам з сястрычкай Жаннай прыгожа апрануліся і з раніцы адправіліся ў школу. Маці са старэйшай дачкой Нінай яшчэ на досвітку павезлі ў Бабруйск на базар маленькіх парасятак. Многія аднавяскоўцы вырошчвалі іх на продаж. Заўзята працавалі бацькі Ігара ў калгасе, мелі добрыя заробкі. У пяцьдзясят гадоў маці атрымала максімальную пенсію ў 120 рублёў, і яшчэ дзяржава даплачвала штомесячна 25 рублёў за статус маці-гераіні. Таму і на пенсію Вольга Сцяпанаўна пайшла на пяць гадоў раней тэрміну. Атрымала ганаровае званне заслужаны калгаснік. І бацька Іван Сцяпанавіч заслужыў такую пашану. Аддалі замуж старэйшую дачку Ніну, а чацвёра малодшых дзяцей падрасталі, дапамагалі па гаспадарцы. Самаму меншаму Ігару ішоў чатырнаццаты год, калі на тым школьным свяце яго аглушыла вестка, што па дарозе на бабруйскі кірмаш ад сардэчнага прыступу памерла маці, якую ён так любіў.


Асірацелага падлетка забрала да сябе старэйшая сястра Ніна. Дзяржава выплачвала Ігару пенсію. Бацька Іван Сцяпанавіч пайшоў у прымы да адзінокай немаладой жанчыны. Зваў з сабою і сына, але ён пажадаў жыць у сястры.


Пасля вяртання з Сібіры ў Глуску пазнаёміўся з медсястрой Верай, у якой падрастала трое дзяцей. Паступова наладжваў адносіны з двума сынамі і дачкой Веры Андрэеўны. Так і застаўся для іх дзядзькам Ігарам. Усім траім ужо справілі вяселлі. Малодшаму Дзянісу пакінулі гарадскую кватэру, а самі перабраліся ў бацькоўскую хату Веры Андрэеўны, што ў адміраючай вёсачцы Горнае. Сямнаццаты год іх сямейнаму саюзу. Пасля пераезду ў Горнае разам сталі даглядаць калгасных цялят на жывёлагадоўчай ферме «Бабірова». Без выхадных і адпачынкаў двойчы ў дзень па чатыры кіламетры адмервалі ад дому да фермы. Завялі сваю гаспадарку. Купілі карову, свіней, курэй. Дзеці часта наведваюцца, дапамагаюць ўправіцца з агародам. Любяць бываць у гэтым ціхім куточку ўнукі, якія Ігара Іванавіча пяшчотна называюць дзядуляй. Кранае душу іх дзіцячая непасрэднасць. Пяты год ужо гаспадыня на пенсіі. А Ігар Іванавіч па-ранейшаму на золку, калі яшчэ ўсё наваколле спіць, запрагае буланую кабылку Лысуху і кіруецца знаёмым шляхам на ферму, дзе чакае яго амаль сотня гадаванцаў.


– Цяляткi ў маёй групе ўзросту ад трох месяцаў і большыя, — пачынае свой расповяд Ігар Парыч. — Да кожнага ў мяне асабісты падыход. Як толькі заходжу ў памяшканне, вачанятамі ўставяцца і так вітаюць мяне. Я ж для іх і тата, і маці. Меншым больш далікатнага корму даю. А большыя не такія ўжо пераборлівыя да фуражу. Корму ўсім хапае, але важна так накарміць, каб папраўляліся спраўна. 


— Вы лідзіруеце ў вобласці па прывагах. Як гэта ўдаецца?


— Нават не задумваўся ніколі. Кармлю ўдосталь па рацыёнах, што распрацоўвае галоўны заатэхнік. Важна, каб кармы былі якасныя і добры дагляд. Каб цяляткі стаялі ў чыстых клетках, дзе суха падсцелена. Саломы не шкадую. Па два разы на дзень прыбіраю памяшканне.


— Ігар Іванавіч, што вас натхніла пасля сямі гадоў нафтаразведкі і вялікіх заробкаў стаць жывёлаводам?


— Вы не паверыце — асабістае шчасце, якога так мне не хапала з самага дзяцінства, калі асірацеў. Сямнаццаць гадоў мы з Верай Андрэеўнай разам. Выраслі дзеці, якія для мяне сталі роднымі. Унукі прыязджаюць і кідаюцца да мяне. Гэта вельмі кранае душу. Раніцай на крылах лячу на ферму, дзе цяляткі чакаюць, а ўвечары стомлены вяртаюся дамоў, дзе мне цёпла і ўтульна. Калі мы сюды перабраліся з Глуска, я спачатку замяняў пастуха Аляксандра Пуцяту. Стараўся пасці статак, але не атрымлівалася. Перайшоў у суседні калгас «Завалочыцы», там год даглядаў дойных кароў, а летам іх пасвіў. У бабіроўскім калгасе імя Кірава памяняўся старшыня. Пагутарыў са мною, і я вярнуўся на ферму. Выдзелілі мне два кані. Вывозіў гной з памяшканняў, падвозіў кармы. Тут механізацыі ніякай дагэтуль няма. А калі цялятніца Тамара Малашук пайшла на пенсію, мы з жонкай узяліся даглядаць яе групу цялят. Ферму ўзначаліў Міхаіл Стральчэня, які ўвесь дзень з намі побач, усяляк дапамагае. 


— Вялікая група цялят дасталася вам?


— Спачатку было 130 галоў, а потым даглядалі і больш як па 200 цялят. Ледзьве размясцілі ў памяшканні. Усіх трэба пачысціць, накарміць па некалькі разоў у дзень. Рукі адрываюцца ад саракакілаграмовых бідонаў з малаком. Добра, што канём дамоў дабіраюся, бо пад вечар ледзьве ногі перастаўляеш пасля працы. Зімою, калі завеі, больш складана даводзіцца. Праз сумёты конь ледзьве пераступае. Круглы год у чатыры гадзіны раніцы я ўжо на нагах. Яшчэ і трэція пеўні не спяваюць, а я ўжо на ферме. Меншым цялятам рыхтую цёплае пойла і камбікорм, сена крыху падкіну. Па 20 і болей бідонаў трэба ад кармацэха да цялятніка перавезці па некалькі разоў у дзень. Калі разам з жонкай працавалі, лягчэй было ўдваіх. Гадоў пяць ужо адзін цягаю бідоны. Натомішся — белы свет не мілы. Але прыедзеш дамоў, адпачнеш — і быццам не было стомы. 


— На вуліцу цялятак круглы год выпускаеце?


— У летнюю спякоту яны не хочуць ісці на сонца, а так пастаянна апетыт нагульваюць.


— І якія вынікі ад такога апетыту?


— Сутачныя прывагі ў сярэднім у маёй групе перавышаюць 800 грамаў. Гэта адзін з лепшых вынікаў на Магілёўшчыне. 


— І не толькі таму, што кармоў удосталь?


— Безумоўна. Поспех залежыць ад самых розных дробязяў. Галоўнае, каб было якаснае сена. Бывае, што вясною яго ўжо не хапае.


— Тады ў ход ідзе, напэўна, салома.


— Да гэтага не даходзіць. Прывозяць сена з іншых ферм. Іх у нашай гаспадарцы яшчэ нядаўна было дзесяць. Зараз пасля ўзбуйнення засталося сем. Дзве тысячы з паловай галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца ў гаспадарцы. Найбольшая колькасць на нашай ферме «Бабірова». Толькі дойных кароў 350 і амаль столькі ж іншага пагалоўя. Першынствуем у гаспадарцы як па прывагах, так і па надоях. Людзі працавітыя ў нашым калектыве. Раней склад з камбікармамі быў побач, а пасля далучэння калгаса імя Кірава да эксперыментальнай базы «Глуск» пад склад вызначылі будынак на былым машынна-трактарным двары, за кіламетр ад фермы. Цягаем адтуль кармы. Добра, што коні цягавітыя.


— Трактарамі не перавозіце?


— Кабылка спраўная ў мяне. Пастаўлю, дзе зручней, як каменная чакае. Нават не цугляю. Спачатку не заўжды каманды слухала, а потым прызвычаіўся, і яна да мяне. Я кабылку ніколі не сцябаю, нават не крычу, і яна маё цяпло адчувае. Конь на вёсцы ў любыя часы патрэбен. Не ўсё ж трактарам ці аўтамашынай перавозіць ці араць. 


— На вашу ферму звозяць цялятак з усёй гаспадаркі?


— Маю групу нядаўна папоўнілі большымі гадаванцамі з фермы «Сельцы», а маіх меншых туды перавялі. Там ёсць штучная маці і па камп’ютары маленькіх кормяць.


— Да якога перыяду тут утрымліваецца маладняк?


— Да здачы на мясакамбінат.


— Пасля здачы асноўнай групы корм- нікаў можна крыху і адпачыць?


— Адпачываю паміж працай. Круглы год стойлы запоўнены. Калі мяне запрашалі ў раён на падвядзенне вынікаў спаборніцтва жывёлаводаў, там доўга не ўседзеў. Увечары быў ужо на ферме і нават адчуў, што цяляты абрадаваліся майму прыходу. Мяне ўзнагародзілі грашовай прэміяй, маю фотакартку памясцілі на раённай Дошцы гонару. Разам з загадчыкам нашай фермы Міхаілам Стральчэняй, пастухом Дзянісам Аднамахам і іншымі перадавікамі гаспадарак раёна ездзілі летам на рэспубліканскае свята «Купалле» ў Александрыю. Уражанне даволі прыемнае. На ферме ўсім расказваў пра канцэрт беларускіх зорак эстрады.


— Ці часта да вас завітвае кіраўніцтва гаспадаркі?


— Дырэктар Леанід Грамыка пастаянна цікавіцца не толькі вытворчымі справамі, але і сямейнымі. Гутарыць з намі пра ўмовы працы і дзеліцца перспектывамі. Зараз у нас узводзіцца новая жывёлагадоўчая ферма на 600 галоў з самым сучасным абсталяваннем. Дойдзе чарга і да нашай фермы, і яна будзе пераабсталявана. А пакуль працуем так, як даводзіцца. Гэтыя жывёлагадоўчыя памяшканні будаваліся 30 гадоў таму. Летам жывёлу вельмі даконвалі мухі. Увосень здаравей, і прывагі лепшыя.


— Хто кантралюе ваш працоўны дзень?


— У асноўным — маё сумленне. Я не кан- фліктны. Загадчык фермы, кіраўніцтва гаспадаркі да мяне добразычліва ставяцца, і я гэта цаню. Магу прыехаць на ферму і крыху пазней, але ніхто за мяне справу не зробіць. Трымаю пастаянна парадак і чысціню ў памяшканнях. 


— А калі што здараецца з цялятамі, як паступаеце?


— Калі неабходна экстрэнная ветэрынарная дапамога, аператыўна інфармую загадчыка фермы, і ён выклікае ветурача. Разам ратуем жывёлу. 


— Круглы год вы на ферме. Няўжо няма вольнага часу, каб адпачыць?


— Маю права на адпачынак і выхадныя, але імі не карыстаюся. Для мяне ферма, як паветра для дыхання. І свая гаспадарка патрабуе клопату. З жонкай упраўляемся. То дровы нарыхтоўваем на зіму, вось ужо і бульбу пачалі капаць. Спраў хапае, толькі паспявай. Парасят трымаем, куры па падворку топчуцца. За ўсім патрэбен догляд. І ўсё гэта ўдвайне радасць, калі ёсць з кім яе дзяліць. Мне так усё жыццё не хапала сямейнага спакою. Два дзясяткі жыхароў у нашай вёсцы Горнае. Побач Асіповічы, Старыя Дарогі, Бабруйск і да Мінска за некалькі гадзін можна дабрацца. Там аселі нашы вяскоўцы. Дзеці кожныя выхадныя ў нас. Едуць, каб дапамагчы і з сабою ўзяць якіх прадуктаў. Кабанчыка аднаго гадуем для сябе, а другога — для дзяцяй, а потым і таго, што для нас, таксама адпраўляем ім. Старэйшы сын Андрэй купіў аўтамашыну і часцей прыязджае. Маем ужо семярых унукаў. Раней мяне называлі на вы, а цяпер на ты, бо ў нас з сынамі невялікая розніца ва ўзросце. А ўнукі клічуць дзядуляй. На душы прыемна ад такіх слоў.


— Ці ёсць з сямі самы любімы ўнучак?


— Андрэевы дзеці, а ў яго іх трое, больш да мяне хіляцца. Хлопчык Жэнька і дзяўчынка Даша, калі еду на кані дахаты, здалёк вітаюць і бягуць насустрач, каб падвёз. Даю лейцы, і канём кіруюць.


— А вашы родзічы наведваюць?


— Сястра Ніна, што некалі замяніла мне маці, з мужам Аляксандрам наведваюцца. Спачатку сястра вельмі за мяне турбавалася, а цяпер спакойная, што маё сямейнае жыццё наладзілася. З маёй жонкай яны сябруюць. У лістападзе паедзем да брата Івана на юбілей. Ён пасля выхаду на пенсію са Светлагорска пераехаў у вёску Акцябрскага раёна. Там усёй раднёй павіншуем яго і пабачымся. А ў канцы зімы і мая Вера Андрэеўна рыхтуецца адзначыць юбілей. Так што будзе нагода запрасіць родных і сяброў. 


— Хто ў вашай хаце за галоўнага кухара?


— Жонка смачней за мяне гатуе. Па яе рэцэпту катлеты са свежай свініны атрымліваюцца такія смачныя, што аж на падворку чуваць пах.


— Ігар Іванавіч, ваш самы шчаслівы дзень у жыцці?


— Цяжка прыгадаць. Шчасце ўсё мінала мяне. Радасць адчуў, калі ў Новым Урангоі ўручылі ключы ад кватэры. Не мог паверыць, што маю сваё жыллё. Па інтэрнатах доўга перакідаўся. А калі ўсё наладзілася з асабістым жыццём і працай, то гэта самае большае шчасце. Я рады, што на працы мяне паважаюць, што дома чакаюць. Хіба не прыемна, калі дырэктар гаспадаркі Леанід Грамыка прыехаў на ферму і запрасіў у раён, дзе я стаяў на сцэне і ў мой адрас гучалі цёплыя словы. У душы было светла ад пачуццяў, закіпала жаданне яшчэ лепш старацца. Чалавеку для шчасця многа не трэба.

Уладзімір СУБАТ


Фота аўтара


Глускі раён

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter