Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларусы ў паволжскім горадзе выступалі на сцэне гарадскога музейнага комплексу “Наследие” і пасадзілі там дрэўцы

Маёўка ў Тальяці

Шукаць новыя формы працы, знаходзіць новыя пляцоўкі для выступленняў — гэта, можна сказаць, стыль працы нашай беларускай суполкі “Нёман”. Аднадумцаў мы знайшлі і ў Музейным комплексе “Наследие”, які ўжо другі раз праводзіў разам з намі “Маёўку на Савецкай, 39”. Гэта свята вясны і працы, прымеркаванае да чарговай гадавіны пераносу на новае месца з тэрыторыі затаплення (на Волзе стваралася вадасховішча, будавалася вялікая ГЭС) першага стаўрапальскага дома — “Дома Старыкава”. З яго, уласна, і пачынаўся новы горад Тальяці. Надвор’е на гэты раз было сонечнае, і ўтульны дворык пры доме цалкам запоўніўся гасцямі.

Артысты “Купалінкі” на маёўцы

Як звычайна, прыйшлі на маёўку прад­стаў­нікі таварыства стаў­рапальчан, на чале з Нінай Саўкінай. Яна па­жадала ўсім: жыць у радасці, нягледзячы на тое, што часам у жыцці бываюць нечаканыя сюрпрызы. Шмат прыйшло дзяцей і моладзі: на канцэрт. Акрамя нашага гурта “Купалінка”, паўдзельнічалі ў ім і юныя чытальнікі Дар’я Кужаль і Сямён Карабанаў, студыя сучаснага эстраднага танца “Экспромт” — усе з Палаца творчасці дзяцей і моладзі Цэнтральнага раёна.

Маладыя прыгожыя твары, маляўнічыя строі, чароўныя напевы нашага — народнага! — ансамбля беларускай песні “Купалiнка” сталі ўпрыгажэннем канцэрта. Для нашых спевакоў гэта быў незабыўны дзень. Усе хацелі пасадзіць сваё дрэўца — на памяць, таму рыдлёўкі аж рвалі з рук адзін у аднаго. Жарты, смех... Юнакам і дзяўчатам надоўга запомніцца гэты дзень. Потым госці свята яшчэ высаджвалі дрэвы ў двары і побач з домам Старыкава. І старэйшыя спявалі пад акардэон любімыя песні сваёй маладосці. А пераможцы гістарычнай віктарыны пабывалі на бясплатнай экскурсіі па экспазіцыі “Стары ... новы горад: гісторыя аднаго дома”.

Госці маёўкі яшчэ доўга не разыходзіліся, была сяброўская бяседа ў чайнай альтанцы. Хораша і нам быць ва ўсім гэтым. Мяркуем, падобныя маёўкі будуць мець працяг.

Людміла Дзёміна, г. Тальяці

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter